На базе Обальскай школы адкрылі раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў

- 10:42Духовность и патриотизм, Образование

Обальская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза З.М.Партновай першай у Шумілінскім раёне далучылася да інавацыйнай дзейнасці ў напрамку духоўна­-маральнага выхавання навучэнцаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З бягучага навучальнага года на базе школы арганізаваны раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў. Упершыню пляцоўкай рэспуб­ліканскага інвацыйнага праекта Обальская сярэдняя школа стала ў 2014 годзе, сёння тут рэалізуецца ўжо трэці такі праект. Як падкрэсліў дырэктар установы адукацыі Аляксандр Сачыўка, за гэты час створана адметная і эфектыўная сістэма работы ў названым кірунку. Мінулай восенню яна была прэзентавана ў фармаце тэматычных пляцовак і адкрытых заняткаў на абласным семінары для намеснікаў начальнікаў аддзелаў (упраўленняў) па адукацыі і атрымала высокую ацэнку. Калектыў з’яднаўся вакол ініцыятыўнай групы педагогаў-наватараў. Разам са сваімі першымі настаўніцамі ў пачатковай школе, а на ўзроўні сярэдняга звяна — з настаўніцай рускай мовы і літаратуры Наталляй Баранавай дзеці ахвотна вывуча­юць асновы праваслаўнай культуры на факультатыўных занятках. Наталля Віктараўна праводзіць іх па-майстэрску: вучні атрымліваюць не толькі грунтоўныя веды, але і мноства станоўчых уражанняў, трапна ўключаных у размову момантаў эмацыянальнага суперажывання, спасылак на падзеі і лёсы, якія вучаць думаць, разважаць, імкнуцца да лепшага. Школьнікі часам незадаволена сустракаюць званок на перапынак, бо ім настолькі цікава і здаецца, што факультатыўныя заняткі праляцелі занадта хутка.

Пад кіраўніцтвам педагогаў юныя даследчыкі паглыбляюцца ў гісторыю духоўных святынь роднай зямлі, спрабуюць разгадаць таямніцы мінуўшчыны, а затым паспяхова прадстаўляюць плён сваіх пошукаў на абласных конкурсах.

Узор вучням падаюць самі настаўнікі: яны актыўныя ўдзель­нікі тэматычных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных педагагічных чытанняў, выстаў, конкурсаў, канферэнцый. Напрыклад, дыпломам пераможцы па выніках І Усерасійскага адкрытага каляднага фестывалю “Пад Віфлеемскай зоркай” у Омску ўзнагароджана работа настаўніцы пачатковых класаў Таццяны Лузгіной “Падзяліся цеплынёй душы сваёй”. У Таццяны Святаславаўны залатыя рукі і неадольная прыхільнасць да паэзіі. Педагог піша вершы на духоўную тэматыку, друкуецца ў рэгіянальных перыядычных выданнях. А талент і майстэрс­тва яе калегі Таццяны Бабровай неаднаразова прызнавала журы розных конкурсаў. Настаўніца прысвячае вольны час дэкаратыўна-прыкладной творчасці, прычым дасягнула ў ёй значных вышынь. У тым ліку Таццяне Пятроўне належыць аўтарства шыкоўнай калекцыі крэатыўных велікодных яек. Сваімі захапленнямі і ўменнямі настаўніцы заўсёды рады па­дзяліцца з вучнямі.

— Дзякуючы рэспубліканскім праектам, нашы настаўнікі пачалі прыхільна адносіцца ў цэлым да інавацый і ў прыватнасці да факультатыву “Асновы праваслаўнай культуры”, правядзення школьных свят свецкага і рэлігійнага характару ва ўзаемадзеянні з Беларускай Праваслаўнай Царквой, — адзначыла намеснік дырэктара школы Таццяна Карташова. — Акрамя таго, педагогі павысілі сваю прафесійную кампетэнтнасць, культурны ўзровень. На старце нашага дэбютнага рэс­публіканскага праекта мы арганізавалі даследаванне, вынік якога паказаў, што гатоў­насць настаўнікаў да інавацыйнай дзейнасці складае каля 60%. А калі ў 2019-м узяліся за ажыццяўленне праекта “Укараненне мадэлі фарміравання моўнай культуры дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных трады­цыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя”, то аналагічны паказчык складаў 90%. Дынаміка красамоўная. Ключавая асаб­лівасць цяперашняга праекта — выразная арыентава­насць на соцыум. У партнёрстве з намі працуюць школа мастацтваў, бібліятэка, музей, сацыяльны прытулак, храм Ануфрыя Вялікага. Яго настаяцель Ула­дзімір — аўтарытэтны старэйшы сябар і дарадца для школьнікаў. Ён часта праводзіць гутаркі і заняткі з дзецьмі, бывае фактычна на ўсіх школьных мерапрыемствах і ўрачыстасцях. Мы з дзецьмі наведваем нашу царкву, некаторыя займаюцца ў нядзельнай школе. Работа наладжана і ў рамках супрацоўніцтва з ВАІРА, Віцебскай духоўнай семінарыяй, Віцебскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Важнае значэнне мае і зваротная сувязь з сем’ямі навучэнцаў.

— Калі далучыліся да першага праекта, хваляваліся, ці зразумеюць нас таты і мамы. Перажывалі дарэмна: бацькі масава нас падтрымалі. Прычым спачатку былі не супраць удзелу дзяцей, а зараз і самі з задавальненнем далучыліся да агульнай справы, — падкрэсліла Таццяна Карташова.

***

Напярэдадні ХХХ Дня беларускага пісьменства маршрут міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святынь” пралягаў праз Обаль. Некалі праз тутэйшыя ваколіцы праходзіў паломніцкі шлях Ефрасінні Полацкай. Падарожнікам обальскія школьнікі і педагогі паказалі запамінальную гістарычную рэканструкцыю падзей сівой даўніны: сама асветніца з роду Усяслава завітала на ўрачыс­тасць і дала педагагічны майстар-клас. Між тым сустрэча з удзельнікамі экспедыцыі атрымалася прадукцыйнай, новыя нітачкі сувязей працягнуліся з Обалі ў сталіцу. Знаёмства з маладой мінскай пісьменніцай Кацярынай Стройлавай абяцае перарасці ў сяброўства. Уразілі гасцей і вершы Таццяны Лузгіной — магчыма, з’явяцца новыя публікацыі.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара