Мысліць арыгінальна, гаварыць спантанна

- 14:27Адукацыйная прастора

Інтэрактыўнае навучанне на ўроках англійскай мовы

Настаўніцы англійскай мовы гімназіі № 61 Мінска Юліі Уладзіміраўне Скавыш зрабіць урок цікавым, займальным і ў той жа час максімальна аўтэнтычным дазваляюць інтэрактыўныя метады і прыёмы навучання. Іх выкарыстанне павышае матывацыю навучэнцаў да вывучэння замежнай мовы, паспяховасць па прадмеце і развівае камунікатыўную кампетэнцыю.

Пытання “Кім быць?” для Юліі Скавыш ніколі не стаяла. Дзяўчынка з дзяцін­ства была ўпэўнена, што будзе педагогам. Такі моцны ўплыў на дзіця аказала яе першая настаўніца Кацярына Уладзіміраўна Зубава. “Яна была маладая, прыгожая, творча і натхнёна праводзіла заняткі, нікога не пакідала абыякавым, і да сённяшняга дня я і мае аднакласнікі ўспамінаем яе з цеплынёй і пяшчотай”, — прыгадвае Ю.У.Скавыш.

Пасля атрымання дыплома настаўніца ўжо 15 гадоў выкладае ў гімназіі замежную мову. Яе жыццёвае крэда: “Ніколі не спыняцца, заўсёды ісці наперад, спазнаваць штосьці новае”. Тым больш што на ўроках замежнай мовы адкрываецца цудоўная магчымасць рэалізацыі міжпрадметных сувязей,  пашырэння кругагляду і агульнай эрудыцыі дзяцей. Для настаўніцы важна ства­рыць добразычлівыя адносіны, каб дзіця адчувала сябе ўпэўнена, камфортна, бо калі яно чагосьці баіцца, то заціскаецца і ніякага станоўчага эфекту не будзе. Юлія Уладзіміраўна імкнецца стварыць для кожнага вучня сітуацыю поспеху. А калі ў дзіцяці штосьці не атрымліваецца, яна ніколі не ставіць яму дрэнную адзнаку, а дае шанс выправіцца. Педагог лічыць, што асноўная работа павінна праводзіцца менавіта на ўроку, а таму асабліва не загружае вучняў дамашнім заданнем.

— Сёння большасць навучэнцаў нацэлена на практычнае авалоданне англійскай мовай як сродкам навучання, аднак, выкарыстоўваючы традыцыйныя метады навучання, дасягнуць неабходных вынікаў немагчыма. Вывучыўшы шмат літаратуры і іншых крыніц інфармацыі, я прыйшла да высновы, што тэхналогія інтэрактыўнага навучання дае магчымасць настаўніку арганізаваць вучэбны працэс на іншым узроўні, уключыць усіх навучэнцаў у работу, зрабіць стасункі на ўроках цікавымі, камфортнымі, асобасна арыентаванымі, — гаворыць Юлія Уладзіміраўна.

Выкарыстанне інтэрактыўнай мадэлі навучання азначае арганізацыю сумеснай дзейнасці, дзе кожны ўносіць свой пасільны ўклад, ідзе абмен думкамі, ідэямі, спосабамі дзейнасці, прадугледжваецца сумеснае вырашэнне праблем, мадэляванне жыццёвых сітуацый. Сэнс сумеснай дзейнасці заключаецца ў тым, каб вучні змаглі перанесці вопыт, набыты ў спецыяльна створаных умовах, у рэальнае моўнае асяроддзе і паспяхова яго выкарыстоўваць. Арганізоўваецца індывідуальная, парная, групавая работа, выкарыстоўваецца праектная дзейнасць, ролевыя гульні, праводзіцца работа з дакументамі і рознымі крыніцамі інфармацыі. Інтэрактыўнае навучанне прымушае дзяцей працаваць на працягу ўсяго ўрока, быць актыўнымі, узаемадзейнічаць, звяртацца да асабістага вопыту і быць творчымі.

Рэалізацыя адукацыйных мэт накіравана на практычнае авалоданне замежнай мовай як сродкам зносін. Але ў сучасных умовах навучання большасць навучэнцаў пазбаўлена магчымасці ўступаць у камунікацыю з носьбітамі мовы, асвойваць нормы маўленчых і сацыяльных паво­дзін. Настаўніку замежнай мовы даводзіцца ствараць штучнае моўнае асяроддзе на кожных вучэбных занятках. Чым больш яно набліжана да натуральнага, тым эфектыўнейшы адукацыйны працэс.

