На Міншчыне з’явіліся новыя ўстановы адукацыі

- 9:00Главная, Образование

Урачыстае адкрыццё сеніцкай сярэдняй школы № 2 адбылося ў Мінскім раёне, а ў Смалявічах свае дзверы расчыніў дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці «Зорачка», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

З другой чвэрці ў сеніцкую СШ № 2 прыйшлі вучыцца 728 хлопчыкаў і дзяўчынак. Дарэчы, у гэтай школы ёсць свой сімвал — васілёк, які можна заўважыць здалёк: ён адлюстраваны на будынку. Выява кветкі таксама знаходзіцца на элементах дэкору навучальнай установы і на школьнай форме.

Адукацыйны працэс тут арганізуюць больш за 80 педагогаў, у тым ліку 17  маладых спецыялістаў, 7 з якіх — выпускнікі Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы, — расказала першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Соф’я Філістовіч. — У новай школе створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу: сучасныя кабінеты, у тым ліку хіміі, біялогіі, фізікі, інфарматыкі і інфармацыйных тэхналогій, лінгафонныя кабінеты, вучэбныя лабараторыі фізікі і астраноміі і інш.

Адметнасць навучальнай установы яшчэ і ў тым, што тут знаходзяцца раённы рэсурсны цэнтр па вывучэнні кітайскай мовы і цэнтр МНС.

Дарэчы, у цэнтры МНС дзеці пры дапамозе VR-акуляраў могуць прайсці віктарыны і квесты, а ў пакоі памылак разабрацца, якія месцы ў доме найбольш небяспечныя. На ўстаноўленых тут планшэтах працуе мабільны дадатак «МНС Беларусі: дапамога побач».

Што тычыцца адукацыйнага працэсу, то ў школе на павышаным узроўні 135 дзяцей з 5—9-х класаў вывучаюць англійскую мову. Ёсць тыя, хто выбраў для сябе прававы клас. Для больш дасканалай юрыдычнай падрыхтоўкі заключаны дагавор са Следчым камітэтам. Так, у 5 ваенна-патрыятычны клас было залічана 27 хлопчыкаў і дзяўчынак.

На трэцяй ступені навучання адкрыты інжынерны клас, дзе на павышаным узроўні выкладаецца фізіка і матэматыка, таксама прадугледжана абавязковае наведванне факультатыўных заняткаў «У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію». У гэтым напрамку школа супрацоўнічае з БДТУ і Мінскім дзяржаўным абласным каледжам.

Акрамя таго, іншым старшакласнікам прапануюць на павышанным узроўні авалодаць ведамі па рускай, англійскай мовах, хіміі і біялогіі. Але і гэта яшчэ не ўсё: для школьнікаў, якія вывучаюць усе прадметы на базавым узроўні, арганізавана асваенне курса па спецыяльнасці «Кандытар».

Сёння калектыў сеніцкай сярэдняй школы № 2 працуе над стварэннем раённага рэсурснага цэнтра па вывучэнні эканамічных дысцыплін і фінансавай дасведчанасці.

***

Месяц назад у Смалявічах пачаў працаваць дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці «Зорачка».

Сёння сад, які разлічаны на 230 месцаў, ужо наведваюць 228 выхаванцаў ад 2 да 7 гадоў, — расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. — Арганізавана 12 груп (4 — ад двух да трох гадоў, 4 — ад трох да чатырох гадоў, 2 — ад чатырох да пяці гадоў, 2 — ад пяці да шасці гадоў).

Для рознабаковага развіцця дзяцей ва ўстанове дзейнічаюць музычная і трэнажорная залы, зала для заняткаў фізкультурай і басейн. Медыцынскую дапамогу аказваюць у сучасным медыцынскім блоку, які ўключае два ізалятары і кабінет медработніка. Пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі і кабінет псіхолага забяспечваюць аказанне дэфекталагічнай і псіхалагічнай дапамогі выхаванцам.

Для стварэння сучаснай адукацыйнай прасторы ў дашкольнай установе адкрыты цэнтры бяспекі, пазнавальнага развіцця і STEAM-цэнтр. Дарэчы, з мэтай развіцця ў дзяцей цікавасці да культурнай, прыроднай, гістарычнай спадчыны арганізаваны цэнтр патрыятычнага выхавання «Я патрыёт».

Наталля САХНО