Выкладанне англійскай мовы — адзін з важных кірункаў у навучанні. Растлумачыць гэта даволі проста: ведаць замежную мову ў ХХІ стагоддзі — гэта прэстыжна. Менавіта таму спецыялісты згаданага профілю вельмі запатрабаваны. Але стаць добрым настаўнікам замежнай мовы даволі складана. Акрамя вышэйшай адукацыі, неабходна быць дасведчаным чалавекам, ісці ў нагу з часам, імкнуцца быць прыкладам для сваіх вучняў. І самае важнае: выкладчык англійскай мовы павінен ведаць прынцыпы педагогікі. Гэта дапаможа распрацаваць уласную методыку навучання, што, у сваю чаргу, дазволіць падаваць матэрыял правільна, даступна і цікава. Менавіта такім педагогам з’яўляецца Юлія Альфрэдаўна Волкава, настаўніца англійскай мовы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі гімназіі № 3 Барысава. Яна не проста таленавіты і адданы прафесіі спецыяліст, але і добры, уважлівы да дзяцей, тактоўны чалавек.
Юлія Волкава добра ведае методыку выкладання свайго прадмета. Размаўляючы пра вывучэнне замежнай мовы ў школе, прынцыпы выкладання прадмета, настаўніца расказвае, што англійская мова часта асацыіруецца з карпатлівай працай: запамінанне новых слоў, завучванне тэкстаў, засваенне граматычных правіл. Аднак, як упэўнена Ю.А.Волкава, ідэальны настаўнік павінен зрабіць вывучэнне мовы максімальна даступным для вучняў. Педагога, які цікава падае матэрыял, заўсёды любяць вучні і цэняць бацькі.
Сваю галоўную задачу настаўніца бачыць у выяўленні індывідуальна-псіхалагічных асаблівасцей вучняў, у развіцці здольнасцей кожнага дзіцяці. Яна імкнецца, каб усе навучэнцы авалодалі неабходнымі ведамі, уменнямі і навыкамі.
Юлія Альфрэдаўна — прадстаўнік сямейнай дынастыі настаўнікаў. Яе бацька, Альфрэд Аляксандравіч, і маці, Людміла Васільеўна, працавалі настаўнікамі англійскай мовы ў Верхнядзвінскім раёне. Юлія з залатым медалём скончыла Асвейскую сярэднюю школу. У 2001 годзе з дыпломам з адзнакай скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. З 2006 года настаўніца працуе ў гімназіі № 3 Барысава.
Ва ўмовах павышэння патрабаванняў да ўдасканалення іншамоўнай адукацыі прыярытэтнымі кірункамі ў сваёй рабоце Ю.А.Волкава лічыць уласны прафесійны рост і павышэнне якасці навучання. Яна пастаянна ўдасканальвае прафесійныя навыкі: займаецца самаадукацыяй, стараецца стварыць на ўроку дасканалае моўнае асяроддзе, імкнецца выбудаваць такую сістэму падрыхтоўкі навучэнцаў, якая ў выніку прыводзіць да паспяховай выніковай атэстацыі, здачы цэнтралізаванага тэсціравання. З ранніх тэрмінаў навучання фарміруе ў вучняў матывацыю да вывучэння замежнай мовы на аснове выкарыстання праблемных сітуацый, займальных і гульнявых момантаў у індывідуальнай і ў пазаўрочнай рабоце.
Урокі Юліі Альфрэдаўны адрозніваюцца глыбокай прадуманасцю, выразнасцю, лагічнай складнасцю. Дыдактычным стрыжнем многіх з іх з’яўляецца дзейнасць саміх навучэнцаў, у ходзе якой дзеці назіраюць, параўноўваюць, класіфікуюць, абагульняюць, робяць высновы. Для яе ўрокаў характэрны лагічны пераход ад аднаго этапу ўрока да іншага, ад простага задання да складанага. І ўсё гэта ўзаемазвязана, падпарадкавана пастаўленай мэце і, як вынік, дапамагае падтрымліваць цікавасць дзяцей да ўрока, іх актыўнасць і жаданне працаваць. Навучэнцы Юліі Альфрэдаўны не баяцца выказваць сваё меркаванне, задаваць пытанні, разважаць.
Юлія Волкава валодае інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі, удзельнічае ў распаўсюджванні педагагічнага вопыту.
Навучэнцы Юліі Альфрэдаўны падчас правядзення шматлікіх конкурсаў, алімпіяд і канферэнцый заўсёды паказваюць высокія вынікі: яны з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі раённай і абласной прадметных алімпіяд па англійскай мове. Сваім вучням настаўніца аддае шмат душэўных сіл і энергіі, надзяляе іх каласальным зарадам бадзёрасці, душэўнай раўнавагі, матывуе іх імкнуцца да поспеху.
Так, навучэнцы Ю.А.Волкавай 6 разоў станавіліся дыпламантамі абласнога этапу алімпіяды па англійскай мове: у 2018 годзе Дар’я Волкава атрымала дыплом І ступені. А на міжнародным конкурсе даследчых работ “Прызма”, што праводзіцца ў Маскве, Лізавета Дабравольская заваявала дыплом ІІ ступені.
Юлія Альфрэдаўна — гэта настаўнік з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Яна дзеліцца вопытам з калегамі, праводзіць адкрытыя ўрокі, майстар-класы, творчыя мерапрыемствы.
Акрамя актыўнага ўдзелу ў адукацыйным працэсе, педагог удзяляе многа часу выхаваўчай рабоце. Ужо некалькі гадоў запар яна сумяшчае сваё любімае захапленне, гульню “Што? Дзе? Калі?”, з работай і праводзіць школьныя клубныя мерапрыемствы ў гэтым кірунку, арганізуе ўдзел сваіх падапечных у раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных гульнях.
Але самыя галоўныя захапленні Юліі Альфрэдаўны — гэта яе сям’я і ружы. Безумоўна, настаўніца любіць, калі ёй іх дораць, але больш, чым атрымліваць, ёй падабаецца іх вырошчваць на ўчастку ля свайго дома. Дамашні сад Ю.А.Волкавай штогод папаўняецца новымі гатункамі самых розных расфарбовак, стужка Instagram мільгаціць ад дасягненняў у кветкаводстве, а сябры і вучні любуюцца цудоўнымі фотаздымкамі і захапляюцца шмаграннасцю настаўніцы. Напэўна, менавіта такі сур’ёзны падыход да ўсяго, што робіць, дазваляе настаўніцы дасягаць задуманага. А калі шчыра, то ў адносінах да Юліі Альфрэдаўны варта сказаць, што таленавіты чалавек можа ўсё. Згадзіцеся, нельга быць бездакорным настаўнікам і не быць цудоўным чалавекам.
Крысціна МУЛІЦА,
настаўніца гісторыі гімназіі № 3 Барысава.
Фота Сяргея ПАНКРАЦЬЕВА.






