Сяргей Генадзьевіч Мармыш у 25 гадоў стаў намеснікам дырэктара, а ў 27 ужо ўзначаліў Гудзевіцкую сярэднюю школу Мастоўскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Мой прафесійны шлях у Гудзевіцкай сярэдняй школе пачаўся пад дэвізам “Поспех не прыходзіць да цябе — ты ідзеш да поспеху”, — адзначыў С.Г.Мармыш. — Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы я ганарыўся атрыманым званнем “Настаўнік фізікі”, бо маё прызванне — дарыць дзецям радасць, вучыць іх верыць у сваю непаўторнасць, дапамагаць раскрыцца іх здольнасцям. Мне як кіраўніку важна ператварыць атмасферу манатоннасці разумовай працы ў свята разважанняў, адкрыццяў і радасных перажыванняў. Фізіка — гэта ўсё тое, што нас акружае. Гэта неба і сонца, трава і вада, самая маленькая пясчынка і велізарная гара. Не ведаць прыроды з’яў — усё роўна што не ведаць роднай мовы. З такімі думкамі я ішоў у школу…
Цікавасць да прафесіі настаўніка праявілася ў Сяргея Мармыша яшчэ ў школьныя гады. Яму асабліва падабалася матэматыка — дзякуючы настаўніцы Валянціне Мечыславаўне Васько, якая цяпер працуе ў Курылавіцкай сярэдняй школе. Пры паступленні ва ўніверсітэт юнак выбраў іншую дакладную навуку, аднак урокі школьнага настаўніка матэматыкі наклалі адбітак на ўсё яго жыццё. Можа, таму, пачаўшы выкладаць фізіку і інфарматыку ў тады яшчэ Гудзевіцкай гімназіі, цалкам аддаўся працы. Маладога таленавітага педагога заўважылі і ў 2017 годзе прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. У 2020 годзе ён узначаліў установу адукацыі.
— Этапы станаўлення і адаптацыі магчымы толькі пры наяўнасці асяроддзя паспяховасці і прафесіяналізму калектыву, у які прыходзіць малады настаўнік, — упэўнены Сяргей Генадзьевіч. — У кожнага маладога спецыяліста ў школе ёсць свой настаўнік, які дапамагае яму ва ўсіх пачынаннях. Для мяне такім чалавекам стала Таццяна Уладзіміраўна Кароза.
Як любы малады спецыяліст, у першыя гады работы Сяргей Мармыш адчуваў пэўныя цяжкасці з-за адсутнасці практычнага вопыту.
— Лічу, учарашняму выпускніку неабходна падтрымка, каб асвоіцца на першым працоўным месцы, навучыцца прымяняць атрыманыя тэарэтычныя веды і ўменні ў сваёй практычнай педагагічнай дзейнасці. Ва ўстановах адукацыі Гродзенскай вобласці наладжана сістэма работы з маладымі спецыялістамі. Яна дазваляе ім адаптавацца да работы ў школе, пазбегнуць няўпэўненасці ва ўласных сілах, наладзіць паспяховую камунікацыю з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, сфарміраваць матывацыю да далейшай самаадукацыі па прадмеце і методыцы яго выкладання, адчуць смак прафесійных дасягненняў, праявіць індывідуальнасць, нарэшце, пачаць фарміраванне ўласнай прафесійнай траекторыі, — падзяліўся С.Г.Мармыш.
У Гудзевіцкай сярэдняй школе працуе школа маладога настаўніка, у рамках якой праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё творчых і прафесійных якасцей педагогаў. Будучы маладым спецыялістам, сённяшні кіраўнік установы таксама прымаў удзел у семінарах-практыкумах, круглых сталах, майстар-класах і цяпер з веданнем справы падтрымлівае такія пачынанні.
Малады дырэктар стараецца як мага часцей звяртацца да папячыцельскага і бацькоўскага камітэтаў, прыцягваць вучнёўскае самакіраванне, абмяркоўваць і вырашаць з імі важныя кіраўніцкія задачы.
Уражвае вялікае партфоліа, у якім сабраны дасягненні школы і С.Г.Мармыша за 10 гадоў. Не дзіўна, што грамат і дыпломаў так многа: школа заўсёды ўваходзіла ў тройку лідараў па арганізацыі работы ў сістэме адукацыі раёна.
У 2015 годзе С.Г.Мармыш прыняў удзел у раённым конкурсе “Малады спецыяліст XXI стагоддзя” і быў адзначаны дыпломам ІІ ступені. У 2016 годзе ўзнагароджаны дыпломам І ступені на адкрытай раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Ашмянскі ТЭМП — творчасць, эксперымент, майстэрства педагогаў”, дыпломам I ступені ў рэспубліканскім інтэрнэт-праекце “IT-рашэнні для адукацыі будучыні”. А ў 2017 годзе атрымаў дыплом ІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе распрацовак настаўнікаў фізікі “Народны падручнік. Фізіка: VII клас”.
Перамога ў школьным этапе конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” дазволіла Сяргею Мармышу прыняць удзел у раённым этапе конкурсу, дзе ён заваяваў перамогу ў намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”. Гэта была цудоўная магчымасць пераняць вопыт лепшых настаўнікаў раёна, што для маладога педагога замяняе сотні гадзін семінараў. На думку нашага героя, аснова самаўдасканалення любога педагога — гэта абмен вопытам, а дзе, як не на конкурсах і форумах, адбываецца абмен каштоўным вопытам і напрацоўкамі.
С.Г.Мармыш прымаў удзел у IV Мінскім маладзёжным фестывалі педагагічных ідэй і рашэнняў, рэспубліканскіх акцыі “Вопытныя педагогі вырастаюць з маладых” і фестывалі педагагічных ідэй “Прызванне — педагог”. Гэта дазволіла яму павысіць узровень педагагічнага майстэрства, натхніцца вопытам членаў рэспубліканскага і абласнога клубаў “Крыштальны журавель” і намеціць перспектывы далейшай работы.
— Мне як маладому педагогу ўдзел у такіх конкурсах і мерапрыемствах дапамог рэалізаваць свае творчыя здольнасці і надаў упэўненасці ў правільнасці выбранага шляху, — адзначыў Сяргей Генадзьевіч. — Імкненне да далейшага самаразвіцця стымулююць і перамогі маіх навучэнцаў. А іх нямала. Вучняў нашай школы можна ўбачыць усюды: на рэспубліканскіх і рэгіянальных фестывалях, конкурсах, алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, спартыўных спаборніцтвах. Яны становяцца стыпендыятамі фондаў і лаўрэатамі прэмій. Мы ганарымся іх паспяховым удзелам у 2022 годзе ў рэспубліканскім конкурсе літаратурна-даследчых работ “Святло праваслаўя” (тры дыпломы I ступені і тры дыпломы II ступені). Наогул, зносіны з рознымі людзьмі, магчымасць дзяліцца ведамі і вопытам, прастор для творчасці і развіцця здольнасцей — усё гэта дазваляе настаўніку атрымліваць асалоду ад сваёй дзейнасці. Работа ў школе — гэта не толькі штодзённыя ўрокі, раённыя, абласныя і рэспубліканскія семінары, але і цікавыя экскурсіі, творчыя канцэрты, вясёлыя педагагічныя турзлёты і спаборніцтвы.
Педагог — прамень дабра і святла, на якім трымаюцца адукацыя і выхаванне асобы, здольнай жыць і тварыць.
Забяспечыць аптымальнае развіццё асобы ў адпаведнасці са схільнасцямі і здольнасцямі дапамагае соцыум аграгарадка Гудзевічы: сельскі выканаўчы камітэт, цэнтр вольнага часу і культуры, сельская бібліятэка, літаратурна-краязнаўчы музей. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з аграпрадпрыемствам “Гудзевічы”, штогод выдатнікі, пераможцы алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, лепшыя спартсмены школы ўзнагароджваюцца грашовымі прэміямі.
— Я выдатна разумею, што аднаму кіраваць цяжка, — прызнаўся суразмоўнік. — Для таго каб прывесці школу да поспеху, неабходны згуртаваны, дружны калектыў — каманда, на якую я магу разлічваць у любой сітуацыі. Такую каманду мне ўдалося стварыць праз заахвочванне калег і матывацыю да сумеснай дзейнасці. Нашы педагогі рэгулярна становяцца пераможцамі раённых і абласных конкурсаў, з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі семінараў і канферэнцый ад раённага да рэспубліканскага ўзроўню. Кіраўнік павінен разумець ускладзеную на школу місію, бачыць мэту, умець прагназаваць вынік, праяўляць здольнасці быць лідарам і браць на сябе адказнасць за даручаны яму калектыў, натхняць, вучыць людзей вырашаць нават самыя складаныя праблемы. На мой погляд, у гэтым і заключаецца майстэрства сучаснага кіраўніка.
Цікавы факт: дзверы ў кабінет дырэктара заўсёды адчынены. Кожны педагог ці навучэнец можа без запрашэння зайсці і задаць сваё пытанне. А дырэктар у любы момант гатовы выслухаць і дапамагчы.
Дрэнны той кіраўнік, які, дасягаючы поспеху сёння, не зазірае наперад, не робіць прагнозаў на будучыню. “На дасягнутым спыняцца нельга” — формула поспеху Сяргея Мармыша. А яшчэ ён вельмі любіць людзей і сваю работу. Як прызнаецца, найбольшую радасць яму дастаўляюць шчаслівыя і звонкія галасы дзяцей, крэатыў і творчасць педагогаў, утульная школа, мноства кветак на падворку, якія радуюць вока з ранняй вясны да позняй восені.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара