Мы — першыя!

- 10:54Актуально, Апошнія запісы

Завяршылася дэбютная змена Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка “Мы — першыя!”.
30 школьнікаў з усёй краіны вучыліся па напрамках “Зялёная хімія”, “Інфармацыйныя тэхналогіі” і “Робататэхніка”. 22 лютага яны сустрэліся з міністрам адукацыі, каб падзяліцца ўражаннямі, расказаць пра свае праекты і выказаць прапановы.

“Мы ўважліва назіралі за тым, як выбудоўваецца сістэма тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі ў нашых суседзяў, у першую чаргу — у Расійскай Федэрацыі. Паглядзелі, што ўяўляе сабой тэхнапарк “Сірыус” у Сочы, і выношвалі ідэю стварэння свайго тэхнапарка, — падзяліўся Ігар Васільевіч Карпенка. — У найбліжэйшы час мы плануем адкрыць новую базу. Там будуць лабараторны корпус, інтэрнат і агульнаадукацыйная школа. Усё знаходзіцца ў жылым комплексе “Магістр”. Можна было перанесці адкрыццё тэхнапарка ў сувязі з тым, што ідзе будаўніцтва, але мы вырашылі, што не будзем гэтага рабіць і адпрацуем пакуль тры праграмы навучання. Вы наўрад ці чагосьці недаатрымалі, таму што нашы вядучыя ВНУ (БДУ, БНТУ, БДУІР) на стадыі стварэння, фарміравання, развіцця і вызначэння зместу праграм былі актыўнымі ўдзельнікамі і ўвайшлі ў склад назіральнага савета”.

У будучыні тэхнапарк будзе пашырацца сам і пашыраць свае функцыі. З’явяцца апорныя пляцоўкі, якія дапамогуць праводзіць рэгіянальныя адборы, шукаць незвычайныя праекты і зацікаўленых вучняў. З развіццём матэрыяльна-тэхнічнай базы ў тэхнапарку ўвядуць гасцявыя наведванні шырокага кола школьнікаў. Яны змогуць прыехаць на пару дзён, убачыць лабараторыі, прайсці міні-праграмы, пратэсціравацца, зразумець, да чаго схільныя.

Першыя выпускнікі тэхнапарка свае праграмы максімум ужо прайшлі і па­дзяліліся на сустрэчы гатовымі праектамі. Мікіта Лугін, навучэнец 9 класа гімназіі № 75 Мінска імя Масленікава П.В., і Святлана Краўчанка, навучэнка 10 класа сярэдняй школы № 1 Горак, прадэманстравалі новую біяраскладальную ўпакоўку для чаю. У складзе сучасных чайных пакецікаў змяшчаецца поліпрапілен. Калі іх выкідаюць у сметніцу, яны становяцца прычынай назапашвання велізарнай колькасці пластыкавых адходаў, якія забруджваюц­ь навакольнае асяроддзе. Вучні стварылі чайны пакецік, які складаецца толькі з біяраскладальных матэрыялаў: полівінілавага спірту, метылцэлюлозы і дыацэтату цэлюлозы. Чай у такой упакоўцы для арганізма бяспечны, для экалогіі — не таксічны.

Расціслаў Шчуроўскі, навучэнец 10 кла­са гімназіі № 2 Салігорска, прэзентаваў сайт праекта Evosol (“Модульнасць у вымяральных прыборах”). Ён стварыў інфармацыйны вэб-рэсурс, які дазволіць эфектыўна ўзаемадзейнічаць з карыстальнікамі для продажу прадукцыі спецыялізаванага праграмнага забеспячэння, а таксама рэкламы самога праекта.

Алег Хайцын, навучэнец 9 класа Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 2, расказаў пра магчымасць аўтаматызацыі ўборкі ядзерных адходаў з дапамогай робата. “Думаю, гэтая тэма актуальная, таму што ў Беларусі з’явілася атамная электрастанцыя”, — гаворыць Алег. Задачай яго каманды было сабраць найбольш даступны варыянт аўтаматызаванага робата, захаваць бяспеку пры ўборцы адходаў і цалкам выключыць чалавека з гэтага працэсу. На цяперашні момант ёсць толькі адзін годны аналаг, праўда, ён не працуе аўтаномна. Робат Алега Хайцына і яго партнёра паслядоўна ўключае маторы і за кошт гэтага перамяшчаецца з месца на месца.

“Мы б хацелі, каб праекты, якія вы рэалізоўвалі ў дзіцячым тэхнапарку, не заставаліся па-за ўвагай. У нас прадугле­джана дыстанцыйнае суправаджэнне, але мы выдатна разумеем, што вам яшчэ трэба скончыць школу і атрымаць атэстат”, — сказаў Ігар Карпенка.

У канцы сустрэчы вучні падзяліліся ўражаннямі ад навучання па методыцы “Плюс, два плюсы”. Плюс — гэта рэчы, якія са­праўды спадабаліся. Два плюсы — тое, што трэба дапоўніць, чаго не хапіла. У першую катэгорыю трапілі вучэбныя лабараторыі, паход у аквапарк, музей, лазертаг, выкладчыкі, teamlead’ы. У другую — скарачэнне колькасці культурных мерапрыемстваў, больш разнастайнае меню і магчымасць хадзіць у спартыўную залу.

Другая змена дзіцячага тэхнапарка працягнецца з 1 па 24 сакавіка, трэцяя — з 5 па 28 красавіка.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.