“Мы робім тэатр”

- 11:28Выхаванне

“Тэатр можа быць і ў класе, і на вуліцы, і дома”, — старанна вымаўляючы гук “р”, разважае школьнік. Ён, як і яшчэ каля сотні вучняў, прыняў удзел у вочнай тэатральнай лабараторыі, якую правялі для іх расійскія акцёры і педагогі ў межах праекта “Праз тэатр”. Праект ужо чатыры сезоны збірае аматараў тэатра і тэатральнай педагогікі ў Расіі, а цяпер да калег далучыліся беларускія настаўнікі — дзесяць калектываў са школ і гімназій у розных куточках нашай краіны. Пакуль яны разважаюць пра ролю тэатра ў сваім жыцці, спасцігаюць азы акцёрскага майстэрства і толькі плануюць свой першы спектакль, але ўжо ў гэтым годзе іх чакае дэбют на сапраўднай сцэне.

Школьнікі будуюць дыялог. Кожная пара складае рэплікі аднаго акцёра.

Праект “Праз тэатр” пачаўся з ініцыятывы ўдзельніц праграмы “Настаўнік для Расіі” Марыі Паляковай, Насці Сатушавай і Наталлі Гарыст. Яны захацелі зладзіць невялікі фестываль, на якім вучні прэзентавалі б уласныя школьныя пастаноўкі.

— Мы хацелі працаваць з матывацыяй дзяцей, — расказала куратар праекта Марыя Палякова, якую ўдзельнікі майстар-класа хутка прывыклі па-свойску называць Марусяй. — Выбралі менавіта тэатр, бо ён усёабдымны: уключае і голас, і танец, і тэкст, і работу з ідэямі.

— Акрамя таго, ён усім знаёмы, — працягвае яе калега і адна з арганізатараў праекта Яна Суслава. — Мы накіраваны на правінцыяльныя школы, і калі ска­заць: “Зараз мы будзем займацца дзі­джытал-сторытэлінгам” — ніхто цябе не зразумее. Іншая справа сказаць: “Мы робім тэатр”.

Майстар-клас па акцёрскім майстэрстве.

Сама Яна першы фестываль бачыла з пункту гледжання не арганізатара, а ўдзельніка. Тады са сваімі вучнямі выступалі толькі педагогі праграмы “Настаўнік для Расіі”, але конкурс выклікаў цікавасць калег, і хутка стала зразумела, што яго варта рабіць адкрытым.

— Мы паставілі спектакль, як умелі, а пасля ўжо, на самім фестывалі, дзеці наведалі майстар-класы акцёраў і рэжысёраў, — узгадвае Яна. — Тады і заўважылі, што настаўнікам і вучням будзе карысная прафесійная падтрымка не толькі на самім фестывалі, а і на працягу ўсёй падрыхтоўкі. Сталі запрашаць на лабараторыі тых, хто займаецца тэатральнай педагогікай і тэатрам наогул.

Цяпер арганізатары імкнуцца стварыць умовы для настаўнікаў (у першую чаргу — з рэгіёнаў), якія хацелі б развіваць тэатральны рух у сваёй школе. Для іх з кастрычніка па красавік праводзяцца вочныя заняткі і вэбінары, для іх вучняў — лабараторыі і майстар-класы.

Удзельнікі майстар-класа складаюць запалкавыя пачкі. Перамаўляцца нельга.

У гэтым годзе да праекта ўпершыню далучыліся беларускія настаўнікі. Гэта стала магчымым дзякуючы падтрымцы кампаніі Vizor Games, якая ініцыіравала адбор удзельнікаў у Беларусі, а пасля дапамагла ім наведаць вочныя лабараторыі. Школы і гімназіі Мінска, Оршы, Лошніцы (Барысаўскі раён), Негарэлага (Дзяржынскі раён) спачатку накіравалі сваіх педагогаў на вочную лабараторыю для настаўнікаў у Маскве. Там яны вывучалі асновы драматургіі, сцэнічнага руху, работы з дэкарацыямі і святлом. Таксама педагогі наведалі тэатры і развівалі ўласныя глядацкія навыкі, абмяркоўваючы спектаклі і знаёмячыся з акцёрамі.

