На Міншчыне падчас летніх канікул працавала 1179 лагераў рознага тыпу

- 17:40Новости

У Мінскай вобласці падвялі вынікі летняй аздараўленчай кампаніі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Усяго ў рэгіёне працавала 1179 лагераў. У 792 лагерах з дзённым знаходжаннем адпачылі больш чым 6 700 дзяцей, у 387 лагерах з кругласутачным знаходжаннем — амаль 27 400, — расказала начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Цвірко.

Яна нагадала, што падчас летняй аздараўленчай кампаніі праходзіла рэспубліканская інфармацыйна-асветніцкая акцыя «Крок да поспеху», арганізоўваліся кіналекторыі з паказам фільмаў пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра гарады Беларусі, вядомых людзей.

У Мінскай вобласці праводзіліся розныя працоўныя акцыі, у тым ліку па добраўпарадкаванні помнікаў загінуўшым салдатам, — адзначыла Т. Цвірко. — Таксама ў рэгіёне дзейнічалі лагеры працы і адпачынку, у якіх знаходзіліся 1800 навучэнцаў. Акрамя гэтага, было праведзена больш як 3000 экскурсій рознага кірунку для больш чым 98 000 дзяцей.

Да таго ж суразмоўніца дадала, што часовую працоўную занятасць у студзені — жніўні выбралі больш за 5 300 навучэнцаў устаноў адукацыі.

Наталля САХНО
Фота аўтара