На парадку дня – якасць адукацыі

- 14:16Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі адбылося днямі на базе Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. На парадак дня былі вынесены два пытанні: аб рабоце органаў кіравання адукацыяй і ўстаноў адукацыі Гомельскай вобласці па забеспячэнні якасці дашкольнай, агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі і пераемнасць дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі ў сучасных умовах.

Адкрываючы пасяджэнне, міністр адукацыі С.А.Маскевіч падзякаваў за ўдзел у мерапрыемстве старшыні Жлобінскага райвыканкама Г.А.Суздалеву і адзначыў, што вельмі важна выязджаць у рэгіёны і абмяркоўваць актуальныя пытанні адукацыі з удзелам мясцовых улад. “Я ўпэўнены, што без рэальнай дапамогі старшыні абласных, гарадскіх і раённых выканкамаў наша развіццё і нашы дасягненні немагчымыя, пазіцыя мясцовых органаў улады ў гэтым сэнсе мае даволі вялікае значэнне”, — сказаў Сяргей Аляксандравіч.
Далей быў заслуханы даклад начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама С.І.Парошына. Закранаючы статыстыку, ён заўважыў, што колькасць устаноў адукацыі ў вобласці ў параўнанні з 2011 годам скарацілася на 72, а на 1 верасня гэтага года будзе закрыта яшчэ 34 установы, больш за 50 — рэарганізавана. Не сакрэт, што працэс ліквідацыі ўстаноў праходзіць няпроста. Аб гэтым гаворыць статыстыка зваротаў грамадзян. Тым не менш гэта патрабаванне часу, а правільнасць такіх рашэнняў пацверджана эканамічнымі паказчыкамі. Так, ліквідацыя ўстаноў дазволіла сэканоміць больш за 13 мільярдаў рублёў, што дало магчымасць направіць сродкі з абласнога бюджэту на павышэнне заработнай платы педагогаў.

Што датычыць педагагічных кадраў, то, па словах начальніка ўпраўлення, у вобласці вострых праблем не адчуваецца. Вакансіі папаўняюцца выпускнікамі рэгіянальных ВНУ, настаўнікамі, якія працавалі ў ліквідаваных установах адукацыі. Разам з тым у буйных гарадах назіраецца дэфіцыт выхавальнікаў дзіцячых садоў. Аб’ектыўная прычына — у невысокім сацыяльным статусе работнікаў і нізкім заробку.
— Вырашыць гэтую задачу самастойна нам не па сілах, патрэбны меры на дзяржаўным узроўні, — заўважыў Сяргей Іванавіч. — Спадзяёмся, што змяненні, унесеныя ў правілы паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы ў частцы льгот для паступаючых на педагагічныя спецыяльнасці медалістаў і пераможцаў алімпіяд, прыцягнуць у сістэму адукацыі добра падрыхтаваных, актыўных маладых людзей.
Зразумела, дыплом аб вышэйшай педагагічнай адукацыі не можа быць залогам якасці працы.
Таму на Гомельшчыне сур’ёзна ставяцца да павышэння прафесіяналізму настаўнікаў. Значная роля тут належыць абласному інстытуту развіцця адукацыі, вучэбна-метадычным кабінетам. Добрай падмогай з’яўляюцца розныя семінары, трэніровачныя праграмы. У вобласці наладжана правядзенне відэаселектарных нарад, якія праходзяць у студыях абласнога і раённых выканкамаў. На працягу трох гадоў праведзена амаль 40 такіх нарад па розных тэматыках, у тым ліку і па арганізацыі вучэбнай дзейнасці непасрэдна з педагогамі. Гэта дае магчымасць даводзіць пэўныя патрабаванні да работы настаўнікаў, аператыўна ставіць задачы, паказваць лепшы вопыт і абмяркоўваць хвалюючыя пытанні. А ўдзельнічае ў такой нарадзе да тысячы чалавек адразу.

Быў агучаны шэраг іншых мер, напраўленых на павышэнне якасці адукацыі. Створаная сістэма кіравання на ўзроўні вобласці і рэгіёнаў дазволіла дасягнуць пэўных вынікаў: амаль 95% дзяцей наведваюць дашкольныя ўстановы, для дашкольнікаў, якія часта хварэюць, адкрыты санаторныя групы, узрос сярэдні бал выпускнікоў па выніках цэнтралізаванага тэсціравання, павялічылася колькасць
100-бальных сертыфікатаў, добрыя вынікі гомельскія школьнікі паказваюць на алімпіядах розных узроўняў. Але ж яшчэ застаецца нямала нявырашаных пытанняў, над якімі трэба працаваць. Сярод іх — аднаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, а гэта таксама аказвае пэўны ўплыў на якасць адукацыі. Акрэсліваючы гэтую праблему, С.І.Парошын закрануў пытанне забеспячэння тэхнікай для падвозу дзяцей. Ён зазначыў, што аўтобусы, якія прапануе МАЗ, не вельмі якасныя і ствараюць пэўныя праблемы для сістэмы адукацыі. Куды больш надзейная тэхніка расійскага ПАЗа. Дарэчы, з ім пагадзіліся многія прысутныя. А ўвогуле ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама пры падтрымцы мясцовых улад знайшло іншае рашэнне. Куды эфектыўней набыць мікрааўтобусы: месцаў дастаткова, а кошт у тры разы ніжэйшы. Міністр адукацыі С.А.Маскевіч пагадзіўся з начальнікам упраўлення, заўважыўшы, што сапраўды іншы раз мы не ўлічваем эфектыўнасць. Наконт заўваг тэхнікі вытворчасці МАЗа Сяргей Аляксандравіч прапанаваў распачаць праект тэхнічнай падтрымкі аб’ектаў адукацыі і даручыць рэктару БНТУ Б.М.Хрусталёву, члену калегіі, прасачыць за якасцю аўтобусаў, прызначаных для падвозу дзяцей, і дапамагчы вытворцам ліквідаваць недахопы.

Няпростая сітуацыя складваецца сёння ў некаторых прафесійна-тэхнічных установах адукацыі, што таксама патрабуе пошуку шляхоў вырашэння. Несумненна, у вобласці ўлічваюцца патрабаванні часу. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе, згодна з патрэбнасцямі сацыяльна-эканамічнага комплексу ў рабочых кадрах, была адкрыта падрыхтоўка па 26 кваліфікацыях і спынена падрыхтоўка па 34. Сур’ёзна разглядаецца магчымасць аб’яднання і рэарганізацыі ўстаноў прафтэхадукацыі. Але справа ў іншым. Некаторыя рабочыя спецыяльнасці страчваюць прывабнасць для моладзі, вось тут і трэба шукаць выйсце. Зараз гэтая праблема востра паўстала ва ўстановах, якія рыхтуюць спецыялістаў для лёгкай прамысловасці. Напрыклад, у гомельскім каледжы бытавога абслугоўвання засталася незапатрабаванай спецыяльнасць швачкі. Дырэктар установы А.Л.Гурын расказаў, што апошнім часам незапатрабаванасць спецыяльнасцей швейнай вытворчасці закранула не толькі іх каледж. Дарэчы, праблему гэтую гамяльчане вырашылі за кошт інтэграцыі спецыяльнасці.
— Гэта вельмі правільны падыход, — заўважыў С.А.Маскевіч. — Такі метад трэба браць за аснову. Ёсць дэфіцыт па шэрагу спецыяльнасцей у розных напрамках. Неабходна вывучаць гэтую тэму і спрабаваць запаўняць гэты дэфіцыт. Інтэграцыя спецыяльнасцей — якраз добрае рашэнне.

Сяргей Аляксандравіч звярнуў увагу на тое, што каледж бытавога абслугоўвання вельмі прывабны для настаўнікаў працоўнага навучання. Але ж настаўніку патрэбна і педагагічная падрыхтоўка. Такім чынам, ёсць патрэба наладзіць узаемадзеянне з педагагічным каледжам, скааперавацца і сумесна падрыхтаваць для ўстаноў адукацыі настаўніка. Гэта як прыклад.
— Нам неабходна думаць пра гэта, паколькі ў бліжэйшыя пяць гадоў чакаецца змяншэнне колькасці навучэнцаў, — зазначыў міністр адукацыі. — Мы назіраем гэта ўжо сёння, павінны глядзець наперад.
Праблему, якая існуе ва ўстановах прафтэхадукацыі Гомельскай вобласці, агучыў і дырэктар дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі У.М.Здановіч. Па яго словах, напаўняльнасць прафесійна-тэхнічных каледжаў і ліцэяў рэгіёна складае 57%. Гэта было выяўлена падчас правядзення праверкі работы сістэмы адукацыі Гомельшчыны. Уладзімір Мацвеевіч агучыў таксама праблему якасці кадраў у сістэме дашкольнай адукацыі вобласці: колькасць выхавальнікаў з вышэйшай адукацыяй знізілася за год на 4%, а ў некаторых невялікіх раёнах яна складае толькі каля 30% ад усіх выхавальнікаў. Разам з тым дырэктар дэпартамента назваў работу ўпраўлення адукацыі і ў цэлым сістэмы адукацыі вобласці станоўчай. “Адчуваецца разумнае кіраўніцтва і імкненне не замоўчваць нейкія праблемы, а спрабаваць іх вырашаць”, — сказаў ён у заключэнні. Гэтую думку падтрымаў і С.А.Маскевіч.

Як панізіць стрэсавасць пры пераходзе дзіцяці са ступені дашкольнай адукацыі да агульнай сярэдняй, стала асноўнай тэмай пры разглядзе другога пытання падчас пасяджэння калегіі міністэрства. Падрабязней пра гэта чытайце ў бліжэйшых нумарах газеты.

 

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.