Наступны этап — творчая лабараторыя для школьнікаў, якая прайшла 18 студзеня ў гімназіі № 10 Мінска. Школьнікі — у­дзельнікі з розных гарадоў Беларусі пазнаёміліся, паразважалі пра тэатр і школу, а пасля наведалі майстар-класы: кожны мог выбраць два з пяці прапанаваных заняткаў. Напрыклад, акцёрскае майстэрства выкладалі актрысы Аліна Кушым і Ніка Ваксенбург. У простых гульнях і заданнях школьнікі спрабавалі навучыцца гаварыць, рухацца, танцаваць і ўзаема­дзейнічаць на сцэне і адначасова разумець і паважаць адно аднаго. Так, Аліна прапанавала дзецям, падлеткам, іх настаўнікам уявіць сваю самую вялікую мару:

— Калі вы зараз зробіце крок, то вы яе адразу дасягняце, — тлумачыць умовы выкладчык. — Але дзеля гэтага вам прыйдзецца адмовіцца ад усяго, што ў вас ёсць цяпер. Ці зробіце такі крок?

Школьнікі некалькі хвілін стаяць з заплюшчанымі вачыма і робяць складаны выбар. У выніку некаторыя крочаць, некаторыя застаюцца на месцы, але за ўсімі без выключэння цікава назіраць: як мяняюцца выразы твару, як спачатку ўсё цела падаецца наперад, а пасля вяртаецца — вось як складана даецца рашэнне! Менавіта такое практыкаванне дапамагае акцёрам дэманстраваць няпростыя эмоцыі на сцэне так, каб глядач паверыў і паспачуваў герою.

Падчас майстар-класаў юныя акцёры працавалі над голасам, рухам і… увагай! Як аказалася, гэта ледзь не самы важны складнік акцёрскага поспеху. Важна сачыць за сабой і ў гэты ж час за партнёрам па сцэне, каб своечасова падхапіць рэпліку, адрэагаваць на яго дзеянні. Вось яшчэ адно простае практыкаванне, якое прапанаваў школьнікам выкладчык акцёрскага майстэрства Андрэй Сакалоў і якое можна паўтарыць у класе.

Дзве пары ўдзельнікаў са­дзяць адна насупраць другой. Педагог прапануе ім канфліктную сітуацыю, у якой аказаліся іх героі. Складанасць у тым, што героі толькі два: кожная пара — гэта быццам адзін акцёр, таму абодва па чарзе гавораць па адным яго слове і такім чынам збіраюць сказы. У выніку павінен атрымацца асэнсаваны сказ, на які можа адказаць іншая пара. Дамаўляцца аб рэпліках зага­дзя нельга.

Так дзеці (і настаўнікі!) вучацца слухаць і падыгрываць напарніку, і адначасова ствараюць камічныя дыялогі, назіраць за якімі — адно задавальненне.

— Тэатр добры яшчэ і тым, што гэта інструмент узаема­дзеяння настаўніка і дзяцей, які стварае ўмовы для іншай манеры зносін, — тлумачыць арганізатар праекта Рэгіна Будзяшкіна. — Тут не настаўнік выступае перад дзецьмі, а яны разам па-іншаму засвойваюць школьную прастору, таму ў тэатры лёгка пераадольваць сацыяльныя бар’еры паміж вучнямі, дапамагаць дзецям, якія сутыкнуліся з булінгам. Просты прыклад: у школьным тэатры знаёмяцца і разам працуюць дзевяцікласніца і пяцікласнік, якія ў школе звычайна нават не заўважаюць адно аднаго.

Наступны крок для ўдзельнікаў праекта — падрыхтоўка ўласных пастановак, з якімі дзеці і падлеткі ўжо ў красавіку высту­пяць на фестывалі “Праз тэатр”.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.