На кантролі — кадравы рэзерв: якія пытанні абмяркоўвалі на выніковай калегіі на Віцебшчыне

- 15:20Новости

У Віцебскай вобласці на педагагічныя спецыяльнасці па мэтавых накіраваннях у 2023 годзе паступілі 217 выпускнікоў школ, паведамілі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” на выніковым пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама.

Выязное пасяджэнне калегіі адбылося ў Бешанковічах. У першай палове дня ўдзельнікаў рабочай сустрэчы запрасілі ў сярэднюю школу № 2 імя М.М.Ткачэнкі, дзе ўстановы адукацыі рэгіёна прадставілі інтэрактыўныя пляцоўкі па ўсіх напрамках дзейнасці. Аб’ядноўвала іх камфортная, адпавядаючая ўсім сучасным патрабаванням адукацыйная прастора школы, якая пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй атрымала другое нараджэнне. Унікаль­насць менавіта гэтага выпадку ў тым, што асноўную частку сродкаў на рамонт і новае абсталяванне для роднай школы выдаткаваў яе выпускнік — расійскі прадпрымальнік Аляксандр Яўневіч.

Педагогі і навучэнцы Бешанковіцкага раёна азнаёмілі са сваімі пошукамі і знаходкамі, падзяліліся дасягненнямі, правялі майстар-класы. Дарэчы, адразу пасля сустрэчы некаторыя з іх накіраваліся ў Віцебск на абласны этап рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”. Забягаючы наперад: праект навучэнца бешанковіцкай сярэдняй школы № 1 імя І.І.Строчкі Уладзіміра Аўчыннікава эксперты прызналі адным з лепшых. Юнак цікавіцца аграпрамысловымі тэхналогіямі і фермерствам. Упэўненую перамогу ў конкурсе яму прынёс праект “Кватэрная сядзіба”, створаны пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара школы Алены Піскуновай.

Ацэньваючы вынікі работы ў мінулым годзе, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома на пленарным пасяджэнні адзначыў, што ідэалагічнаму, грамадзянскаму, патрыятычнаму, ваенна-патрыятычнаму і духоўна-маральнаму выхаванню, фарміраванню здаровага ладу жыцця і прафілактыцы шкодных залежнасцей, арганізацыі ўзаемадзеяння з сям’ёй удзялялася і ўдзяляецца асаблівая ўвага. Праз выхаваўчую работу чырвонай ніткай праходзілі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Года міру і стварэння, накіраваныя на захаванне гістарычнай памяці і адзінства беларускага народа, забеспячэнне пераемнасці пакаленняў. Шырока выкарыстоўваўся патэнцыял кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, кадэцкіх вучылішчаў, ваенна-патрыятычных класаў і клубаў, цэнтраў па патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні, дапрызыўнай падрыхтоўкі, факультатыўных заняткаў патрыятычнай тэматыкі. Актыўна задзейнічалі патэнцыял музеяў, музейных пакояў устаноў адукацыі, магчымасці адзінага дня бясплатнага наведвання музеяў. На сёння 139 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі но­сяць імёны герояў Вялікай Айчыннай вайны, знакамітых выпускнікоў і землякоў. На сістэмнай аснове на працягу года праходзілі дыялогавыя пляцоўкі, мерапрыемствы праекта “ШАГ”, інфармацыйныя, класныя гадзіны, адзіныя ўрокі памяці. Для задавальнення адукацыйных і сацыякультурных запытаў дзяцей і моладзі, развіцця творчых здольнасцей арганізавана работа 3223 аб’яднанняў па інтарэсах, якія наведвалі 35 819 навучэнцаў. Таксама ў вобласці функцыянуюць больш за 1000 аб’яднанняў па інтарэсах спартыўнай накіраванасці, дзе займаецца 21 000 чалавек.

Плённа развіваецца супрацоўніцтва з Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам. У мінулым годзе тут прайшлі навучанне 236 прадстаўнікоў вобласці, прычым найбольшую выніковасць паказалі Глыбоцкі, Полацкі, Пастаўскі раёны. Знамянальнымі падзеямі адзначаны 2023 год у сістэме кадэцкай адукацыі: Віцебскае кадэцкае вучылішча зноў прызнана лепшым у краіне, а Полацкае кадэцкае вучылішча стала лаўрэатам прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”. Галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама за работу па ўдасканальванні функцыянавання кадэцкіх вучылішчаў узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспуб­лікі Беларусь.

