На Кармяншчыне за лета прыкладна 870 дзяцей адпачнуць у 29 лагерах дзённага знаходжання

- 12:10Планерка

У сямі студэнцкіх атрадах, якія створаны пры сельскагаспадарчых прадпрыемствах Кармянскага раёна, змогуць зарабіць свае першыя грошы 92 падлеткі. Як адзначыла ў размове з карэспандэнтам «Настаўніцкай газеты» начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Кармянскага райвыканкама Наталля Галаўнёва, частку дзяцей прыцягнулі да работы ў Чачэрскім спецлясгасе, іншыя заняты рамонтам мэблі і вырабам стэндаў. Між тым лета — гэта яшчэ і час падвя­дзення вынікаў.

— Нам ёсць чым ганарыцца, — расказвае Наталля Валянцінаўна. — Выпускнік нашай гімназіі, вучань настаўніка Анатоля Кармужаніна Кірыл Каляда, завая­ваў дыпломы трэцяга і заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Нашы школьнікі прывезлі чатыры дыпломы абласнога этапу прадметнай алімпіяды. Дарэчы, летась іх было два. Пяць педагогаў сталі дыпламантамі абласнога конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Загадчык Літвінавіцкага дзіцячага сада Лілія Грышчанка — дыпламант абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют”, і цяпер яна рыхтуецца да вочнага этапу на ўзроўні рэспублікі. Папоўнілася скарбонка дасягненняў нашай сістэмы адукацыі і некалькімі дып­ломамі конкурсаў рэспубліканскага ўзроўню: “Зялёныя школы”, “Юны натураліст”, “Калядная зорка”, “Мне пару крылаў дало юнац­тва”, “Будучыня пачынаецца сёння”. Навучэнцы нашага раёна ў складзе зборнай каманды Гомельскай вобласці годна выступілі на рэспубліканскай “Шкаліядзе”.

— За любымі дасягненнямі навучэнцаў заўсёды стаіць асоба настаўніка. Якая метадычная дапамога аказваецца педагогам, каб матываваць іх на прафесійны рост?

— Важна адзначыць, што наша раённая метадычная служба вельмі актыўна вырашае ўсе актуальныя пытанні, у тым ліку клапоціцца пра пастаяннае павышэнне кваліфікацыі педагогаў. Працу­юць раённыя вучэбна-метадычныя аб’яднанні, творчыя групы, школы ўдасканалення прафесійнага майс­тэрства, маладых спецыялістаў, настаўніцтва, рэзерву кіруючых кадраў, пачынаючага кіраўніка, клуб прыёмных бацькоў, два раённыя рэсурсныя цэнтры, вызначаны апорныя ўстановы па вучэбнай і выхаваўчай рабоце. Новапрызначаныя члены адміністрацыі ўстаноў адукацыі праходзяць стажыроўку. Штогод педагогі абменьваюцца вопытам на адкрытым педагагічным фестывалі “Спадчына П.М.Лепяшынскага”, які праводзіцца на базе Літвінавіцкай сярэдняй школы. Нашы настаўнікі трансліру­юць свой вопыт у сродках масавай інфармацыі, на сайце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, падчас метадычных мерапрыемстваў.

На Кармяншчыне за тры летнія месяцы прыкладна 870 дзяцей адпачнуць у 29 лагерах дзённага знаходжання.

— Раскажыце аб праектах, якія рэалізоўваюцца ва ўстановах адукацыі Кармянскага раёна.

— З 2022/2023 навучальнага года ў гімназіі распачаты эксперыментальны праект па апрабацыі мадэлей кіравання якасцю адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. У дзіцячым садзе № 6 укараняецца мадэль фарміравання культуры міжасобасных зносін дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя. Педагогі Літвінавіцкай сярэдняй школы прасоўваюць ідэю развіцця лідарскай пазіцыі ўстановы адукацыі ў сацыякультурнай прасторы аграгарадка. Некалькі нашых дзіцячых садоў сумесна займаюцца фарміраваннем інклюзіўнай адукацыйнай прасторы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара