Перагаворы з Беларуссю аб новай праграме прадоўжацца ў красавіку ў Вашынгтоне, заявіў у час прэс-брыфінгу ў сталіцы ЗША афіцыйны прадстаўнік МВФ Джэры Райс. Відэа брыфінгу апублікавана на сайце фонду, паведамляе БелТА.
“Абмеркаванні з беларускімі ўладамі наконт магчымай праграмы падтрымкі ад МВФ працягваюцца, 16 сакавіка адбылася сустрэча місіі фонду з Прэзідэнтам Беларусі ў Мінску па яго запрашэнні. Адным з абмеркаваных момантаў была эканамічная і сацыяльная сітуацыя, таксама абмяркоўвалася сістэма сацыяльнай абароны для тых, хто больш за ўсё мае ў ёй патрэбу. Абмеркаванні будуць прадоўжаны на вясенніх сустрэчах у Вашынгтоне ў красавіку”, — падкрэсліў Джэры Райс.
Мерапрыемствы вясенняй сесіі саветаў кіраўнікоў МВФ і групы Сусветнага банка пройдуць у Вашынгтоне 21—23 красавіка.
Супрацоўніцтва Беларусі з Міжнародным валютным фондам абмяркоўвалася 16 сакавіка на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком місіі МВФ па Беларусі Пітэрам Долманам.
Як паведамлялася, Беларусь імкнецца да таго, каб пачаць новую праграму супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам у першай палове 2017 года. Раней заяўлялася, што краіна разлічвае на прадастаўленне фондам $3,5 млрд.