Мы выбралі шлях і ўпэўнена крочым па ім

- 12:21Адукацыйная прастора, Рознае

“Адукацыя Віцебшчыны: даступнасць, якасць, эфектыўнасць” — такая тэма была вынесена на абмеркаванне вялікага жнівеньскага педсавета настаўніцтвам Паўночнага рэгіёна.

У абласной канферэнцыі педагагічных работнікаў прынялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Раіса Сідарэнка, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, а таксама намеснікі старшынь раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў, кіраўнікоў адміністрацый раёнаў Віцебска, рэктары ўстаноў вышэйшай адукацыі вобласці, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, кіраўнікі раённых камітэтаў і пярвічных арганізацый Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, дарэктары ўстаноў адукацыі, метадысты, лепшыя педагогі. На пляцоўках Віцебскай абласной філармоніі, дзе праходзіў форум, і на плошчы Леніна разгарнулася інтэрактыўная выстава, на якой установы адукацыі вобласці прэзентавалі свае дасягненні, вынікі інавацыйных праектаў, метадычныя распрацоўкі, вынаходствы, узоры дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці. Лепшымі канцэртнымі нумарамі педагогаў сустракалі тэатры мод і вядомыя мастацкія калектывы рэгіёна.

Пленарнае пасяджэнне па традыцыі пачалося з віншавання і ўручэння падарункаў шаноўным ветэранам педагагічнай працы. Працяглай авацыяй зала вітала Івана Шчурка, Міхаіла Ціву, Васіля Горбаля, Надзею Саладоўнікаву, Тамару Несцераву, Яўгенію Муруткову, Веру Чуванько, Валянціну Чыбісаву, а таксама ветэранаў прафсаюзнага руху Людмілу Лашкову, Ірыну Раманенка, Алену Цуканаву.


Даклад начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрыя Хомы быў напярэдадні накіраваны ў аддзелы адукацыі, спорту і турызму, установы адукацыі вобласці, і ўдзельнікаў канферэнцыі адразу запрасілі пачаць яго абмеркаванне. Звяртаючыся да педагогаў і прадстаўнікоў органаў улады, Уладзімір Цярэнцьеў падрабязна прааналізаваў асноўныя моманты даклада, даў прынцыповую ацэнку рабоце рэгіянальнай сістэмы адукацыі за мінулы навучальны год, звярнуў увагу на несумненныя дасягненні і шэраг праблем, акрэсліў прыярытэтныя задачы на найбліжэйшую перспектыву.

— Няма больш высакароднай прафесіі, чым настаўнік, больш ганаровай місіі, чым вучыць і суправаджаць дзіця практычна з першых свядомых крокаў і заканчваючы яго прафесійным вызначэннем і выпускам у дарослае жыццё, — адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч. — Выхаванне і адукацыя дастойнага грамадзяніна — складаны і доўгі працэс. У сувязі з гэтым на першае месца ў сферы адукацыі мы ставім вынік, якасць адукацыі і выхавання, сацыялізацыю дзіцяці ў грамадстве. Выканаўчая і заканадаўчая ўлада вобласці патрабуе, каб сістэма адукацыі ўжо зараз пачала паслядоўнае вырашэнне наяўных праблемных пытанняў. Для гэтага неабходна мабілізаваць работу як сістэмы ў цэлым, так і кожнай установы адукацыі асобна на дасягненне канкрэтнага выніку — павышэння эфектыўнасці. У вобласці склаліся слаўныя традыцыі адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення. Адукацыя Віцебшчыны — гэта аплот грамадзянскасці і патрыятызму. Задач, пастаўленых перад педагогамі, нямала. Усе яны рэальныя, але патрабуюць дасведчанага кіраўніцкага падыходу як на ўзроўні ўстановы адукацыі, так і на ўзроўні раёна, горада, вобласці. Кожны кіраўнік павінен разумець, да чаго ён прывядзе ўстанову адукацыі праз тры гады, якія будуць перспектывы. Наш прыярытэт — па ўсіх паказчыках за тры гады вобласць павінна стаць адной з лепшых у рэспубліцы.

Уладзімір Цярэнцьеў уручыў падзяку старшыні Віцебскага аблвыканкама першаму намесніку начальніка ўпраўлення адукацыі абл-выканкама Леаніду Сцяпанаву, выкладчыцы хіміі і біялогіі Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Валянціне Каваленка і галоўнаму бухгалтару ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Яўгеніі Івановай. Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама адзначаны настаўніца фізікі сярэдняй школы № 16 Полацка Алена Грыгор’ева, дырэктар Віцебскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Марынэ Грыгор’ева, настаўніца замежнай мовы Туркоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мёрскага раёна Алена Батура. Характэрнай адзнакай жнівеньскай канферэнцыі варта назваць яе выразную практычную арыентаванасць. Разам з абмеркаваннем вынесеных на парадак дня праблемных пытанняў і задач удзельнікам прапаноўваліся для вывучэння канкрэтныя прыклады іх паспяховага вырашэння. Вопытам работы па забеспячэнні даступнасці і якасці дашкольнай адукацыі падзялілася галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірына Кузняцова. Аб стварэнні ўмоў для эфектыўнага функцыянавання і развіцця ўстаноў адукацыі на прыкладзе раёна паведаміла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Верхнядзвінскага райвыканкама Надзея Варановіч. Аб тым, як ажыццяўляецца кіраванне інавацыйнымі працэсамі ў адукацыі на ўзроўні рэгіёна, ролі вучэбна-метадычных кабінетаў у развіцці інавацыйных працэсаў расказала загадчык ВМК аддзела адукацыі, спорту і турызму Наваполацкага гарвыканкама Валянціна Дзямідава. Фарміраванню іміджу ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі як умове запатрабаванасці на рынку адукацыйных паслуг прысвяціў сваё выступленне дырэктар гімназіі № 2 Віцебска Канстанцін Кісялёў. На ролі конкурсу прафесійнага майстэрства ў развіцці прафесійнай кампетэнтнасці педагога падрабязна спыніўся лаўрэат конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2004”, член рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, настаўнік-метадыст Дзмітрый Мацкевіч. Намеснік дырэктара Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа імя М.Ф.Шмырова Яўгеній Дзямідаў падзяліўся паспяховым вопытам работы ўстановы адукацыі па падрыхтоўцы рабочых і служачых, прыцягненні пазабюджэтных сродкаў, а таксама вынес прапанову аб падрыхтоўцы камплектаў сучаснага абсталявання для ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі — як гэта зараз робіцца на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі з кабінетамі фізікі і хіміі.

Наталля Качанава павіншавала настаўніцтва Віцебшчыны з новым навучальным годам, шчыра падзякавала за самаадданую працу. У сваім выступленні намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь акцэнтавала ўвагу на ключавых момантах далейшага ўдасканалення сістэмы адукацыі рэгіёна ў кантэксце развіцця і павышэння эфектыўнасці адукацыі ў нашай краіне.

— Без сістэмы адукацыі няма добрых людзей, добрых прафесіяналаў, — падкрэсліла Наталля Іванаўна. — Гэта тая галіна, без якой немагчыма будучыня любой краіны. У нашай рэспубліцы кіраўніком дзяржавы, урадам адукацыі ўдзяляецца велізарная ўвага.


Яркімі момантамі канферэнцыі сталі прэзентацыя поспехаў юных аматараў робататэхнікі з аршанскай ІТ-акадэміі “КомпАС”, відэапрывітанне бронзавага прызёра 47-й Міжнароднай фізічнай алімпіяды выпускніка сярэдняй школы № 16 Полацка Віталя Вістунова, творчыя прывітанні дашкалят, прадстаўнікоў маладзёжнага парламента, юных эстрадных зорак і іх педагогаў. Граматы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама лепшым педагогам уручыў Дзмітрый Хома. У святочны дзень перад новым навучальным годам у сям’і выдатнікаў адукацыі Віцебшчыны здарылася прыемнае папаўненне. Нагрудны знак “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” Раіса Сідарэнка ўручыла настаўніцы французскай мовы гімназіі № 9 Віцебска Валянціне Перастаронінай і начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірыне Драздовай. Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі ўзнагароджаны намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 6 Лепеля Ірына Калітуха і настаўніца гісторыі гімназіі № 1 Оршы Тамара Гайдук, граматай галіновага міністэрства — намеснік дырэктара Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Наталля Янцэвіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Докшыцкага райвыканкама Дзмітрый Парцянка, выкладчык Наваполацкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Ірына Антаненкава, настаўніца пачатковых класаў Крынкаўскай сярэдняй школы Лёзненскага раёна Валянціна Гарэлышава.

— Наша роля ў школе — дапамагчы не толькі юнаму грамадзяніну, але і яго бацькам, і сваім калегам. Таму сёння хочацца, каб у вас хапіла сіл, натхнення, імкнення, жадання выконваць адну з найбольш высакародных і складаных місій — місію настаўніка, — пажадала Раіса Станіславаўна. — Безумоўна, поспехі і дасягненні Віцебскай вобласці нас вельмі радуюць. Спадзяюся, што колькасць устаноў адукацыі рэгіёна, якімі ганарыцца ўся краіна, будзе павялічвацца. Мы ведаем свае праблемы, але разам з тым дакладна бачым спосабы іх вырашэння. Мы выбралі шлях і крочым па ім упэўнена, таму што педагог — самая важная і патрэбная ў свеце прафесія.

Таццяна БОНДАРАВА.