Нядаўна ў Міністэрстве адукацыі прайшла інструктыўна-метадычная нарада “Перспектывы развіцця дашкольнай адукацыі ў 2013/2014 навучальным годзе”. У яе рабоце ўдзельнічалі прадстаўнікі галіновага міністэрства, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі, БДПУ імя М.Танка, спецыялісты ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў і камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, ведамасных устаноў дашкольнай адукацыі і інш.
У цэнтры ўвагі педагогаў былі пытанні даступнасці якаснай дашкольнай адукацыі, падрыхтоўкі кадраў для сістэмы дашкольнай адукацыі, навукова-метадычнага забеспячэння ўстаноў адукацыі, стварэння здароўезберагальнай прасторы, а таксама павышэння сацыяльнага статусу педагагічных работнікаў сістэмы дашкольнай адукацыі.
Пытанне аптымізацыі і даступнасць якаснай дашкольнай адукацыі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці ў новым навучальным годзе. У цяперашні час у 4071 дашкольнай установе рэспублікі выхоўваюцца і навучаюцца каля 400 тысяч дзяцей. Захоўваецца стабільна высокі працэнт ахопу дзяцей з 1 да 6 гадоў установамі дашкольнай адукацыі — 74,8 %, у тым ліку ў гарадской мясцовасці — 81,0 %, сельскай мясцовасці — 53,5 %. Забяспечваецца 100-працэнтны ахоп дзяцей пяцігадовага ўзросту падрыхтоўкай да школы, ствараюцца роўныя стартавыя магчымасці для іх паспяховага пераходу на наступны ўзровень адукацыі.
Разам з тым больш за 40% устаноў дашкольнай адукацыі працуюць з перагрузкай. Па-ранейшаму існуе праблема ўладкавання дзяцей ва ўстановы дашкольнай адукацыі непасрэдна па месцы жыхарства (побач з домам) у мікрараёнах, дзе ідзе інтэнсіўнае будаўніцтва жылля. Пакуль застаецца актуальным пытанне забяспечанасці месцамі ў дзіцячых садах у некаторых раёнах Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай абласцей і сталіцы.
Па словах начальніка аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіны Леанідаўны Давідовіч, толькі за кошт будаўніцтва дашкольных устаноў (з запланаваных 42 устаноў у бліжэйшы час будзе ўведзена 16) гэтая праблема вырашана не будзе. У бліжэйшыя два гады неабходна прымаць дадатковыя меры. Варта развіваць новыя формы дашкольнай адукацыі: звярнуць увагу бацькоў на групы кароткачасовага знаходжання дзяцей, ствараць дзяржаўныя ўстановы дашкольнай адукацыі на платнай аснове, а таксама ўстановы адукацыі прыватнай формы ўласнасці. Немалаважным будзе і своечасова інфармаваць насельніцтва пра парадак пастаноўкі на ўлік дзяцей, якія маюць патрэбу ва ўладкаванні ва ўстановы дашкольнай адукацыі, пра наяўнасць чаргі, пра дзяржаўныя выдаткі на ўтрыманне выхаванцаў.
Начальнік цэнтра інфармацыйных тэхналогій Белдзяржуніверсітэта Юрый Іосіфавіч Варатніцкі расказаў прысутным аб праекце пастаноўкі на ўлік дзяцей, якім неабходна месца ў дашкольнай установе, праз інтэрнэт.
“Адной з асноўных задач, адлюстраваных у канцэпцыі інфарматызацыі сістэмы адукацыі на перыяд да 2020 года, з’яўляецца шырокае ўкараненне сістэмы электронных паслуг, якія аказваюцца насельніцтву праз інтэрнэт, — адзначыў Ю.І.Варатніцкі. — Праект “Электронная форма пастаноўкі на ўлік ва ўстановах дашкольнай адукацыі”, які рэалізуецца ў Заводскім раёне сталіцы, з’яўляецца пілотным праектам па шэрагу прычын. Па-першае, нам уяўляецца, што працэдура рэгістрацыі і выдзялення месцаў найбольш празрыстая і павінна добра паддавацца аўтаматызацыі. Па-другое, пачынаць інфарматызацыю трэба паэтапна па ўзроўнях адукацыі. Таму ў праграме паскоранага развіцця электронных паслуг была прадугледжана распрацоўка інтэрнэт-рэсурсу, які б дазволіў перавесці працэдуру рэгістрацыі тых, хто жадае атрымаць месца ў дзіцячым садку, у электронную форму. У гэтай сітуацыі логіка работы гэтага дадатку наступная. Сайт regsad.edu.by знаходзіцца ў адкрытым доступе. Незарэгістраваны карыстальнік, зайшоўшы на яго, можа атрымаць інфармацыю аб установах дашкольнай адукацыі раёна. Карыстальнік, які хоча паставіць сваё дзіця на ўлік, рэгіструецца і ўводзіць свае пашпартныя даныя, інфармацыю пра сваё дзіця. Да гэтай інфармацыі маюць доступ толькі супрацоўнікі раённага аддзела адукацыі. Пад сваім лагінам і паролем бацькі могуць адсачыць, на якой стадыі знаходзіцца іх заява. Праз некаторы час яны атрымліваюць паведамленне па электроннай пошце пра месца ў дзіцячым садку”.
Дадатковага абсталявання ці дадатковай кваліфікацыі ад супрацоўнікаў не патрабуецца. Але пры ўкараненні такога сэрвісу ёсць і некаторыя праблемы. Па-першае, пакуль нельга адмовіцца ад звычайнай працэдуры рэгістрацыі жадаючых атрымаць месца ў дзіцячым садку. Па-другое, у службе “Адно акно” функцыянуе свая ўласная камп’ютарная сістэма, якая, на жаль, ніяк не звязана з сістэмай адукацыі. А таму неабходна прапрацаваць магчымасць узаемадзеяння гэтых камп’ютарных сістэм.
Актуальным для сістэмы дашкольнай адукацыі з’яўляецца пытанне павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў дашкольных устаноў, павышэнне іх сацыяльнага статусу. У сістэме дашкольнай адукацыі працуюць каля 55 тысяч педагагічных работнікаў і толькі 26% з іх маюць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”.
Пра падрыхтоўку кадраў для сістэмы дашкольнай адукацыі расказаў удзельнікам нарады дэкан факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ імя М.Танка Аляксандр Мікалаевіч Каспяровіч. “Сёлета было выпушчана 209 выпускнікоў, якія вучыліся на дзённым аддзяленні факультэта па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” і 218 — на завочным. У Мінскую вобласць накіравана 39 выпускнікоў, Брэсцкую — 3, Віцебскую — 2, Гомельскую і Магілёўскую — па 1 чалавеку, у Мінск — 38 маладых спецыялістаў. 76 чалавек атрымалі свабодныя дыпломы.
У 2014 годзе плануецца выпусціць 226 студэнтаў (дзённая форма навучання) і 134 студэнты (завочная). На бюджэтную форму сёлета набралі 169 абітурыентаў па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”, недабор склаў 37 чалавек на платную форму навучання”.
Як адзначалася на нарадзе, прынята новая Інструкцыя аб атэстацыі педагагічных работнікаў, у адпаведнасці з якой выхавальнік дашкольнай адукацыі, які мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, абавязаны праходзіць працэдуру яе пацвярджэння адзін раз у пяць гадоў.
З прыняццем новых падыходаў да атэстацыі педагагічных работнікаў, становіцца зразумелым, што тыя педагогі, якія не маюць адукацыі па спецыяльнасці, не змогуць прэтэндаваць на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Таму неабходна выкарыстоўваць магчымасці перападрыхтоўкі.
Паводле слоў намесніка дэкана факультэта кіраўніцкіх работнікаў і спецыялістаў школ і дашкольных устаноў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Наталлі Уладзіміраўны Васілевіч, перападрыхтоўка ў АПА мае свае асаблівасці: яна не завочная, а вочная, сяміэтапная, доўжыцца паўтара года. Набор у групы па перападрыхтоўцы педагогаў будзе арганізаваны ў верасні 2014 года.
На перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі прымае заяўкі і Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя М.Танка. Як расказала дырэктар гэтага інстытута Ганна Фёдараўна Клімовіч, за кошт бюджэтных сродкаў і на платнай аснове ажыццяўляецца перападрыхтоўка па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”, кваліфікацыя “Педагог”. У другім паўгоддзі 2013 года на бюджэтнай аснове рэалізуюцца адукацыйныя праграмы павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў, выхавацеляў, настаўнікаў-дэфектолагаў “Навукова-метадычныя асновы інтэграванага навучання і выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту”, “Інфармацыйныя тэхналогіі ў сістэме карэкцыйных заняткаў з дзецьмі з АПФР”, “Карэкцыйна-педагагічная дапамога дзецям з кахлеарнымі імплантамі” і інш. У змесце гэтых праграм прадстаўлены актуальныя, якія не атрымаўлі дастатковага адлюстравання ў спецыяльнай псіхолага-педагагічнай літаратуры, пытанні практычнай дзейнасці спецыялістаў, якія працуюць з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У 2014 годзе інстытут прапануе таксама шэраг адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі кіраўніцкіх работнікаў сістэмы дашкольнай адукацыі: “Псіхолага-педагагічныя асновы дзейнасці кіраўніка ўстановы дашкольнай адукацыі”, “Псіхолага-педагагічныя асновы дзейнасці педагога ўстаноў дашкольнай адукацыі (для выхавальнікаў, якія не маюць адукацыі па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”), “Навукова-метадычныя асновы інтэграванага навучання і выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту”. Цікавымі для педагогаў будуць і праграмы “Педагагічны савет: праводзім інакш”, “Асновы педагагічнага дызайну”, “Асновы канфлікталогіі” і інш. Гэтыя праграмы маюць мэтавую накіраванасць і адрозніваюцца практыка-арыентаваным зместам, асваенне якога дазволіць як павысіць якасць кіравання ўстановай, так і аптымізаваць арганізацыю метадычнай работы з кадрамі.
Пільная ўвага прысутных была звернута на пытанні праходжання атэстацыі на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Пры гэтым вялікае значэнне надаецца метадычнай кампетэнтнасці педагогаў, веданню сучасных нарматыўных прававых асноў дашкольнай адукацыі і якаснаму абагульненню педагагічнага вопыту.
З лютага 2013 года ў АПА было пададзена 149 заяў на здачу кваліфікацыйнага экзамену. Па розных прычынах здавалі гэты экзамен 74 педагогі. 49 з іх (66,3%) паспяхова справілася з выпрабаваннем. Сярод слабых месцаў тых, хто экзаменаваўся, камісія адзначыла недастатковую прапрацаванасць педагагічнага вопыту, значнае перавышэнне яго аб’ёму, недакладную фармулёўку тэмы вопыту, няўзгодненасць мэт, задач і канчатковага выніку; адсутнасць дакладнага алгарытму дзеянняў, доказнасці і рэзультатыўнасці прымянення вопыту, нізкі ўзровень валодання інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі.
Па словах начальніка аддзела інавацыйных тэхналогій у дашкольнай адукацыі АПА Таццяны Уладзіміраўны Скілковай, у мэтах аказання дапамогі педагагічным работнікам па падрыхтоўцы да атэстацыі ці здачы кваліфікацыйнага экзамену на пацвярджэнне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі неабходна комплексная метадычная работа ўстаноў дашкольнай адукацыі, упраўленняў і аддзелаў адукацыі і рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі. Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на прадстаўленне педагагічнага вопыту. Высокія экспертныя ацэнкі можа атрымаць толькі той вопыт, які распрацаваны на аснове ўзгодненых мэт і задач педагагічнай дзейнасці, які з’яўляецца актуальным і выніковым, змяшчае аўтарскі прадукт (сістэму метадаў ці прыёмаў, форм, сродкаў, тэхналогій навучання і выхавання, падыходаў да адбору зместу), прадстаўлены тэхналагічна (ёсць дакладны алгарытм дзеянняў), даказана выніковасць яго прымянення на аснове канкрэтных паказчыкаў, ёсць рэкамендацыі для яго выкарыстання іншымі педагогамі. Вялікае значэнне для паспяховай здачы кваліфікацыйнага экзамену мае ступень свабоднага валодання аўтарам зместу прадстаўленага вопыту і ўменне мадэляваць адукацыйную дзейнасць на яго аснове. У ходзе падрыхтоўкі педагогаў неабходна забяспечыць не толькі арганізацыйна-метадычнае, але і іх псіхалагічнае суправаджэнне. УАПА запланаваны кансультацыі і тры курсавыя мерапрыемствы “Навукова-метадычнае суправаджэнне падрыхтоўкі і прадстаўлення педагагічнага вопыту”, якія адрасуюцца менавіта выхавальнікам устаноў дашкольнай адукацыі.
У новым навучальным годзе будзе працягвацца работа па абнаўленні навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Як нагадала ўдзельнікам нарады А.Л.Давідовіч, у адукацыйным працэсе павінны выкарыстоўвацца вучэбныя дапаможнікі і іншыя вучэбныя выданні, зацверджаныя альбо дапушчаныя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, рэкамендаваныя арганізацыямі, якія ажыццяўляюць навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыі. Дарэчы, забяспечанасць вучэбна-метадычнымі выданнямі — адзін з паказчыкаў дзейнасці ўстановы адукацыі. Установы дашкольнай адукацыі Міншчыны лідзіруюць сярод рэгіёнаў рэспублікі па забяспечанасці вучэбнымі выданнямі, а Мінск наперадзе па аснашчанасці ўстаноў сродкамі навучання.
Паступова ў дапамогу педагогам-дашкольнікам ствараюцца электронныя сродкі навучання. Дарэчы, у трох установах дашкольнай адукацыі рэспублікі — цэнтры развіцця дзіцяці Іўя Гродзенскай вобласці, яслях-садзе № 522 Мінска, яслях-садзе № 84 Магілёва — сёлета будзе рэалізоўвацца інавацыйны праект “Укараненне інтэрактыўных электронных сродкаў навучання ў адукацыйны працэс устаноў дашкольнай адукацыі”.
Распрацоўшчыкі праграмнага забеспячэння адукацыйнага прызначэння — ТАА “Інтэлектуальныя рашэнні” — прапанавалі дапамогу ў стварэнні праграмнага прадукта па бяспецы жыццядзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту. ЭСН прадугледжвае стварэнне анімацыйных ролікаў па правілах дарожнага руху з выкарыстаннем відэаспецэфектаў, фота- і відэаматэрыялаў, адзнятых непасрэдна на дарогах.
На думку А.Л.Давідовіч, у справе стварэння ЭСН па пытаннях бяспекі дзяцей неабходна аб’яднаць намаганні педагогаў дашкольных устаноў і распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння. Прычым варта распрацаваць такі ЭСН для дашкольнікаў, які б датычыўся правіл паводзін дзяцей не толькі на дарозе, але і дома, у паездцы, у лесе і г.д.
Увага педагогаў была звернута і на пытанні інфармавання насельніцтва аб тым, што адбываецца ў сістэме дашкольнай адукацыі праз сайты і парталы ўпраўленняў (аддзелаў) адукацыі, устаноў дашкольнай адукацыі. Падкрэслівалася, што на сайтах мэтазгодна размяшчаць інфармацыю па розных напрамках дзейнасці ўстаноў, прадстаўляць аб’явы, гарачыя навіны. У наведвальнікаў павінна быць магчымасць пазнаёміцца праз сайт з мерапрыемствамі, якія плануюцца і праводзяцца ва ўстанове. Пасля правядзення гэтых мерапрыемстваў рэкамендуецца размяшчаць на сайце наглядныя матэрыялы, якія стануць своеасаблівай прэзентацыяй дзейнасці.
Вынікам інфармацыйнага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу праз сайт павінна быць карэкцыя дзейнасці, удасканаленне якасці адукацыйнага працэсу з улікам пажаданняў і запытаў законных прадстаўнікоў выхаванцаў. Паказчыкам эфектыўнасці работы сайта ўстановы з’яўляецца яго пастаяннае абнаўленне (не радзей 1 разу на тыдзень).
***
Такім чынам, у новым навучальным годзе намаганні педагогаў-дашкольнікаў павінны быць накіраваны на вырашэнне такіх задач, як аптымізацыя сеткі дашкольных устаноў — укараненне новых форм арганізацыі дашкольнай адукацыі, у тым ліку і на платнай аснове, укараненне гібкіх, эканамічна мэтазгодных напрамкаў дзейнасці ўстаноў, фарміраванне адаптыўнай здароўезберагальнай сістэмы; развіццё ва ўстановах высокатэхналагічнага адукацыйнага працэсу, а таксама павышэнне сацыяльнага статусу работнікаў сістэмы дашкольнай адукацыі.