Цэлую калекцыю розных відаў і гатункаў капусты сабралі школьнікі Друйскай сярэдняй школы Браслаўскага раёна. Яны самі гатуюць з ураджаю арыгінальныя стравы і прапаноўваюць іх пакаштаваць на “Капусных пасядзелках”, якія сталі візітоўкай школы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Таццяна Леанідаўна Яновіч, настаўніца геаграфіі, расказвае:
— Усё пачалося з прапановы супрацоўнікаў грамадскай арганізацыі “Беларускі зялёны крыж” прыняць удзел у эксперыменце па вырошчванні розных відаў капусты. Канечне, мы пагадзіліся. Клімат мяняецца, і для вырошчвання ў Беларусі ўжо даступна не толькі белакачанная капуста, да якой мы ўсе прывыклі. У першы год мы пасадзілі яе відаў восем. На наступны год нам прапанавалі яшчэ больш насення — 13 відаў. І так супала, што ў маім 9 класе тады было 13 вучняў. Калі мы з імі вырасцілі капусту, кожны ўзяў сабе ўраджай пэўнага віду і разам з бацькамі згатаваў розныя стравы. Іх мы прапаноўвалі пакаштаваць на “Капусных пасядзелках”, дзе сабралася ўся школа.
Атрымалася вельмі яркае свята. Конкурсы, віктарыны, гульні… Трэба было ў тым ліку адгадаць від капусты, пакаштаваўшы яе з завязанымі вачыма. Дзеці і бацькі згатавалі мноства капусных страў, прыдумалі ім назвы. Так, салат с фіялетавай капусты быў названы “Смурфік”. Калі ўраджаю было вельмі шмат, а кулінары не маглі выбраць нейкі адзін рэцэпт, то гатавалі адразу па некалькіх. Злата Войцік са сваёй бабуляй згатавала з кальрабі тры стравы: салат слоены, салат пяшчотны і… чыпсы.
Каб ацаніць усе кулінарныя шэдэўры, выбралі конкурсную камісію. Старшакласнік Антоній Бурэль у журы ішоў нехаця, бо ўвогуле не есць капусту, але калі яму давялося прадэгуставаць прапанаванае канкурсантамі (інакш як ацэніш?), то сказаў: “Як жа я шмат страціў, калі адмаўляўся! І чаму я раней такой смачнай капусты не пакаштаваў?!”
На наступны год ідэі па правядзенні такога свята пераймалі педагогі з усёй вобласці. Каб больш людзей змаглі адчуць яго атмасферу, школьнікаў з іх знакамітымі капуснымі стравамі чакаюць ужо і на Дажынках, і на раённых святах, фестывалях. Многія дэгустатары ўжо ўпадабалі іх квяцістую капусту ў кляры, брусельскую з грыбамі і іншыя стравы.
Па словах Таццяны Яновіч, Друя заўсёды славілася сваёй капустай. Яе мясцовыя жыхары вырошчвалі здаўна, таму школьнікі і падхапілі гэтую ідэю. Вырошчваць капусту ім удаецца выдатна. Напрыклад, з іх квяцістай капусты гатунку “раменеска” вырастаюць велізарныя галоўкі па тры з лішкам кілаграмы. Рэкардсмен мінулага сезона меў вагу 3,3 кг і дыяметр паўметра. А цяпер, пасля рэкламы, школьнікі не толькі прадаюць ураджай розных відаў капусты — да іх людзі едуць і па расаду экзатычных гатункаў. Таму мясцовыя агароды застракацелі і сінімі градамі з капустай, і фіялетавымі, і жоўтымі, і ружовымі, і чырвонымі…
— Я настаўніца геаграфіі, і агародніна, у прыватнасці капуста, цяпер адзін з аспектаў, які мы раскрываем, калі праходзім на занятках пэўны рэгіён ці краіну. Па карце прасочваем і паходжанне пэўных відаў капусты, і яе распаўсюджванне на іншыя тэрыторыі. І, канечне, самі з дзецьмі частуемся. Напрыклад, у паходзе, які нядаўна праводзіўся па Ельні, мы з дзецьмі ацанілі брокалі, згатаваную з бульбай на вогнішчы. Хоць бы крыху ў кацялку засталося! — гаворыць Таццяна Яновіч.
Капуста і іншая агародніна з прышкольнага ўчастка прадвызначыла і профільную змену ў сёлетнім прышкольным лагеры для малодшых класаў. Т.Л.Яновіч дзеліцца:
— Ідэя гэтага лагера таксама належыць Беларускаму зялёнаму крыжу. Яны прэзентавалі нам, педагогам, кнігу “Прыгоды раслін”, якую я спампавала якраз для нашага летніка. Ідэя ў тым, што кожны дзень змены прысвячаецца вывучэнню пэўнага віду агародніны: агурка, морквы, цыбулі, капусты і г.д. Гэтыя героі дня вызначалі і тэматыку презентацый, размалёвак, з ураджаю дзеці рабілі маскі для скуры і, канечне, гатавалі вітамінныя стравы. Асабліва ім цікава прыходзіць на наш агарод. Маленькія дзеці з такім азартам сочаць, як утвараюцца кветкі на агурочніку, як яны пераўтвараюцца ў агуркі, але асаблівую асалоду яны атрымліваюць, калі іх зрываюць і каштуюць. А як яны любяць паласавацца на градах цукровым гарохам! Да таго ж яны любяць рознакаляровую моркву (у нас яна не толькі аранжавая, але і чырвоная, фіялетавая, белая, жоўтая). Восенню мы плануем, акрамя “Капусных пасядзелак”, правесці і агульнае свята ўраджаю, бо ў школе і шмат іншай агародніны вырошчваецца, таму хочацца, каб яе ацанілі на смак усе жадаючыя. Ужо прадумваем форму прэзентацыі нашага навічка — упершыню мы пасадзілі артышок. У прыватнасці, ствараем касцюм, які апране Кароль Артышок, падбіраем стравы, якія будзем гатаваць з гэтай агародніны.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота з архіва ўстановы