На п’едэстале — каманда фізікаў

- 10:06Адукацыйная прастора

У гэтым годзе ў алімпіядзе прынялі ўдзел 420 чалавек з 86 краін. Гэтыя спаборніцтвы 48-я, але прайшло 50 гадоў з моманту правядзення першай Міжнароднай алімпіяды па фізіцы. У 1973 і 1980 гадах яна не праходзіла.

Арганізатарам сёлетніх спаборніцтваў выступіла Міністэрства адукацыі Інданезіі. У першы дзень выпрабаванняў школьнікам прапанавалі задачы эксперыментальнага тура. У першай з іх вывучалася дыфузія кухоннай солі і выкліканая гэтым змена каэфецыента праламлення. Праменьчык лазера пры даследаванні накіроўваўся на сасуд з вадой і соллю. З-за таго, што дыфузія мяняе праламленне, праменьчык выгінаецца. Неабходна было змераць вугал адхілення праменьчыка.

Умовы другой задачы размяшчаліся на 16 старонках! Яна прысвячалася стварэнню сейсмографа і была складзена на падставе адкрыцця, зробленага фізікамі Гунаванам і Віргусам, якое дазваляе рэгістраваць актыўнасць вулканаў. Вучоныя ўпершыню з гэтай мэтай выкарысталі магніты.

Кіраўнікі каманды расказалі, што беларускія школьнікі падчас эксперыментальнага тура дзве гадзіны з пяці рашалі заданні, якія арганізатары па тэхнічных прычынах выдалі ім на англійскай мове, а не на рускай. Тым не менш маладыя людзі мабілізаваліся і годна выйшлі з гэтай сітуацыі, бо ўсе ў той ці іншай ступені валодаюць англійскай мовай.

Наступны тур быў тэарэтычны. На працягу 5 гадзін школьнікі рашалі тры задачы: “Цёмная матэрыя”, “Землетрасенне, вулканы і цунамі” і “Пашырэнне сусвету”.

За рашэнне ўсіх алімпіядных задач навучэнцы маглі максімальна набраць 50 балаў. Сёлета ў каманды з Расіі — 5 залатых медалёў, што стала гістарычным рэкордам для гэтай краіны. Акрамя таго, залатыя медалі заваявалі ўсе прадстаўнікі Кітая і Сінгапура. Лепшым у эксперыментальным туры стаў японскі школьнік Акіхіра Ватанабэ, а ў тэарэтычным — юнак з Кітая Гао Хоўянг.

Школьнікі не толькі напружана папрацавалі падчас спаборніцтваў, але і добра адпачылі. Так, падчас экскурсіі яны наведалі самы вялікі ў свеце будыйскі храм IX стагоддзя Барабудур Тэмпле і музей ваенна-паветраных сіл Інданезіі.

Наступная Міжнародная алімпіяда па фізіцы пройдзе ў Партугаліі.

* * *

Школьнікі з навучальных устаноў Мінска штогод удзельнічаюць у Міжнароднай алімпіядзе па фізіцы, адкуль вяртаюцца з узнагародамі. Сёлета вельмі парадавалі і навучэнцы з рэгіёнаў. Так, у склад беларускай каманды ўваходзіў 14-цігадовы Валянцін Дарафееў. Гэты ўнікальны малады чалавек — выпускнік Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3. У сваім юным узросце ён, як і вядомы фізік Ландау, стаў студэнтам прэстыжнага ўніверсітэта. Выпускнікі Брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Мікіта Ігнацюк і Павел Курач — вучні настаўніка фізікі Міхаіла Міхайлавіча Макаеда, які ў апошнія тры гады наладзіў сістэмную работу з юнакамі.

“Сакрэт алімпіяднага поспеху бачу ў спалучэнні таленту вучняў, іх шчырага захаплення вывучэннем прадмета і веры ў свае сілы. Але самы галоўны складнік — гэта няспынная карпатлівая праца, — падкрэслівае настаўнік. — Яна і прыносіць доўгачаканыя высокія вынікі.

З Мікітам і Паўлам я пачаў займацца тры гады назад, калі хлопцы закончылі 8 класаў. У той час я перайшоў працаваць у ліцэй са школы ў Камянцы, дзе ў мяне ўжо былі пераможцы алімпіяд па фізіцы, у тым ліку міжнароднага ўзроўню. У ліцэі я набраў групу навучэнцаў, зацікаўленых у дадатковых занятках па прадмеце. Сярод іх былі Мікіта і Павел. Займаўся з імі нават летам. Акрэсліваў для кожнага план работы, кола задач, якія трэба рашыць. Напачатку юнакі шмат даведваліся ад мяне, але паступова навучыліся працаваць самастойна, прычым так, што ўжо не я іх вёў, а яны кіравалі працэсам і вялі мяне за сабой.

Мікіта Ігнацюк можа працаваць над задачамі дзень і ноч. У вольны час прытрымліваецца актыўнага ладу жыцця: абліваецца халоднай вадой, бегае, правільна харчуецца. Хлопец умее планаваць свой час. Пры падрыхтоўцы да алімпіяд дакладна выконваў мае рэкамендацыі, і, несумненна, гэта паспрыяла поспеху.

Павел Курач — чалавек з творчым свабодным падыходам да жыцця, у тым ліку да навучання. Ён працуе па натхненні, як паэт, які піша вершы. Юнак рашае задачы па той тэме, якая яму ў дадзены момант падабаецца. Напрыклад, сёння — па электрычнасці, а заўтра — па механіцы. Павел любіць разнастайнасць.

У тандэме юнакі — сапраўдная сіла. Хаця могуць і паспрачацца, але ў адзін момант знойдуць паразуменне і дапамогуць адзін аднаму. На працягу трох гадоў Мікіта і Павел былі сярод пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, а таксама кожны з іх двойчы атрымліваў дыплом І ступені на алімпіядзе Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута.

Я імкнуся данесці да сваіх вучняў, што трэба шмат займацца не толькі для атрымання медалёў. Перамогі на спаборніцтвах — гэта не адзіны шанс добра ўладкавацца ў жыцці. Але адно відавочна: веды адкрыюць шлях у тую сферу, дзе пасля заканчэння школы маладыя людзі адчуюць сябе паспяховымі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.