На пытанні навучэнцаў адказаў сенатар

- 10:43Адукацыйная прастора

У фармаце адкрытага дыялогу прайшлі сустрэчы старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктара Лісковіча з навучэнцамі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гродзенскай вобласці.

Віктар Лісковіч і начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык наведалі Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну, Гродзенскі дзяржаўны каледж бытавога абслугоўвання насельніцтва, Ваўкавыскі дзяржаўны аграрны каледж і Ваўкавыскі каледж ГрДУ імя Янкі Купалы.

Фармат адкрытасці ў размове вызначыў і тэмы: ад пытанняў размеркавання і льгот для будучых маладых спецыялістаў да абмеркавання актуальных пытанняў грамадскага жыцця. Адной з мэт правядзення сустрэч было паслухаць прапановы навучэнцаў, што могуць папоўніць спіс тых, што ўжо выказаны падчас правядзення дыялогавых пляцовак, дзе абмяркоўваліся пытанні сацыяльнай сферы, у прыватнасці адукацыі. Важна таксама было паслухаць меркаванні моладзі наконт іх працаўладкавання, як яны плануюць будаваць сваю кар’еру, каб, дзякуючы атрыманай спецыяльнасці, праца прыносіла задавальненне ім і карысць лю­дзям.

Размова сапраўды атрымалася шчырая і даверная. Маладыя цікавіліся не столькі пытаннямі працаўладкавання, бо кожны ведае, што пасля вучобы гарантавана атрымае сваё першае працоўнае месца, колькі прэферэнцыямі і льготамі, на якія яны могуць разлічваць як маладыя спецыялісты.

Будучых заатэхнікаў і ветэрынараў, што праходзяць навучанне ў Ваўкавыскім дзяржаўным аграрным каледжы, цікавілі магчымасці маладых спецыялістаў, ці будуць яшчэ змены ў заканадаўстве аб прызыве на вайсковую службу, якія прэферэнцыі атрымаюць выпускнікі сярэдніх спецыяльных уста­ноў адукацыі пасля вяртання з арміі, ці змогуць яны без вопыту знайсці сабе працоўнае месца ўжо не ў рамках размеркавання і інш. На ўсе пытанні яны атрымалі абгрунтаваныя адказы.

— Падчас правядзення дыялогавых пляцовак я вырашыў наведаць кале­джы, паслухаць навучэнцаў і хачу адзна­чыць, што тут вельмі пазітыўныя, выхаваныя маладыя людзі, якія лю­бяць нашу краіну, ведаюць яе гісторыю, сімволіку і любяць прафесіі, якімі авалод­ваюць, — адзначыў Віктар Лісковіч. — Для іх створаны добрыя ўмовы для вучобы, побыту, адпачынку. Адно толькі многія падкрэслівалі, што недастаткова такіх сустрэч з людзьмі, якія дасягнулі пэўных вышынь у прафесіі, грамадскім жыцці. Тут як ніколі актуальная тэма Школы актыўнага грамадзяніна, у рамках якой і неабходна праводзіць сустрэчы, цікавыя навучэнцам.

Добрае ўражанне на Віктара Лісковіча зрабілі навучэнцы з іншых краін, што вучацца ў Ваўкавыскім каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы, іх любоў да сваёй краіны, адносіны да яе. Нашы суайчыннікі могуць не толькі пазнаёміць іх са сваёй культурай, традыцыямі, але і запазычыць іх лепшыя якасці.

Дэвід, што прыехаў на вучобу ў Ваўкавыск з Германіі, расказаў аб перавагах навучання ў Беларусі, дзе да кожнага маладога чалавека падыхо­дзяць індывідуальна. А дзяўчаты з Туркменістана прызналіся, што ім падабаецца не толькі вучоба, але і спакойная краіна з добразычлівымі людзьмі. Пры гэтым яны не забываюцца пра родную краіну, ганарацца сваім паходжаннем і мараць вярнуцца дадому дыпламаванымі спецыялістамі.

У Ваўкавыскім каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы прагучала шмат прапаноў па рабоце маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, у першую чаргу рэкамендацыі па развіццю БРСМ, уцягненню моладзі ў рашэнне грамадскіх пытанняў. Гучалі прапановы аб неабходнасці арганізацыі большай колькасці мера­прыемстваў у групавым фармаце, менш конкурснага характару, якія выяўляюць аднаго лідара.

Руслан Абрамчык расказаў пра адну з ідэй, што ўзнікла падчас работы дыялогавых пляцовак. Ёсць прапанова стварыць абавязковы для ўсіх прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі пералік сацыяльных актыўнасцей. Напрыклад, у кожным каледжы павінен быць тэатр, аркестр альбо спартыўная каманда па пэўным відзе спорту. Кожны навучэнец на працягу вучобы павінен займацца спортам, валанцёрствам ці іграць у аркестры. У канцы навучальнага года можна было б паказаць свае дасягненні на фестывалях і прыняць удзел у спаборніцтвах паміж установамі адукацыі. Навучэнцы Ваўкавыскага каледжа таксама прапанавалі ў рамках такіх сумесных мерапрыемстваў у цікавай, крэатыўнай форме кожнай установе прэзентаваць свае прафесіі.

— На сустрэчах з навучэнцамі каледжаў я не ўбачыў ні аднаго безыніцыятыўнага маладога чалавека. Але дарослыя павінны разумець, што актыўная грамадзянская пазіцыя мола­дзі залежыць ад нас, перш-наперш мы павінны дапамагчы ім, а потым ужо чакаць ад іх аддачы. Узаемадзеянне моладзі і настаўнікаў дапаможа выхаваць сапраўдных патрыётаў нашай краіны, — падкрэсліў Віктар Лісковіч.

Руслан Абрамчык таксама адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў, якія ўжо ў найбліжэйшыя гады пачнуць працаваць у калектывах:

— Кампетэнцыя, валоданне прафесійнымі пытаннямі і актыўная грамадзянская пазіцыя, — вось што мы ўбачылі, наведаўшы навучальныя ўстановы. Парадавала якасць пытанняў, што задавала моладзь. Многія тычыліся яе прафесійнай будучыні. Мы ўбачылі гатоўнасць прыняць удзел у вырашэнні маладзёжных праблем, а не толькі чакаць гэтага ад дарослых. Ёсць ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэнне сябе, сваіх вынікаў, умоў вучобы, побыту дзякуючы ўласным намаганням. А гэта значыць, прыйшоўшы на сваё першае працоўнае месца, такія маладыя людзі змогуць стаць добрымі спецыялістамі, а магчыма, у блізкай будучыні і кіраўнікамі.

Дарэчы, на Гродзеншчыне 19 каледжаў рыхтуюць спецыялістаў практычна для ўсіх галін эканомікі і сацыяльнай сферы па 52 спецыяльнасцях. Вучыцца каля 14 тысяч чалавек, з іх каля 12 тысяч — на дзённай форме. Штогод выпускаецца каля 4 тысяч маладых спецыялістаў. Усе яны гарантавана атрымліваюць першае працоўнае месца. Вучэбны працэс у каледжах вобласці забяспечваюць 1230 выкладчыкаў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.