Настаўнікі фізкультуры і здароўя гімназіі Глуска Іна Ляпко і Анатоль Мядзведка не толькі далучаюць вучняў да здаровага ладу жыцця, але і матывуюць да ўдзелу ў алімпіядах па сваім прадмеце. А з 2022 года па ініцыятыве і пры падтрымцы Федэрацыі футбола Беларусі на паралелі 2-х класаў рэалізуюць праект “Мой школьны футбольны клуб”, які дапамагае выхоўваць меткіх форвардаў і надзейных галкіпераў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— У вучэбным працэсе педагогі выкарыстоўваюць міжнародную методыку навучання футболу праз вясёлыя гульні, улічваюць юны ўзрост удзельнікаў праекта. Дзеці вучацца быць уважлівымі, адказнымі, дысцыплінаванымі, развіваюць уменне працаваць у камандзе. У іх з малых гадоў выпрацоўваецца звычка весці здаровы лад жыцця, закладваецца любоў да фізічнай культуры, — адзначае дырэктар гімназіі Сяргей Сяргееў.

Сяргей Сяргееў, Іна Ляпко, Аляксандр Леўчанка, Анатоль Мядзведка з юнымі спартсменамі
Другакласнікі ўзмоцнена займаюцца футболам як на ўроках, так і ў вольны час. Рэалізуючы адзін з кірункаў праекта “Гуляем у футбол”, трэцюю гульнявую гадзіну фізічнай культуры ў тыдзень дзеці праводзяць з мячом, выконваючы абводкі вакол конусаў, перадачы і ўдары па варотах, а таксама асвойваючы іншыя элементы гульні, якая збірае мільёны прыхільнікаў па ўсім свеце.
Цяперашнія другакласнікі за няпоўныя дзве чвэрці паспелі пранікнуцца любоўю да гэтага віду спорту. На пытанне “У што будзем сёння гуляць?” і хлопчыкі, і дзяўчынкі дружна адказваюць: “У футбол!” Зрэшты, і ў вольны ад урокаў час дзеці не менш ахвотна збіраюцца, каб паганяць мяч.
— Гэты сацыяльны спартыўна-масавы праект накіраваны на развіццё фізічных, спартыўных навыкаў праз папулярызацыю футбола як сярод дзяцей, так і сярод дарослых. Таму ў вольны час мы запрашаем займацца футболам не толькі дзяцей, але і іх бацькоў незалежна ад полу, узросту і спартыўных навыкаў, — гаворыць настаўніца з 34-гадовым стажам Іна Ляпко. — У нас арганізавана школьная футбольная ліга паміж усімі шасцю ўстановамі адукацыі раёна. Традыцыйна праводзяцца сямейныя фестывалі “Мама, тата, я — футбольная сям’я”. Юныя аматары футбола з ліку пяцікласнікаў яшчэ ўдзельнічаюць у фестывалі на колькасць забітых галоў, які раз на год праводзіць Федэрацыя футбола. Так гэты від спорту становіцца для многіх дзяцей хобі на доўгія гады.
Педагогі родам з Глускага раёна. У дзяцінстве прыкладам для пераймання для іх сталі настаўнікі фізкультуры, якія ўлюбілі ў спорт так моцна, што ён стаў справай усяго жыцця. Скончыўшы школу з сярэбраным медалём, Іна Ляпко працягнула вучобу ў Мінску. Анатоль Мядзведка атрымаў вышэйшую педагагічную адукацыю ў Гомелі.
Што тычыцца падрыхтоўкі алімпіяднікаў, то ў гэтым навучальным годзе 9 юнакоў і дзяўчат прынялі ўдзел у алімпіядзе па фізічнай культуры. На раённым узроўні хлопчыкі заваявалі ўсе прызавыя дыпломы, у дзяўчынак адзін дыплом I ступені і два III ступені.
Адказваючы на пытанне, як у вялікай колькасці дзяцей удаецца разгледзець будучых алімпіяднікаў і як праходзіць працэс іх падрыхтоўкі, суразмоўніца адзначае:
— Мы з Анатолем Мікалаевічам працуем у тандэме і дапаўняем адно аднаго. Я займаюся з дзецьмі плаваннем і адказваю за іх тэарэтычную падрыхтоўку, а мой калега вучыць іх гульнявым відам спорту. Далучаем у алімпіядны рух вучняў пачынаючы з 6—7 класаў і стараемся весці да самага выпуску. А спрабаваць сябе ў алімпіядах яны пачынаюць з 7—8 класаў.
— Як праходзяць вашы заняткі? — цікаўлюся я.
— Акрамя трох урокаў фізкультуры на тыдзень, у панядзелак, аўторак і чацвер Іна Мікалаеўна займаецца з дзецьмі ў басейне. Ён адзіны ў раёне і знаходзіцца ў нашай установе. Субота распісана ў алімпіяднікаў літаральна па гадзінах: прыкладна да 10.00 яны штудзіруюць тэарэтычныя пытанні, праходзяць тэсты. Затым мы перамяшчаемся ў залу і займаемся агульнафізічнай падрыхтоўкай. Напрыклад, даю вучням камбінаваныя заданні, заданні на адпрацоўку скачкоў, чаўночнага бегу, падцягванняў. Потым у нас спартыўныя гульні. І так тыдзень за тыднем, — дапаўняе педагог з 40-гадовым стажам Анатоль Мядзведка.
Штогод выхаванцы глускага педагагічнага тандэма ў прызёрах на алімпіядзе па фізічнай культуры абласнога ўзроўню, часта выходзяць у заключны этап, дзе нярэдка займаюць прызавыя месцы.
Адна з яркіх перамог гімназістаў — пазалеташні дыплом III ступені Аляксандра Скубілава ў фінале рэспубліканскай алімпіяды. Сярод заслуг юнака і дыплом II ступені. Ён выдатна праявіў сябе ў скачках у даўжыню (3,12 м) і па падцягванні. Дарэчы, яго рэкорд — 38 разоў — яшчэ не пабіты.
Педагогі ўпэўнены, што, стаўшы праграмістамі або ратавальнікамі, эканамістамі або аграрыямі, юныя прыхільнікі спорту ў любой прафесіі даб’юцца поспеху дзякуючы выпрацаванаму характару, дысцыпліне, упартасці і настойлівасці.
— Напэўна, не вельмі лёгка ў вас па фізкультуры атрымаць 9 ці 10? — пытаюся напрыканцы размовы.
— На 10 трэба пастарацца, — з усмешкай адказваюць настаўнікі.
***
Начальнік аддзела па адукацыі Глускага райвыканкама Аляксандр Леўчанка:
— Развіццю спорту і фізічнай культуры ва ўсіх шасці ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна надаецца вялікае значэнне. Добра ведаю спецыфіку работы настаўніка фізкультуры, бо пасля заканчэння цяперашняга БДУФК амаль 10 гадоў не класічны касцюм, а пераважна спартыўная форма была маім адзеннем на кожны дзень.
Сёння нашы школьнікі актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх спаборніцтвах на раённым і абласным узроўнях. Сярод іх спартакіяда, старты па лёгкай атлетыцы, рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер”, турніры па футболе, баскетболе, валейболе і ваенна-патрыятычныя гульні. Акрамя таго, сярод школьнікаў ёсць прызёры заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі.
Спартыўнай падрыхтоўкай дзяцей займаюцца 12 педагогаў фізкультуры. Як правіла, усе яны сумяшчаюць настаўніцкую работу з трэнерскай дзейнасцю ў мясцовай спартыўнай школе або фізкультурна-спартыўным клубе.
Спартыўная матэрыяльна-тэхнічная база школ Глушчыны пастаянна ўдасканальваецца. Сёлета для кожнай установы адукацыі закуплены новыя дзіцячыя гульнявыя комплексы, дзе малодшыя школьнікі не толькі весела праводзяць час, але і развіваюць свае спартыўныя навыкі.
Нядаўна ў Завалочаўскай сярэдняй школе ўсталявалі штучнае футбольнае пакрыццё. А ў сярэдняй школе № 1 імя С.І.Грахоўскага рэканструявалі гульнявую пляцоўку для міні-футбола, замяніўшы асфальтавую падкладку і штучнае пакрыццё. У наступным годзе плануем там усталяваць агароджу.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





