Мы не сарвём кветку, каб паказаць дзецям яе прыгажосць

- 11:00Дашкольная адукацыя

“Пагаршэнне экалагічнай абстаноўкі — найбольш вострая праблема нашага часу. Клопат кожнага з нас аб захаванні прыроды сёння  — гэта клопат пра будучыню, пра дастойнае жыццё нашых дзяцей, — адзначае загадчык ясляў-сада № 20 Брэста Марына Анатольеўна Дзяцук.  — Работу па фарміраванні ў дашкольнікаў экалагічнай культуры наш дзіцячы сад апошнія пяць гадоў праводзіць у рамках навукова-даследчага праекта сумесна з кафедрай спецыяльных педагагічных дысцыплін сацыяльна-педагагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна і з яслямі-садам № 14 Брэста”.

Супрацоўнікі кафедры спецыяльных пе­дагагічных дысцыплін універсітэта пад кіраўніцтвам загадчыка Галіны Мікалаеўны Казаручык аказваюць кансультацыйную дапамогу педагогам дзіцячых садоў у арганізацыі вучэбна-метадычнай работы па тэме праекта. Ажыццяўляецца сумесная распрацоўка і апрабацыя вучэбна-метадычнай літаратуры, сродкаў навучання, наглядных сродкаў. На базе садоў арганізуюцца эксперыментальныя і навуковыя даследаванні студэнтаў і выкладчыкаў, сумесныя мерапрыемствы, укараняюцца вынікі інавацыйнай дзейнасці ў практыку навучання і выхавання дзяцей.

“У нашым дзіцячым садзе ўсяго шэсць груп, але тэрыторыя, на якой ён размешчаны, складае амаль адзін гектар. Мы ў поўнай меры выкарыстоўваем магчымасці, якія падарыла нам сама прырода, — гаворыць Марына Анатольеўна. — Пры ўдзеле Галіны Мікалаеўны Казаручык, загадчыка кафедры, кандыдата педагагічных навук, дацэнта, і Кацярыны Іванаўны Гук, метадыста вучэбна-метыдычнага кабінета Ленінскага раёна ­Брэста, мы правялі экалагізацыю развіццёвага асяроддзя ва ўстанове, стварылі адпаведную матэрыяльную базу, вызначылі эфектыўныя падыходы і методыкі па фарміраванні экалагічнай культуры ў дзяцей і павышэнні прафесійных кампетэнцый выхавальнікаў дашкольнай адукацыі”.

У кутках прыроды кожнай групы знахо­дзяцца хатнія расліны, якія рэкамендуюцца для вывучэння праграмай дашкольнай адукацыі, і прадметы для іх догляду. Дзеці запамінаюць алгарытм догляду раслін пры дапамозе наглядных дапаможнікаў, якія распрацоўваюць педагогі (метад нагляднага мадэлявання). Кожная расліна мае свой пашпарт, прадстаўлены ў выглядзе мнематабліцы з выявамі пра тое, колькі дадзенай расліне неабходна святла і прамых сонечных прамянёў, як яе трэба паліваць, рыхліць і г.д. Выконваючы згодна з прадметнымі малюнкамі пэўныя дзеянні, дзеці прагаворваюць іх уголас, што стымулюе развіццё іх маўлення.

У кожнай групе створана экалагічная бібліятэка, дзе сабраны кнігі аб прыродзе, дзіцячыя энцыклапедыі, перыядычныя выданні, альбомы з фотаздымкамі і паштоўкі. Знаёмячыся з інфармацыяй, дзеці сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту пакідаюць водзывы ў сваіх чытацкіх білетах у выглядзе смайлікаў, а таксама ствараюць малюнкі і вырабы па пэўнай тэме.

У працэсе даследчай дзейнасці ў міні-лабараторыях сваіх груп малышы вывучаюць уласцівасці вады, гліны, пяску, камянёў, дрэва. Тут ёсць мікраскопы, лупы, вагі, компасы, разнастайныя матэрыялы для эксперыментаў. Сёння шмат гульнявых дапаможнікаў і цацак, прызначаных, у тым ліку, для дзіцячага эксперыментавання, якія фарміруюць правільнае ўяўленне аб прадметах і аб’ектах даследавання.

