На п’едэстале — юныя хімікі

- 10:50Адукацыйная прастора

C 6 па 15 ліпеня ў Тайландзе прайшла 49-я Міжнародная хімічная алімпіяда. Беларускія школьнікі прывезлі чатыры медалі — тры сярэбраных і адзін бронзавы.

Бронзавы медаль беларускай камандзе прынёс выпускнік Ліцэя БДУ Раман Мазур. Сярэбраныя медалі заваявалі Аляксей Харлап (гімназія № 2 Бабруйска) і Аляксей Гарахоўскі (гімназія № 29 Мінска). Найлепшы вынік у камандзе паказала дзесяцікласніца Паліна Булаўская (Ліцэй БДУ), якая таксама трапіла ў лік сярэбраных прызёраў.

Трэнеры каманды — кандыдат хімічных навук дацэнт кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Мікалаевіч Хвалюк і спецыяліст лабараторыі хіміі біякан’югатаў Інстытута фізіка-арганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Максім Аляксандравіч Фаміч.

У гэтым годзе за ўзнагароды змагаліся 297 удзельнікаў з 76 краін свету. Яны разыгралі паміж сабой 36 залатых, 65 сярэбраных і 95 бронзавых медалёў.

Міжнародная алімпіяда па хіміі (IChO, International Chemistry Olympiad) — штогадовае спаборніцтва для школьнікаў з розных краін свету. Асноўная задача алімпіяды — павышаць цікавасць навучэнцаў да хіміі. Кожную краіну прадстаўляе каманда, якая складаецца не больш чым з чатырох школьнікаў і двух настаўнікаў. Афіцыйна міжнародная алімпіяда — асабістае першынство. Удзельнікі павінны быць не старэйшыя за 20 гадоў і не вучыцца ў ВНУ.

Першая міжнародная хімічная алімпіяда адбылася ў Празе ў 1968 годзе. З тых часоў мерапрыемства праводзіцца кожны год, за выключэннем 1971 года. Дэлегацыямі, якія прынялі ўдзел у першых спаборніцтвах, былі ў асноўным краіны былога Усходняга блока.

Алімпіяда складаецца з двух тураў: эксперыментальнага і тэарэтычнага. Абодва доўжацца да 5 гадзін і праводзяцца ў розныя дні. На тэарэтычным туры можна зарабіць 60 балаў, на практычным — 40. Кожны тур ацэньваецца незалежна адзін ад аднаго, а сума вынікаў іспытаў вызначае агульны вынік удзельніка.

Міжнароднае журы, якое складаецца з двух настаўнікаў кожнай з краін-удзельніц, абмяркоўвае задачы і перакладае іх на мову, зручную для ўдзельнікаў з той ці іншай краіны. Кіраўнікі каманд паралельна з арганізатарамі правяраюць рашэнні заданняў членаў сваёй каманды і выстаўляюць адзнакі, якія параўноўваюцца з тымі, якія паставілі арганізатары на працэдуры апеляцыі (на алімпіядзе яе называюць “арбітраж”). Канчатковая афіцыйная адзнака ставіцца кожнаму ўдзельніку толькі пры ўзаемнай згодзе бакоў.
Краіна, якая жадае ўдзельнічаць у Міжнароднай хімічнай алімпіядзе, павінна першапачаткова накіраваць назіральнікаў на дзве алімпіяды, якія папярэднічаюць першаму году ўдзелу гэтай краіны.

У сваім каментарыі для нашай газеты Віктар Мікалаевіч Хвалюк прызнаўся, што чакалася адно “золата”. “Што тычыцца складаных пытанняў, то з імі ўсё нармальна, а вось з тым, каб дапісаць, не забыць нешта ўставіць, — праблемы. Балы здымаліся за некарэктнае афармленне. Крыўдна, але факт застаецца фактам.

Звычайна на Міжнароднай алімпіядзе прапаноўваюцца 8 задач. Сёлета іх было 11 — гэта вельмі шмат. Ды і аб’ём вялікі: заданні, якія мы пераклалі, — гэта 60 старонак тэксту. Нават проста прачытаць і пераключыцца паміж задачамі было складана. Акрамя таго, задачы былі крыху іншыя: калі раней адна задача прысвячалася аднаму пытанню (тэме), напрыклад, фізічнай хіміі, то на гэты раз кожная з прапанаваных задач складалася з некалькіх частак: яна магла пачынацца з фізічнай хіміі, працягвацца аналітычнай, а закончыцца неарганічнай. Было няпроста. Разам з тым нельга сказаць, што задачы самі па сабе былі вельмі складаныя.

На эксперыментальным туры прапаноўвалася 3 задачы: на арганічны сінтэз, аналітычная задача на традыцыйнае цітраванне, адна на фотаметрыю. Нягледзячы на тое, што фатометры дарагія (адзін каштуе 700—800 долараў), арганізатары купілі 150 штук амаль на 300 удзельнікаў. Выратавала тое, што нашым школьнікам я паказваў фатометр і мы рашалі падобную задачу. Увогуле, з практычным турам справіліся нядрэнна, набраўшы 30—36 балаў з 40 магчымых.

Для большага поспеху не хапае падрыхтоўкі і сучаснага абсталявання. У той жа Расіі ўдзельнікі міжнароднай каманды збіраюцца некалькі разоў на год. Тым не менш медалі заваяваны, што, безумоўна, не можа не радаваць. Але сапернічаць, напрыклад, з кітайцамі вельмі складана. У іх краіне ёсць магчымасць трэніравацца на сучасным абсталяванні. Гэта асабліва відаць на практычным туры. Канечне, калі няма магчымасці ўбачыць, падчас падрыхтоўкі я расказваю нашым удзельнікам пра прыборы, з якімі давядзецца працаваць на алімпіядзе. Але, на жаль, у рукі іх узяць яны не могуць. Няма магчымасці нават на хімічным факультэце БДУ”, — адзначыў Віктар Мікалаевіч.

У фаварытах алімпіяды традыцыйна прадстаўнікі Паўднёва-Усходняй Азіі (Кітай, Тайвань, Сінгапур, В’етнам). Абсалютным пераможцам на гэты раз стаў прадстаўнік Расіі. Варта адзначыць таксама поспех каманды Азербайджана, на рахунку якой залаты медаль. Яшчэ гадоў дзесяць назад азербайджанцы былі задаволены “бронзай”, але, як заўважылі прадстаўнікі каманды, добрая хімічная адукацыя каштуе дорога, таму ў краіне стварылі сучасны цэнтр па падрыхтоўцы да міжнародных алімпіяд.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.