Урокі, якія праводзяцца з выкарыстаннем інтэрактыўных прыёмаў, забяспечваюць кожнаму навучэнцу пасільны ўдзел у вырашэнні праблем. У выніку слабыя набы­ваюць некаторую ўпэўненасць ва ўласных сілах, моцныя адчуваюць сваю карысць, дапамагаючы аднакласнікам. Настаўнік выступае ў ролі арганізатара самастойнай пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, кансультантам і памочнікам. Веды вучні атрымліваюць у працэсе сваёй пазнавальнай дзейнасці.

Ю.У.Скавыш лічыць важным з першых урокаў прывіваць навучэнцам любоў да прадмета, ствараць матывацыйную гатоўнасць і патрэбу ва ўспрыняцці і засваенні вучэбнага матэрыялу ва ўмовах, набліжаных да рэальных зносін. Педагог робіць усё магчымае, каб навучэнцы разумелі значнасць свайго ўкладу ў навучанне, таму з пачатку работы разам з вучнямі абмяркоўвае важнасць вывучэння і авалодання англійскай мовай, якія віды дзейнасці (чытанне, гаварэнне, пісьмо, аўдзі­раванне) і аспекты мовы (лексіка, граматыка, фанетыка, арфаграфія) не выклі­каюць цяжкасці, а над якімі трэба працаваць. Педагог прапаноўвае навучэнцам аб’яднацца ў групы  і абмеркаваць правілы, якіх неабходна прытрымлівацца на занятках для паспяховага авалодвання англійскай мовай. Вынікам абмеркавання становіцца “The English Lesson Code” (“Код урока англійскай мовы”). Навучэнцы разумеюць і прымаюць гэтыя патрабаванні, бо выпрацавалі іх самі. Дапамога настаўніка пры гэтым мінімальная.

Тэхналогію інтэрактыўнага навучання педагог прымяняе на розных этапах заняткаў. Так, на арганізацыйна-матывацыйным этапе замест традыцыйнага пытання “How are you?” (“Як справы?”) яна прапаноўвае навучэнцам прыём “Faces” (“Смайлікі”, якія адлюстроўваюць розны настрой). Гэты прыём дазваляе не толькі паўтарыць словы, якія абазначаюць пачуцці, але і звяртаецца непасрэдна да асабістага настрою кожнага, што з’яўляецца рэалізацыяй асобасна арыентаванага падыходу ў навучанні. Да гэтага ж прыёму настаўніца звяртаецца і напрыканцы ўрока, што з’яўляецца эмацыянальнай рэфлексіяй.

Для пачатку ўрока Юлія Уладзіміраўна знаходзіць цікавую інфармацыю, якая запамінаецца навучэнцам і павышае іх матывацыю да вывучэння англійскай мовы, дазваляе ім падзяліцца ўласным вопытам. Напрыклад, калі гэта пятніца 13-га, размова ідзе аб забабонах, пра тое, чым гэты дзень знамянальны. Настаўніца таксама прапаноўвае навучэнцам абмеркаваць цытаты ці выказванні вядомых людзей, адгадаць загадку або рэбус, пракаменціраваць жарт, звяртаючы ўвагу на моўныя сродкі дасягнення гумарыстычнага эфекту (каламбур, перабольшванне і г.д.).

На пачатку ўрока ў якасці маўленчай размінкі часта прымяняецца прыём “Завяршы фразу”. Гэта дазваляе актывізаваць лексіку, садзейнічае развіццю ўвагі, памяці, мыслення, крэатыўнасці. Прымаюцца ўсе варыянты, тут няма няправільных адказаў, вітаюцца нестандартныя і з гумарам. Адзіная ўмова — не паўтараць ужо агучаныя ідэі.

Прыём “Give an Answer” (“Дай адказ”) прымяняецца на этапе маўленчай размінкі. Настаўнік агучвае сказ, які адносіцца да тэмы ўрока. Задача навучэнца — не толькі згадзіцца ці не згадзіцца, абапіраючыся на свой вопыт, але і развіць гэты сказ. Такі прыём эфектыўны для трэніроўкі непадрыхтаванага маўлення.

Асаблівым урокам для Ю.У.Скавыш з’яўляецца ўрок 1 верасня, у першы дзень новага навучальнага года. Настаўніца заў­сёды распрацоўвае цікавыя заданні і прыёмы работы, каб навучэнцы лёгка і камфортна пагрузіліся ў адукацыйны працэс. Так, летась быў выкарыстаны прыём “Summer in Pictures”. Педагог размясціла ў табліцу карцінкі, якія могуць мець непасрэдныя адносіны да лета. Кожны навучэнец атрымлівае табліцу і прадумвае, якія карцінкі ён можа выкарыстоўваць, каб апісаць сваё лета. Затым у парах дзеці абмяркоўваюць, якія рэчы ім спатрэбіліся летам і навошта, а пасля кожны расказвае пра лета партнёра па зносінах. Задача астатніх — задаваць пытанні па праслуханым.

Эфектыўны таксама прыём “Рознакаляровыя квадрацікі”. Прымяняюцца квадраты трох колераў, выразаныя з рознакаляровага кардону (напрыклад, чырвоныя, сінія і жоўтыя). Настаўніца кладзе іх у “чароўны” мяшочак, і кожны вучань дастае па адным квадраціку, не паказваючы, якога ён колеру. Тыя, каму трапляюцца чырвоныя квадраты, павінны расказаць тры праў­дзівыя факты пра сваё лета, хто выцягне сінія — тры выдуманыя факты, жоўтыя — адзін праўдзівы і два выдуманыя. Задача астатніх — слухаць і, задаючы дадатковыя пытанні, здагадацца, якога колеру квадрат у гаворачага. Затым паперкі складваюцца ў мяшочак і перамешваюцца. Настаўніца прапаноўвае вучням выцягнуць адзін лісток і сказаць, ці была асацыяцыя нейкім чынам звязана з іх летнімі канікуламі. У гэты час іншыя вучні за­даюць пытанні. Эфектыў­насць згаданага прыёму ў тым, што навучэнец не проста правільна ўжывае слова ў маўленні і выкарыстоўвае граматычны час, а гаворыць спантанна, без падрыхтоўкі, абапіраючыся на ўласны вопыт.

На першым уроку Юлія Уладзіміраўна выкарыстоўвае таксама прыём “Кластар”, які з’яўляецца пастаноўкай доўгатэрміновых мэт і дазваляе ўбачыць чаканні, інтарэсы дзяцей, актывізуе іх мысленне, па­мяць, увагу. Прымяненне гэтага прыёму дазваляе задзейнічаць слыхавы і зрокавы аналізатары, што вельмі добра адбіваецца на выніку. Напрыклад, вучням прапаноўваецца пытанне “What do you think we can talk about while discussing the topic?” (“Як вы думаеце, пра што мы можам гаварыць, абмяркоўваючы тэму?”). Прымаюцца ўсе версіі і запісваюцца на дошцы. Гэты прыём рэалізоўваецца пры дапамозе мазгавога штурму ці прыёму “Think-Pair-Share”, калі навучэнцы прадумваюць свае версіі на працягу пэўнага часу, а затым узгадняюць іх з ідэямі суседа па парце. Варыянты абмяркоўваюцца ў групах па 4 чалавекі, пасля чаго версіі кожнай групы агучваюцца, параўноўваюцца і запісваюцца на дошцы. Такім чынам, навучэнцы самі ставяць мэты.

Па меры таго, як інфармацыя, прапанавая ў кластарах, абмяркоўваецца ў цыкле ўрокаў па пэўнай тэматыцы, тэма напаўняецца зместам, і нічога не патрэбна вучыць на памяць. Напрыканцы раздзела настаўніца зноў вяртаецца да кластара, які неабходна запоўніць, ужо выкарыстаўшы атрыманыя веды, а затым кожны навучэнец выбірае тое, пра што зможа і захоча расказаць. Важны момант — магчымасць выбару: не навязваць сваё меркаванне, а даць кожнаму права вырашыць, пра што расказ­ваць. Паслухаўшы астатніх, навучэнцы змогуць расказаць і тое, што першапачаткова здавалася ім складаным. Іншы раз Юлія Ула­дзіміраўна вяртаецца да кластараў і падчас вывучэння тэмы па меры іх абмеркавання і напаўнення пры паўтарэнні матэрыялу на этапе маўленчай размінкі.

Пры вывучэнні новай тэмы цікавым з’яўляецца прыём “Group Profile”, пры якім задзейнічаны чатыры віды маўленчай дзейнасці (чытанне, пісьмо, аўдзіраванне, гаварэнне). Навучэнцы збіраюць інфармацыю па пэўнай тэме адно пра аднаго, а затым прадстаўляюць яе класу. Напрыклад, пасля летніх канікул на першым уроку ствараецца групавы профіль “Our Summer Holidays” (“Нашы летнія канікулы”) — інфармацыя аб удзельніках групы па пэўнай тэме.  Прымаюцца ўсе ідэі і запісваюцца на дошцы. Клас дзеліцца на групы. Кожны ўдзельнік групы выбірае ідэю і піша пытанне, правіль­насць якога правяраецца членамі групы. Затым кожны ў сваёй групе задае пытанне астатнім удзельнікам групы і запісвае кароткія варыянты адказаў. Пасля ўдзельнікі адной групы апытваюць членаў другой. Такім чынам кожны навучэнец павінен апытаць сваіх аднакласнікаў, запісаць іх адказы, падсума­ваць інфармацыю і прадставіць яе класу. Так, ад зін навучэнец раскажа, куды ездзілі яго аднакласнікі, другі — на чым яны падарожнічалі, трэці — хто гаварыў на англійскай на канікулах і г.д. Настаўнік і навучэнцы могуць задаваць дадатковыя пытанні ўдзельнікам груп. Напрыклад, калі хтосьці гаварыў на англійскай мове, можна запытацца, у якой краіне гэта адбывалася, ці было складана, ці зразумелі яго і г.д.

— Такія групавыя профілі можна ства­раць па любой тэме, — тлумачыць настаўніца. — Выкарыстанне “Group Profile” займае шмат часу на ўроку, а іншы раз і ўвесь урок. Але гэтыя выдаткі апраўдваюць сябе: такі нестандартны від дзейнасці прымушае кожнага быць актыўным і ўзаемадзейнічаць, павялічвае час маўленчай практыкі, што павышае эфектыўнасць вучэбных заняткаў. Кожны навучэнец піша пытанне, чытае яго і пытанні іншых удзель­нікаў падгрупы, задае сваё пытанне, выслухоўвае аднакласнікаў і прадстаўляе атрыманую інфармацыю.

На этапе развіцця маўленчых уменняў настаўніца прапаноўвае навучэнцам прыём “Цікавыя пытанні”. Пытанні па пэўнай тэме на картках змяшчаюцца ў “чароўны” мяшочак. Навучэнцы па адным дастаюць пытанне і адказваюць на яго. Тут прысутнічае элемент нечаканасці, але гэты прыём эфектыўны для трэніроўкі непадрыхтаванага маўлення і мае прамую камунікатыўную накіраванасць. Астатнія навучэнцы могуць выказацца па да­дзеным пытанні, дапоўніць яго або задаць дадатковае пытанне таму, хто адказвае.

Прыём “Збяры інфармацыю” падыходзіць для параўнання беларускіх і замежных рэалій. Настаўніца прапаноўвае вучням аб’яднацца ў групы і актуалізаваць інфармацыю па адпаведнай тэме, характэрнай для нашай краіны. Групам даецца пералік пытанняў для абмеркавання, назначаецца адказны за кожны пункт. Затым кожная група прапаноўвае свае адказы, навучэнцы з іншай групы дапаўняюць інфармацыю. Веды, актуа­лізаваныя такім чынам, прымяняюцца для параўнання рэалій жыцця некалькіх краін.

Выкарыстанне інтэрактыўных метадаў і прыёмаў павышае эфектыўнасць навучання, дзеці праяўляюць цікавасць да вывучэння англійскай мовы, удзельнічаюць у конкурсах, алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях і паказваюць добрыя вынікі.

— У інтэрактыўным навучанні кожны вучань паспяховы. Яно фарміруе здольнасць мысліць нестандартна, развівае ўменне выслухоўваць іншае меркаванне, супрацоўнічаць, бачыць і па-свойму вырашаць праблемную сітуацыю, — падкрэслівае Юлія Уладзіміраўна Скавыш.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.