На пасяджэнні калегіі ўганаравалі лепшых па прафесіі

- 15:09Адукацыйная прастора

Чарговае пасяджэнне калегіі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама адбылося днямі ў Магілёве. Яго ўдзельнікамі сталі начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, кіраўнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці, навучальных устаноў абласнога падпарадкавання.

Адным з найважнейшых разгледжаных пытанняў калегіі з’яўлялася работа па бяспечным знаходжанні людзей у будынках і на тэрыторыях устаноў адукацыі згодна з адпаведнай дырэктывай прэзідэнта. Ва ўсіх навучальных установах дзейнічае прапускны рэжым, абмежаваны доступ у асобныя памяшканні, перыядычна праводзіцца візуальны агляд будынкаў, абсталявання, інвентару ўстаноў на прадмет іх бяспечнай эксплуатацыі, ажыццяўляецца маніторынг проціпажарнага стану, выконваюцца патрабаванні аховы працы. Зроблена многае, але пэўныя хібы яшчэ прысутнічаюць.
За мінулы год нярэдкімі былі допускі работнікаў да працы без правядзення інструктажу і стажыроўкі, здараліся парушэнні ўмоў працы, няшчасныя выпадкі. Прычына гэтага ў большасці банальная: неналежнае выкананне кіраўнікамі сваіх службовых абавязкаў, непраходжанне адказнымі за бяспеку асобамі неабходнага навучання ва ўстаноўленыя тэрміны. Гэтыя фактары, а таксама недастатковы кантроль за бяспекай становяцца прычынамі траўматызму навучэнцаў падчас адукацыйнага працэсу.
— За кароткі перыяд бягучага года ў вобласці зафіксавана чатыры няшчасныя выпадкі з навучэнцамі. Пазбегнуць гэтай статыстыкі дазволіць эфектыўная арганізацыя бяспекі дзяцей у ходзе заняткаў, паўсюднае забеспячэнне дзяжурстваў падчас перапынкаў, актывізацыя прафілактычнай работы, — адзначыла начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Наталля Кульчанка.
— Наяўныя недапрацоўкі выкараніць павышэнне кантролю за бяспекай арганізацыі адукацыйнага працэсу і ўзмацненне работы з кадрамі. Павышэнне кваліфікацыі адказных за бяспеку павінна стаць сістэмным і бесперапынным. Недапушчальны і фармалізм у гэтым кірунку работы, — падкрэсліў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў.
У ходзе пасяджэння была разгледжана таксама работа па забеспячэнні занятасці навучэнцаў у пазаўрочны час, шосты школьны дзень. Як заўважыла галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай работы Алена Клімянкова, на Магілёўшчыне склалася цэласная сістэма выхавання навучэнцаў у вольны ад заняткаў час. Распрацаваны і рэалізоўваюцца адпаведныя рэгіянальныя планы, праграмы з улікам запытаў дзяцей і іх бацькоў.
— Больш за 58 тысяч школьнікаў вобласці сёння займаюцца ва ўстановах дадатковай адукацыі. Акрамя таго, вялікая колькасць дзяцей наведвае аб’яднанні па інтарэсах, якія функцыянуюць на базе навучальных устаноў іншага профілю. У кожным раёне дзейнічае свая праграма арганізацыі шостага школьнага дня. Дзеці актыўна наведваюць па суботах установы адукацыі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца ўключэнню ў арганізаваную дзейнасць непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, стаяць на ўліку ў ІСН або ўнутрышкольным уліку, — расказала Алена Валер’еўна.
Паводле яе слоў, каб работа па арганізацыі пазаўрочнай занятасці навучэнцаў зладжана праходзіла ў кожнай установе, для педагагічных работнікаў пастаянна праводзяцца метадычныя, вучэбныя мерапрыемствы. Аднак не заўсёды яны маюць чаканы вынік. У некаторых установах па-ранейшаму ёсць недахопы: парушэнні ў афармленні дакументацыі, адсутнасць тыпавых праграм аб’яднанняў па інтарэсах і шэраг іншых. Здавалася б, парушэнні нязначныя, але ў сваёй сукупнасці яны прыводзяць да зніжэння ахопу дзяцей арганізаванай занятасцю.
Падчас пасяджэння прысутныя заслухалі і справаздачу аб выкананні мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы развіцця прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Прафесійна-тэхнічныя ўстановы за апошні час зведалі шмат змен. Зараз у вобласці функцыянуюць шматпрофільныя навучальныя ўстановы, у якіх рыхтуюць высокакваліфікаваных спецыялістаў. Прапанаваныя для навучання спецыяльнасці абнаўляюцца, дзякуючы чаму прафтэхустановы адпавядаюць сучасным патрабаванням эканомікі і чуйна рэагуюць на ўсе змены рынку працы. Ва ўстановах ПТА паляпшаецца кваліфікацыйны ўзровень педагогаў, абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база. Такім чынам, у цэлым усе паказчыкі і мерапрыемствы праграмы ў рэгіёне выкананы.
Завяршылася пасяджэнне калегіі на святочнай ноце. Начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў уручыў заслужаныя ўзнагароды ўладальнікам звання “Лепшы па прафесіі” і пераможцам штогадовага спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці.
Сярод гарадскіх упраўленняў адукацыі пераможцам стала ўпраўленне адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага гарвыканкама. Пераможныя дыпломы сярод аддзелаў адукацыі, спорту і турызму раённых выканаўчых камітэтаў атрымалі Асіповіцкі і Кіраўскі аддзелы адукацыі, спорту і турызму. Па профілі дашкольнай адукацыі былі адзначаны дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 Магілёва і яслі-сад № 14 аграгарадка Александрыя Шклоўскага раёна. Найбольш эфектыўна сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі спрацавалі сярэдняя школа № 40 Магілёва, Кадзінская сярэдняя школа Магілёўскага раёна, магілёўская гарадская гімназія № 1, Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй №3, Глуская санаторная школа-інтэрнат для дзяцей з саматычнай паталогіяй. Самыя высокія паказчыкі работы ў спецыяльнай адукацыі прадэманстравалі Шклоўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку і Магілёўскі гарадскі цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Лепшай у профілі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі была прызнана работа Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, прафесійнага ліцэя № 10 Магілёва і Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Сярод устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі перамог калектыў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крэчут” Крычава.
Узнагароды на ўрачыстай цырымоніі атрымалі і лепшыя па прафесіі — настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Клімавіч Тамара Дулуб, выхавальнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Магілёва Наталля Бірукова, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Агат” Магілёва Юлія Сямёнава, майстар вытворчага навучання Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа Ала Трацэўская.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.