На парозе дарослага жыцця

- 11:44Адукацыйная прастора, Апошнія запісы, Рознае

Здаецца, мы толькі пачыналі новы навучальны год, віншавалі настаўнікаў і навучэнцаў, жадалі ім поспехаў. І вось ужо адзвінеў апошні званок, настала пара перагарнуць старонку, каб неўзабаве пачаць пісаць новую гісторыю.

Гэта датычыцца тых, хто праз тры месяцы зноў сядзе за школьныя парты. У выпускнікоў жа наперадзе шмат клопатаў. Для іх настала гарачая пара. Яны атрымалі атэстаты сталасці, каб ісці па жыцці далей, рабіць свой выбар і дасягаць пастаўленых мэт. Напярэдадні гэтага кожны выпускнік разам з педагогамі і бацькамі перажыў не адзін дзень хваляванняў: экзамены і падрыхтоўка да выпускнога вечара вельмі важная справа. Так было і так будзе заўсёды.

Гэта толькі першая прыступка. Наперадзе цэнтралізаванае тэсціраванне, выбар прафесіі. Але гэта заўтра. Сёння ж яны, прыгожыя і шчаслівыя, выйшлі сустракаць світанне: непарушная традыцыя, якая сімвалізуе адкрыццё новых гарызонтаў, перспектыў, пачатак дарослага, у лепшым разуменні гэтага слова, жыцця.
На Гомельшчыне ёсць яшчэ адна цікавая даўняя традыцыя, звязаная з выпускнымі вечарамі. Кожны год начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама, яго намеснікі і работнікі структуры раз’язджаюцца па ўсіх без выключэння раёнах вобласці, каб раздзяліць радасць гэтага ўрачыстага моманту з выпускнікамі. У прыярытэце — сельскія ўстановы. Звычайна да світання кожны наведвае 5—6 школ, а заканчваецца падарожжа сустрэчай світання разам з былымі школьнікамі.

Уявіце сабе, што ў разгары цырымоній і віншаванняў на парозе залы з’яўляюцца госці — людзі, якія на працягу адзінаццаці школьных гадоў нябачна вялі да дарослага жыцця ўсіх разам і кожнага паасобку. Дзівосны сюрпрыз у адзін з самых урачыстых і памятных дзён выпускніка.
Сёлета традыцыя гомельскіх педагогаў была прадоўжана. Ёсць меркаванне, што педагогі не старэюць душой, бо, па-першае, яны працуюць з дзецьмі, якія зараджаюць сваёй энергіяй і актыўнасцю, а па-другое, кожны раз яны зноў і зноў праходзяць той сцежкай, якой некалі ішлі самі, такія ж сціплыя і няўпэўненыя, як іх вучні. А колькі выпускных вечароў, колькі світанняў сустрэў кожны настаўнік!

Няхай сённяшнім выпускнікам пашчасціць у жыцці, няхай здзейсняцца іх мары, планы, надзеі, а ў сэрцы назаўсёды застанецца цёплы ўспамін пра родную школу і настаўнікаў.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і Генадзя ЦІТОВА.