Як праінфармаваў Дзмітрый Хома, на Віцебшчыне дашкольную адукацыю атрымліваюць больш за 40 тысяч выхаванцаў, ахоп ёю дзяцей ад 1 да 6 гадоў на 3,2% перавышае мэтавы паказчык дзяржпраграмы. Штогод расце адукацыйны і кваліфікацыйны ўзровень педагогаў. У рамках рэалізацыі 23 тэрытарыяльных планаў мерапрыемстваў па мадэрнізацыі ўстаноў дашкольнай адукацыі і аснашчэнні іх сучасным абсталяваннем асвоена каля 690 тысяч рублёў.

На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі ўпершыню была праведзена выніковая атэстацыя на ІІІ ступені ў форме цэнтралізаванага экзамену, сярэдні паказчык па выніках якога ў вобласці склаў 65 балаў (па рэспубліцы — 60). Найбольш высокія вынікі прадэманстравалі выпускнікі з Наваполацка і Кастрычніцкага раёна Віцебска (71 і 69 адпаведна). На якасць навучання ўплывае арганізацыя дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі ў кожнай установе. Гэтае пытанне было разгледжана на пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі ў лістапа­дзе
2023 года.

Сістэмная работа з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі дае свае станоўчыя вынікі. У прыватнасці, на рахунку Віцебшчыны за мінулы год — 1-е месца сярод абласцей на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (111 дыпломаў), камандная перамога на алімпіядзе Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная ед­насць”, 16 медалёў XIX Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы, 4 бронзавыя медалі 64-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды, XIX Міжнароднай геаграфічнай алімпіяды, 12-й Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды для дзяўчат. Пашыраецца і геаграфія пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды, якая ўключае Верхня­дзвінскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Ушацкі, Пастаўскі, Шумілінскі раёны. Безумоўнае лідарства захоўвае Віцебск.

Найбольшую колькасць дыпломаў на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах заваявалі віцебскія і наваполацкія навучэнцы. Cярод сельскіх раёнаў Дзмітрый Хома асобна вылучыў паспяховы ўдзел прадстаўнікоў Пастаўскага раёна.

Стратэгічна важным для галіны з’яўляецца пытанне самазабеспячэння кадрамі, уключаючы рэзерв. Для павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі ў вобласці з 2022 года арганізаваны форум класаў педагагічнай накіраванасці, зроблены акцэнт на павышэнні эфектыўнасці іх работы і мэтавай падрыхтоўцы. У выніку з мэтавымі накіраваннямі ва ўстановы вышэйшай адукацыі на педспецыяльнасці ў мінулым го­дзе паступіла 217 чалавек (у 2022 і 2021 гадах — 138 і 78 адпаведна). Ільготамі, прадугле­джанымі для выпускнікоў педкласаў, скарыстаўся 141 выпускнік, прычым 92 з іх — для паступлення ў ВДУ імя П.М.Машэрава. Таксама сумеснымі намаганнямі ў ВДУ набраны дзве групы будучых настаўнікаў матэматыкі і фізікі, большасць з іх — мэтавікі. Па гэтым напрамку работы Дзмітрый Хома прывёў у прыклад Першамайскі раён Віцебска, Талачынскі, Полацкі раёны і падкрэсліў: належнае кадравае забеспячэнне, укамплектаванасць спецыялістамі патрэбнай кваліфікацыі, поўная занятасць і стабільнасць працоўнага калектыву — гэта ў першую чаргу персанальная адказнасць кіраўніка ўстановы адукацыі.

— Наша работа павінна праходзіць пад знакам якасці, — падкрэсліў Дзмітрый Хома. — Гэта патрабуе ад нас дакладнага планавання, эфектыўнага размеркавання функцый, зладжанай работы па ўсёй вертыкалі, разумення агульных мэт і задач, неабыякавасці, карпаратыўнага этыкету, адказнасці калектываў і кожнага работніка за атрыманыя вынікі, мудрасці ў прыняцці рашэнняў, недапушчальнасці фармалізму, беражлівых адносін да таго, што маем, пастаяннага развіцця. У нас ёсць усе магчымасці і рэсурсы, каб захаваць і пры­множыць дасягнутае, рэалізаваць намечаныя планы і эфектыўна вырашыць задачы, якія стаяць перад сістэмай адукацыі.

 Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара