Удасканаленне педагагічных кампетэнцый і павышэнне якасці падрыхтоўкі навучэнцаў — найважнейшыя складнікі паспяховай работы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, лічыць дырэктар Салігорскага дзяржаўнага каледжа Алена Хаміцэвіч. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Алена Мікалаеўна, вы працуеце ў каледжы амаль 35 гадоў. Як за гэты час змянілася ўстанова?
— Наша ўстанова адукацыі пачала працаваць 13 лютага 1966 года. Больш чым пяць дзесяцігоддзяў стваралася яе гісторыя, фарміраваліся традыцыі, мяняліся статусы. У 2008 годзе вучылішча стала будаўнічым прафесійным ліцэем, праз два гады ён быў ператвораны ў Салігорскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж, што дазволіла рыхтаваць для Салігорска і Мінскай вобласці кваліфікаваных рабочых. Праз некаторы час у сувязі з рэфармаваннем сістэмы адукацыі пад дахам Салігорскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа адбылося аб’яднанне чатырох адукацыйных устаноў — так з’явіўся Салігорскі дзяржаўны каледж. Сёння ў ім функцыянуюць чатыры аддзяленні: педагагічнае, будаўнічае, політэхнічнае і завочнае. Пры гэтым установе ўдалося захаваць галоўнае — высокапрафесійны педагагічны калектыў, імкненне да якаснага ўзроўню арганізацыі адукацыйнага працэсу на аснове сучасных інавацыйных тэхналогій і запатрабаваныя спецыяльнасці.
Наша ўстанова ажыццяўляе падрыхтоўку кадраў для машынабудаўнічай, будаўнічай і горназдабыўной галін эканомікі, спецыялістаў педагагічнага профілю. Сёння каледж — выдатны студэнцкі гарадок, дзе ёсць усё неабходнае для вучобы, пражывання і адпачынку навучэнцаў. У нас атрымліваюць спецыяльнасць больш чым 1000 маладых людзей, працуюць каля 100 выкладчыкаў, майстроў і выхавальнікаў.
Штогод установа адукацыі выпускае больш за 300 спецыялістаў. Важна, што выпускнікі заўсёды запатрабаваны на рынку працы, многія з іх паступаюць ва УВА. Поспехаў Салігорскі дзяржаўны каледж дасягае дзякуючы высокапрафесійнаму педагагічнаму калектыву, які штогод адзначаецца ганаровымі граматамі і падзякамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Міністэрства адукацыі і інш.
— На працягу двух гадоў у каледжы рэалізуецца эксперыментальны праект “Распрацоўка і апрабацыя мадэлі ўзаемадзеяння “каледж — школа” па арганізацыі прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі з АПФР”. Што падштурхнула да такога рашэння?
— Праект па названай тэме рэалізуецца з верасня 2022 года. Яго мэта — распрацоўка канцэптуальных асноў і мадэлі арганізацыі сістэмнай прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі з АПФР у сістэме “каледж — школа — сям’я”. Іншымі словамі, неабходна з вялікага пераліку прафарыентацыйных мерапрыемстваў, форм і метадаў выбраць тыя, якія дазволяць уключыць у актыўную работу дзяцей з АПФР, скарэкціраваць кірункі такой дзейнасці для выхаванцаў з інтэлектуальнай недастатковасцю, парушэннямі слыху, маўлення і інш. У выніку плануецца распрацаваць і адаптаваць дыягнастычныя методыкі для вызначэння прафесійных памкненняў навучэнцаў з АПФР, сістэматызаваць матэрыялы, якія арыентуюць на спецыяльнасці прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Сёння пытанням інклюзіі ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага як на ўзроўні заканадаўчай базы, так і на ўзроўні соцыуму. Праблема атрымання прафесійнай адукацыі для людзей з АПФР вельмі актуальная. Колькасць дзяцей і дарослых, якія маюць расстройствы псіхічнага і фізічнага здароўя, штогод павялічваецца. Бацькі не заўсёды гатовы адправіць такіх дзяцей, якія заканчваюць школу, у іншы горад для далейшага навучання. Таму нам неабходна выпрацаваць пэўную стратэгію таго, як у найбліжэйшай перспектыве дапамагаць людзям з АПФР мабільна і паспяхова сарыентавацца пры выбары далейшага шляху. Трэба прапанаваць ім варыянты атрымання прафесійнай адукацыі з улікам стану іх здароўя і запатрабаванасці такіх спецыялістаў на рынку працы. У гэтым кірунку Салігорскі дзяржаўны каледж праводзіць шмат прафарыентацыйных мерапрыемстваў. Дзякуючы ім, не толькі адбываецца знаёмства са спецыяльнасцямі, якія можна ў нас атрымаць, але і ў цэлым раскрываецца разнастайнасць рабочых прафесій, робіцца акцэнт на асабістых якасцях, неабходных у той ці іншай сферы дзейнасці. У рабоце з навучэнцамі і іх бацькамі выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя формы, практыка-арыентаваныя заданні і інш.
— Назавіце прыярытэтны, на ваш погляд, напрамак у развіцці прафесійных кампетэнцый маладых спецыялістаў.
— Адным з прыярытэтных напрамкаў у развіцці прафесійных кампетэнцый з’яўляецца далучэнне педагогаў і навучэнцаў каледжа да ўдзелу ў конкурсах прафесійнага майстэрства. З 2019 па 2024 год нашы навучэнцы і педагогі ўдастоены 19 дыпломаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўню за ўдзел у такіх спаборніцтвах.
У 2023 годзе на рэспубліканскім конкурсе ProfSkills Belarus прадстаўнікі нашага каледжа выступалі ад Мінскай вобласці ў 4 кампетэнцыях: “Зварачныя тэхналогіі”, “Цагляны мур”, “Цяслярская справа”, “Абліцоўка пліткай”.
Работа па падрыхтоўцы да конкурсаў вядзецца з першых дзён навучання ў каледжы. У майстэрнях і лабараторыях пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў-майстроў вытворчага навучання ў выхаванцаў фарміруюцца і ўдасканальваюцца базавыя прафесійныя навыкі. Таксама тут праводзяцца ўнутрыкаледжныя конкурсы, арганізоўваюцца факультатыўныя заняткі, вядзецца пазаўрочная гуртковая работа. У лепшых навучэнцаў ёсць магчымасць больш часу працаваць з абсталяваннем і інструментамі, якія часта выкарыстоўваюцца толькі пры выкананні конкурсных заданняў. Апрабаваўшы пэўныя формы работы з канкурсантамі, педагогі каледжа ўключаюць гэтыя тэмы ў змест праграм па спецыяльнай тэхналогіі, навучанні, каб усе навучэнцы маглі асвоіць самыя перадавыя, сучасныя тэхналагічныя працэсы, замацаваць уменні і навыкі работы з інструментамі, абсталяваннем, матэрыяламі.
Майстэрні і лабараторыі каледжа — гэта база ў авалоданні прафесійнымі кампетэнцыямі. Нестандартныя ўменні, якія дапамагаюць спраўляцца са складанымі конкурснымі заданнямі, фарміруюцца менавіта падчас работы ў майстэрнях. Сёння мы ганарымся сваімі выпускнікамі, і не толькі таму, што яны становяцца высокакваліфікаванымі спецыялістамі. Актыўны ўдзел у конкурсным руху дапамагае ім авалодаць уменнямі, якія выходзяць за рамкі сучасных патрабаванняў, дазваляе пашырыць уяўленні аб развіцці прафесіі ў будучыні.
— На чым робіце акцэнт у падрыхтоўцы будучых педагогаў?
— Важным фактарам павышэння якасці падрыхтоўкі будучых педагогаў з’яўляецца ўдасканаленне вучэбна-праграмнага і метадычнага забеспячэння вучэбнага працэсу пры дапамозе электронных адукацыйных рэсурсаў. У нашым каледжы распрацавана свая мадэль лічбавізацыі адукацыйнай прасторы. Асаблівае значэнне мае вучэбна-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу, якое складаецца з ЭАР. У банку ёсць 23 аўтарскія вучэбныя дапаможнікі, якія маюць структуру электроннага вучэбна-метадычнага комплексу, 33 адукацыйныя блогі. Кожны педагог сёння імкнецца да стварэння свайго іміджу, а наяўнасць аўтарскага адукацыйнага рэсурсу спрыяе павышэнню яго прэстыжу. У метадычных скарбонках і партфоліа выкладчыкаў велізарны пералік медыярэсурсаў, інтэрактыўных плакатаў, практыкаванняў і заданняў.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца практыка-арыентаванаму падыходу з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій, якія павышаюць прафесійныя кампетэнцыі будучых спецыялістаў. Эфектыўнай лічбавай трансфармацыі адукацыйнага асяроддзя ў каледжы спрыяе шэраг умоў: наяўнасць высокапрафесійных, кампетэнтных і матываваных педагогаў, падтрымка ўсіх зацікаўленых структур, удзел у інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці, наяўнасць сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базы і г.д.
— Як прымяняецца рэсурс музея памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у навучанні і выхаванні маладых людзей?
— Дзейнасць музея накіравана на выхаванне патрыятызму, сацыяльна актыўнай асобы маладога чалавека на прыкладзе лёсу мужных землякоў. Мы аддаём даніну памяці тым, хто не вярнуўся з Афганістана, расказваем пра подзвігі воінаў-інтэрнацыяналістаў. Сёння музей — гэта сэрца нашай патрыятычнай работы. Навучэнцы каледжа прымаюць удзел у тэматычных мерапрыемствах, займаюцца пошукава-даследчай дзейнасцю. У музеі праводзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы, экскурсіі, сустрэчы, урокі мужнасці. Падчас размоў з ветэранамі афганскай вайны дзеці з першых вуснаў слухаюць праўдзівыя гісторыі пра салдат, якія з гонарам і годнасцю выконвалі свой воінскі абавязак.
— Алена Мікалаеўна, што ў Год якасці неабходна для паспяховай работы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі?
— Год якасці, аб’яўлены ў краіне, закрануў усе сферы нашага грамадства, уключаючы адукацыю. Установы прафесійнай адукацыі актывізуюць работу па ўдасканаленні якасці падрыхтоўкі будучых спецыялістаў. Але яна заключаецца не толькі ў перадачы прафесійных ведаў, фарміраванні ўменняў і навыкаў маладых спецыялістаў. Маюцца на ўвазе іх гатоўнасць да сістэматычнай работы, накіраванай на павышэнне ўласнага майстэрства, здольнасць творча вырашаць нестандартныя задачы.
З гэтай мэтай ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі неабходна больш актыўна ўкараняць у адукацыйны працэс метады і тэхналогіі, якія з’яўляюцца практыка-арыентаванымі. Заказчыкі кадраў на вытворчасці і ва ўстановах адукацыі чакаюць ад маладых спецыялістаў адказнага і крэатыўнага выканання функцыянальных абавязкаў. Усё гэта магчыма пры цесным узаемадзеянні з базавымі прадпрыемствамі і заказчыкамі кадраў, адзіных падыходах і пераемнасці ў фарміраванні прафесійных кампетэнцый будучых спецыялістаў і стварэнні сучаснага адукацыйнага асяроддзя, уключаючы матэрыяльна-тэхнічную базу.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА