На Міншчыне дадзены старт “РАЗУМНЫМ КАНІКУЛАМ”

22 мая ў Жодзіне адбыўся абласны форум дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў. Сёлета ён прайшоў пад дэвізам “Разумныя канікулы на Міншчыне: адпачывай, загартоўвайся, працуй і развівайся”.

Удзельнікамі форуму сталі больш чым 300 лідараў і актывістаў грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, пераможцаў конкурсаў прафесійнага майстэрства, удзельнікаў будаўнічых, сельскагаспадарчых, экалагічных, педагагічных, сэрвісных, валанцёрскіх атрадаў і атрадаў летнікаў працы і адпачынку Мінскай вобласці. У абласным форуме дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў таксама прынялі ўдзел намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалаевіч Юшкевіч, начальнік упраўлення адукацыі Галіна Мікалаеўна Казак і выконваючы абавязкі старшыні Жодзінскага гарадскога выканаўчага камітэта Юрый Аляксандравіч Шары.
Экскурсія на вытворчасць - лепшы урок прафарыентацыі. Падчас экскурсіі на БелАЗ.Форум складаўся з трох частак: экскурсій на вытворчасць, Лідарграда і дыялогу моладзі з дарослымі ў фармаце “адкрыты мікрафон”.
Падчас першай часткі форуму ўдзельнікі наведалі буйныя прадпрыемствы і арганізацыі горада: БелАЗ (вытворчасць кар’ерных самазвалаў), “Світанак” (вытворчасць трыкатажных вырабаў), кавальскі завод цяжкіх штамповак (вытворчасць металавырабаў для машынабудавання), “РУП ТУР-ПРА” (вытворчасць більярдаў), Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве, Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па жывёлагадоўлі, Жодзінскі гарадскі аддзел па надзвычайных сітуацыях, “Белаўтазапчасткі” (вытворчасць гідраўзмацняльнікаў, стальных труб). Экскурсіі на вытворчасць — рэальны шанс для дзяцей бліжэй пазнаёміцца з прафесіямі, убачыць іх не на фотаздымку, а ў справе, адрасаваць свае пытанні не настаўніку-прадметніку, а спецыялісту са шматгадовым вопытам у прафесіі.
Для наведвання прадпрыемстваў удзельнікам форуму было прапанавана раздзяліцца на групы. Мы далучыліся да той, якая мела намер пазнаёміцца з гордасцю і адным з сімвалаў краіны — Беларускім аўтамабільным заводам. Удзельнікі форуму наведалі Музей працоўнай славы, канвееры завода, экспазіцыю гатовай прадукцыі — кар’ерныя самазвалы. Сказаць, што ўбачанае ўразіла наведвальнікаў, не сказаць нічога. Юнакі наўзахваткі задавалі пытанні: дзе трэба вучыцца, каб потым працаваць на БелАЗе, ці патрэбна для кіравання самазвалам спецыяльнае вадзіцельскае пасведчанне, як транспарціруюцца беларускія самазвалы ў іншыя краіны свету, ці можна школьнікам папрацаваць летам на заводзе і г.д.
Дарэчы, сёлета заводу 65 гадоў. З гэтай нагоды 28 верасня аб’яўлена на прадпрыемстве днём адкрытых дзвярэй абсалютна для ўсіх. На заводзе чакаюць шмат гасцей не толькі з усёй Беларусі, але і з-за мяжы, якія пастаянна карыстаюцца любой магчымасцю на свае вочы ўбачыць цуд беларускага машынабудавання — машыны памерам з дом. Абяцае запомніцца гэты дзень і прэзентацыяй першага ў свеце кар’ернага самазвала грузапад’ёмнасцю 450 тон!
М.А.Саротнік, Г.М.Казак і А.М.Юшкевіч прагуляліся па вуліцы Маладых будаўнікоў у імправізаваным ЛідарградзеГосці форуму наведалі маладзёжны Лідарград — імправізаваны горад, на вуліцах якога моладзь прэзентавала свае захапленні, любімыя аздараўленчыя летнікі і розныя кірункі дзейнасці студатрадаўскага руху. Напрыклад, на вуліцы Педагагічнай Нясвіжскі дзяржаўны прафесійны ліцэй прадставіў работу студэнцкага педагагічнага атрада “НесКо”. Дэвіз атрада — “Дарыць дзецям радасць!”. На працягу многіх гадоў упадабаным месцам дыслакацыі атрада з’яўляецца дзіцячы аздараўленчы летнік імя Чайкі ў вёсцы Дразды Стаўбцоўскага раёна. “НесКо” — шматразовы пераможца абласнога конкурсу сярод студэнцкіх педагагічных атрадаў, а ў 2009 і 2011 гадах — пераможца рэспубліканскага конкурсу на лепшы педагагічны атрад.
Працаваць і не сядзець без справы — галоўнае і для студэнцкага будаўнічага атрада Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя, які размясціўся на вуліцы Маладых будаўнікоў. Атрад быў створаны ў мінулым годзе, калі 16 непаўналетніх старанна выконвалі розныя віды работ падчас рэканструкцыі малочна-таварнай фермы. Сёлета на базе ліцэя створаны ўжо тры будаўнічыя атрады агульнай колькасцю 52 чалавекі, якія будуць задзейнічаны на будпляцоўках Барысава.
Вуліцы Ураджайная, Сацыяльная, Зялёная на некалькі гадзін работы форуму “засялілі” тыя, хто не баіцца працы і выкарыстоўвае вольны час з карысцю. Міласэрнасць, дабрыня і клопат — усё гэта не пустыя словы для хлопчыкаў і дзяўчынак з сярэдняй школы № 3 Вілейкі, гімназіі № 1 Салігорска, сярэдняй школы № 14 Маладзечна, якія ў Лідарградзе пасяліліся на вуліцах Дабрыні і ўвагі і Вясёлых і знаходлівых.
Запамінальнай стала самапрэзентацыя Аздараўленчай вуліцы. Адзін з яе часовых “жыхароў” — лагер турыстычна-краязнаўчага профілю “Школа выжывання — падарожжа рабінзонаў” Салігорскага раёна, у якім сумяшчаецца вывучэнне гісторыі роднага краю і азнаямленне са школай усходніх адзінаборстваў. Турыстычны гурток “Мерыдыян” сярэдняй школы № 9 Жодзіна — ідэйны натхняльнік спартыўна-аздараўленчага летніка на базе школы. Сем гадоў назад дзейнасць гуртка арганізаваў настаўнік фізічнай культуры Мікалай Экскурсія на вытворчасць - лепшы урок прафарыентацыі. Падчас экскурсіі на БелАЗ.Аляксандравіч Салаўёў, актыўны і вопытны турыст, які курыруе гэты кірунак у горадзе. “Мерыдыян” штогод удзельнічае ў рэспубліканскіх конкурсах і спаборніцтвах і з’яўляецца неаднаразовым пераможцам і прызёрам спаборніцтваў па турызме.
У Старадарожскім раёне будзе функцыянаваць дзіцячы неперасовачны турыстычны палатачны лагер. Дзеці і педагогі будуць праводзіць археалагічныя раскопкі курганнага могільніка Х—ХІ стагоддзяў. Раскопкі будуць праходзіць у вёсцы Пасека пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Усяго ж летам 2013 года будуць функцыянаваць 214 профільных палатачных летнікаў для 4724 дзяцей. Акрамя таго, у вобласці ўжо не першы год будуць дзейнічаць летнікі працы і адпачынку. Летам 2012 года іх было 86, у гэтым годзе гатовы да работы 134 лагеры працы і адпачынку для 2206 дзяцей. Сярод іх, напрыклад, “Орлік” Капыльскага раёна, які заключыў дагавор з Орлікаўскім лясніцтвам: падлеткі будуць вязаць дубовыя і бярозавыя лазневыя венікі.
Летам 2013 года навучэнцы Барысаўскага, Валожынскага, Старадарожскага, Мінскага, Любанскага, Слуцкага і Пухавіцкага раёнаў будуць таксама аздараўлівацца ў ваенна-патрыятычных летніках (7 летнікаў, 437 дзяцей), у тым ліку на базе воінскіх часцей. Напрыклад, ужо восьмы год для дзяцей, якія знаходзяцца на ўліку, сумесна з вайсковай часцю № 3310 МУС будзе працаваць аздараўленчы летнік ваенна-патрыятычнага профілю “Вектар” Мінскага раёна.
Зусім невыпадковым было і месца правядзення форуму. Манумент “Маці-патрыётка” ў гонар Настассі Фамічны Купрыянавай — маці сямі дзяцей, пяць з якіх загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — душа горада, а моладзі — напамін пра тое, што заўсёды трэба памятаць пра велізарны ўклад кожнай беларускай сям’і ў магчымасць жыць у свабоднай прыгожай краіне.
Прэзентацыя аздараўленчага летніка Арляня Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці.Сёлета беларускаму студатрадаўскаму руху спаўняецца 50 гадоў. Штогод студэнты і навучэнцы з усёй краіны збіраюцца ў студэнцкіх атрадах, каб будаваць дамы, збіраць ураджай, выхоўваць дзяцей, і, канечне, умацоўваць сяброўства. Па традыцыі на абласным форуме быў дадзены старт “Працоўнаму лету — 2013”. Камандзіры зводных працоўных профільных атрадаў далажылі аб гатоўнасці ўнесці свой уклад у развіццё вобласці і атрымалі працоўныя пуцёўкі.
Завяршыўся форум дыялогам з дарослымі ў фармаце адкрытага мікрафона, дзе кожны мог задаць любое пытанне, якое цікавіла. Дыялог атрымаўся. Галоўным чынам, дзякуючы адкрытасці дарослых і іх імкненню адказаць як на наіўныя, так і на даволі сур’ёзныя пытанні. Да моладзі Міншчыны звярнулася начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак.
— Форум на Міншчыне праходзіць у восьмы раз. За гэты час ён стаў дыскусійнай пляцоўкай, дзе можна дзяліцца вопытам, задаваць пытанні, абмяркоўваць праблемы, прапаноўваць свае ідэі для таго, каб наша краіна і Мінская вобласць, у прыватнасці, абнаўляліся, развіваліся, мадэрнізаваліся. Патэнцыял у сучаснай моладзі велізарны, і гэта энергія павінна накіроўвацца толькі ў стваральнае рэчышча. Для гэтага сёння робіцца ўсё магчымае, — адзначыла Галіна Мікалаеўна. — Мінскай вобласці ёсць кім і чым ганарыцца. Гэта 17 стабальных сертыфікатаў па цэнтралізаваным тэсціраванні ў 2012 годзе, 5 медалёў міжнародных прадметных алімпіяд і конкурсаў па вучэбных прадметах, да іх у 2013 годзе ўжо далучыліся “серабро” і дзве “бронзы” Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды па хіміі, “бронза” навучэнца гімназіі № 1 Жодзіна Захара Якубоўскага на Міжнароднай канферэнцыі юных вучоных. Вярнуўся з высокай узнагародай Міжнароднага навукова-інжынернага конкурсу Intel, які праходзіў у ЗША, навучэнец гімназіі № 2 Салігорска Цімафей Малахоўскі. Гэтыя вынікі гавораць пра тое, што работу з дзецьмі нашы педагогі вядуць бесперапынна. Напярэдадні ж летніх канікул хачу пажадаць усім навучэнцам праводзіць свой адпачынак не толькі з максімальнай карысцю, але і з розумам.

Марына ПЫРКОВА.

pyrkova@ng-press.by

Фота аўтара.