На Гомельшчыне завяршаецца прыёмка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года

- 15:48Актуально, Образование

На падрыхтоўчыя мерапрыемствы да новага навучальнага года ў бюджэце вобласці прадугледжана 13,7 млн рублёў, расказаў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў.

Па стане на 10 жніўня 90% устаноў адукацыі атрымалі дазвол на пачатак вучэбнага працэсу. Да падпісання актаў аб гатоўнасці да асенне-зімовага перыяду падрыхтаваны 99% устаноў. Больш  як 80% ужо маюць пашпарты гатоўнасці.

На падрыхтоўчыя мерапрыемствы да новага навучальнага года ў бюджэце вобласці прадугледжана 13,7 млн рублёў. Вялікая частка з іх ідзе на рамонт у інтэрнатах. Таксама закуплена тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, кухонны інвентар для харчаблокаў. Частка сродкаў ідзе на набыццё камп’ютарнай тэхнікі, сучаснага вучэбнага і гульнявога абста­лявання.

— Для падвозу дзяцей да месца вучобы цяпер задзейнічаны 244 аўтобусы, — адзначае Руслан Іванавіч. — Увесь транспарт абсталяваны відэарэгістратарамі. Да новага навучальнага года ў найбліжэйшыя дні (да 20.08) будуць набыты яшчэ 19 школьных аўтобусаў. Акрамя таго, па спецыяльным распараджэнні Міністэрства адукацыі чакаецца пастаўка ў Гомельскую вобласць 21 транспартнай адзінкі: 6 школьных аўтобусаў і 15 адзі­нак спецыяльнага транспарту для падвозу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Дзесяці прыгранічным раёнам вобласці — Брагінскаму, Веткаўскаму, Гомельскаму, Доб­рушскаму, Ельскаму, Лельчыцкаму, Лоеўскаму, Нараўлянскаму, Хой­ніцкаму і Чачэрскаму — выдзелена 3,4 млн рублёў для абсталявання 49 устаноў адукацыі турнікетамі.

Гомельская вобласць стала другой сярод рэгіёнаў па выніках конкурсу па арганізацыі падпіскі на выданні Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” ў першым паўгоддзі. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў атрымаў дыплом за 2-е месца і каштоўны падарунак. Павіншаваць пераможцаў прыехалі дырэктар Выдавецкага дома Кацярына Дубінская і намеснік па развіцці Людміла Пастарнакевіч.