“Галоўны прынцып работы з выхаванцамі заключаецца ў выкарыстанні бяспечнага і прыродаахоўнага матэрыялу. Прычым бяспечнага не толькі для дзяцей, але і для прыроды. Мы не будзем зрываць галінку дрэва або кветку, каб паказаць дзецям прыгажосць прыроды ці арганізаваць даследаванне, — адзначае Марына Анатольеўна. — Для гэтага мы прапануем ім прагуляцца па нашай экалагічнай сцяжыне, створанай калектывам сада і бацькамі выхаванцаў. Тут растуць яблыні, каштаны, язмін, ліпы, елкі, а таксама хмызнякі розных парод, фрагменты натуральных раслінных супольнасцей (зялёная аптэка, група раслін бесперапыннага цвіцення). На экасцяжыне ёсць куток некранутай прыроды, лясная палянка, метэапляцоўка, сенсорны сад, птушыная сталовая, бэзавая алея, кветкавая паляна, луг, штучны вадаём, куток для гульняў і агароды для кожнай групы сада”. 

Дзіця ходзіць па сцежцы з дарослым і дзякуючы яго пытанням-падказкам, прапанаваным гульнявым сітуацыям можа добра арыентавацца на ёй. Але задача ў тым, каб стымуляваць самастойную цікавасць і пазнавальную дзейнасць малыша праз стварэнне праблемных сітуацый, з якіх яму трэба шукаць выйсце. Складзены маршруты экалагічнай сцяжыны і планаванне яе аб’ектаў, карты-схемы. Сістэматызаваны і аформлены пашпарт аб’ектаў экасцяжыны, дыдактычныя матэрыялы ў адпаведнасці з планам работы. Гаспадар эка­сцяжыны — Калабок — аб’ёмны, прыгожы і лёгкі дэкаратыўны герой, які дапамагае дзецям праводзіць экскурсіі. Яму дапамагаюць розныя казачныя прадстаўнікі жывёльнага свету.

Распрацаваны метадычныя рэкамен­дацыі для педагогаў па выкарыстанні аб’ектаў сцяжыны для работы з выхаванцамі і даведнік для выхаванцаў, каб яны маглі правесці экскурсію па сцяжыне без дапамогі дарослага. Даведнік створаны для кожнага відавога пункта і ўключае апісанне знешняга выгляду расліны, яго складовых частак. Напрыклад, у апісанні суполкі “лес” прадстаўлена фота дадзенага ўчастка на тэрыторыі дзіцячага сада з дрэвамі і хмызнякамі, якія на ім знаходзяцца. Скла­дзены міні-алгарытм пра тое, якую ка­рысць прыносіць лес чалавеку, жывёлам і птушкам. У даведніку размешчана мнематабліца, з дапамогай якой дзіця можа раска­заць пра шкоду і ка­рысць, якія чалавек можа прынесці лесу. Аналагічны даведнік зроблены па птушках, якіх можна сустрэць у горадзе і на тэрыторыі ўстановы.

Працягласць  эка­сцяжыны вымяраецца не ў метрах, а часам, які можна на ёй правесці. Калі перад выхаванцамі пастаўлена задача, згодна з праграмным матэрыялам, параўнаць некалькі раслін (дрэва і куст), гэта можна зрабіць хутка. А калі, напрыклад, дзеці будуць разгля­даць сезонныя змены ў прыродзе, спатрэбіцца больш часу. Дзякуючы сістэмнай экалагічнай рабоце, выхаванцы добра арыентуюцца ў назвах раслін, ведаюць іх адметныя ўласцівасці, могуць паведаміць, з чаго складаецца відавая разнастайнасць раслін, што з імі адбываецца ў розныя поры года, што трэба раслінам для выжывання і г.д. У зносінах з прыродай у дзяцей хутчэй развіваецца маўленне, назапашваецца актыўны слоўнікавы запас, фарміруецца станоўчы эмацыянальны зарад. Асабліва гэта важна для выхаванцаў з цяжкімі парушэннямі маўлення.

Каб спрыяць станаўленню цэласнай карціны свету ў дзяцей дашкольнага ўзросту і асноў культуры прыродаахоўнага пазнання імі навакольнага свету, педагагічныя работнікі распрацавалі і вырабілі дыдактычны гульнявы дапаможнік “Маршрутамі экалагічнай сцежкі” на магнітным полі. Напрамкі, якія былі выбраны для работы з дзецьмі, — біяразнастайнасць, энергазберажэнне, водазберажэнне, інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы. На адным з палёў гульнявога дапаможніка прадстаўлена карта-схема размяшчэння дашкольнай установы ў мікрараёне города. Побач з дзіцячым садам размешчаны Брэсц­кая крэпасць, установа адукацыі, дамы, дзе жывуць выхаванцы, магазіны і аб’екты сацыяльнага абслугоўвання, паркі, чыгунка, вялікі мост і г.д. Гуляючы, выхаванцы могуць самі “правесці” ваду ў пэўны дом, пры гэтым зберагчы яе для раслін і птушак, прадумаць адказ на пытанне пра тое, як засцерагчы жыхароў мікрараёна ад дрэннага паветра, што ідзе ад чыгункі (выса­дзіць рад дрэў і кустоў) і г.д. Выхавальнікамі таксама распрацаваны шэраг экалагічных лэпбукаў.

З малышамі абмяркоўваюцца пытанні энергазберажэння і эканоміі прыродных рэсурсаў. Пры ўдзеле бацькоў выхаванцаў прахо­дзяць акцыі па захаванні вады і цяпла, пасадцы дрэў, падкормцы птушак зімой, ладзяцца конкурсы кармушак, шпакоўняў і сінічнікаў. Галоўная мэта — выхаваць усебакова развітое дзіця, якое бу­дзе разумець, што яно павінна берагчы, захоўваць і прымнажаць прыродныя багацці. У дапамогу педагагічным работнікам выпушчаны метадычны зборнік “Па маршрутах экалагічнай сцежкі”. У зборнік уключаны перспектыўныя планы работы з дашкольнікамі на найбольш значных і маляўнічых пунктах экалагічнай сцяжыны.

У працэсе работы над праектам педагогі ясляў-сада № 20 Брэста абагульнілі вопыт па тэмах “Даследчая дзейнасць як сродак развіцця актыўнага маўлення ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту” (выхавальніца А.Я.Гуцэвіч), “Фарміраванне асноў экалагічнай культуры ў дзяцей малодшага і сярэдняга дашкольнага ўзросту з дапамогай экалагічнай сцяжыны і дыдактычных гульняў” (выхавальніца С.І.Алейнікава), “Экалагічнае выхаванне дзяцей дашкольнага ўзросту праз развіццё пазнавальнай цікавасці да прыроды роднага краю” (выхавальніца З.В.Грыговіч). Асноўнымі кірункамі даследаванняў студэнтаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна на базе ясляў-сада сталі даследаванні па наступных тэмах: “Азнаямленне дзяцей дашкольнага ўзросту з раслінным і жывёльным светам”, “Фарміраванне ўяўленняў пра ўзаемасувязі ў прыродзе”, “Развіццё эмацыянальна-каштоўнасных адносін да прыроды”.

У ходзе даследавання ў рамках экалагічнага праекта педагогі абменьваюцца напрацоўкамі з калегамі з ясляў-сада № 14 Брэста, разам слухаюць лекцыі выкладчыкаў універсітэта, абмяркоўваюць распрацоўку метадычных рэкамендацый па рабоце з экасцяжынай для кожнай узроставай групы, распрацоўваюць перспектыўнае планаванне па фарміраванні экалагічнай культуры дашкольнікаў, праводзяць маніторынг прадметна-развіццёвага асяроддзя і метадычнага суправаджэння і г.д. У маі 2021 года работа па праекце завершыцца, бу­дзе складзены экалагічны пашпарт дашкольнай установы, але дзейнасць у гэтым кірунку працягнецца.

“Сучасную ўстанову адукацыі ўжо немагчыма ўявіць без удзелу ў конкурсах, рэалізацыі актуальных адукацыйных праектаў, інавацый і эксперыментаў, — гаворыць Марына Анатольеўна. — Дзейнасць нашай установы не раз была адзначана прызавымі месцамі. У ліку апошніх дасягненняў — 1-е месца ў абласным аглядзе-конкурсе па навядзенні парадку і азеляненні школьных тэрыторый “Больш цудоўнай стане Брэстчына мая” ў намінацыі “Азеляненне ўстаноў дашкольнай адукацыі” і 1-е месца ў намінацыі “Кветкі вясны”. За кожнай узнагародай — велізарная праца ўсяго калектыву — супрацоўнікаў сада, выхаванцаў і іх бацькоў.

З бягучага навучальнага года распачата работа па рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта па тэме “Апрабацыя методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры дзяцей дашкольнага ўзросту”. Наладжана супрацоўніцтва з гарадскім аддзелам МНС, працуе “група бяспекі” для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, у якой створана прадметна-развіццёвае асяроддзе для фарміравання ў дзяцей уяўленняў аб бяспечнай дзейнасці. Работу ў экалагічным кірунку плануем працягваць і ўдасканальваць за кошт інтэграцыі адукацыйных галін праграмы дашкольнай адукацыі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.