На радасць дзецям і гараджанам

- 11:39Гродзеншчына

1 верасня споўніцца 14 гадоў з моманту адкрыцця Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна. За гэты час ён ператварыўся ў цудоўны сад — сад колераў і пахаў, сад-музей, сад-магніт, які прыцягвае сюды жыхароў горада і наваколляў.

Адразу ж прыцягвае ўвагу тэрыторыя цэнтра, аформленая ў вясковым стылі. Сам будынак хаваецца недзе ў глыбіні, а вакол — духмяная квецень.

— Галоўная асаблівасць выбранага намі стылю — блізкасць да прыроды, народных традыцый і культурнай спадчыны, — расказвае дырэктар цэнтра Кацярына Рэкуць. — Выкарыстоўваем простыя, натуральныя матэрыялы і формы. Людзі бачаць стыль нашай тэрыторыі і прыносяць старадаўнія рэчы са сваіх сядзіб. Напрыклад, мясцовыя жыхары перадалі нам калаўрот, бочкі, чыгуны, калёсы і іншыя прадметы сельскага побыту. Паступова тэрыторыя ператвараецца ў своеасаблівы этнаграфічны музей.

Дзеці бачаць такое паважлівае стаўленне да народных традыцый, таму дапамагаюць ствараць і падтрымліваць этнастыль тэрыторыі. Тут рэчы аздабляюцца раслінамі, а расліны — рэчамі.

— Тэрыторыя нашага цэнтра займае паўгектара. Таксама ў нас ёсць жывы куток, дзве сучасныя цяпліцы, — гаворыць Кацярына Рэкуць. — У працэсе догляду раслін у дзяцей фарміруецца пазітыўнае стаўленне да працы як жыццёва неабходнага працэсу, павага да яе вынікаў, цярпенне.

Расліны ў цэнтры цвітуць з сакавіка па лістапад, а зімой тэрыторыю ўпрыгожваюць вечназялёныя іглічныя хмызнякі. Нядзіўна, што ўстанова на працягу многіх гадоў займае прызавыя месцы на раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах.

У цэнтры паспяхова рэалізоўваюцца праграмы аб’яднанняў па інтарэсах — па здаровым ладзе жыцця, фітадызайне, ландшафтным дызайне. Кожны куточак тэрыторыі знаёміць дзяцей з рознымі відамі раслін, а аптэкарскі агарод дапамагае педагогам і школьнікам вывучаць карысныя ўласцівасці лекавых раслін, а таксама народныя абрады і традыцыі.

Летам на тэрыторыі цэнтра вельмі любяць адпачываць дзеці. Штодня, на працягу ўсяго сезона, для хлопчыкаў і дзяўчынак ладзяцца цікавыя імпрэзы ў стылі этна.

Дырэктар Кацярына Рэкуць.

Эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі займае дастойнае месца ў сістэме дадатковай адукацыі. За апошнія гады яго педагогі і навучэнцы заваявалі больш за 70 дыпломаў на рэспубліканскіх конкурсах экалагічнай накіраванасці, не кажучы ўжо пра шматлікія дасягненні на ўзроўні раёна і вобласці.

Багатая відавая разнастайнасць раслін дазваляе рэалізоўваць аўтарскую праграму студыі “Флора-арт”. Кіруе студыяй загадчыца аддзела экалогіі Наталля Бортнік, вучні якой неаднаразова станавіліся пераможцамі прэстыжных фларыстычных конкурсаў.

— Дасягненню такіх вынікаў спрыяе навучанне нашых педагогаў на майстар-класах, воркшопах, семінарах, арганізаваных фларыстамі-прафесіяналамі, — тлумачыць Кацярына Рэкуць. — Каб ісці далей да новых вяршынь, трэба пастаянна развівацца і працаваць над сабой. Толькі ў такім выпадку мы можам выхаваць асобу, захопленую сваёй справай. Велізарную ролю ў развіцці педагагічнага майстэрства адыгрывае ўдзел у конкурсах, арганізаваных Асацыяцыяй прафесіяналаў фларыстыкі і кветкавага бізнесу. Перамогі ў гэтых конкурсах не ўплываюць на рэйтынг установы адукацыі, затое фарміруюць імідж нашага горада, нас ведаюць, пра нас гавораць, нас запрашаюць.

З 1 верасня 2017 года на базе цэнтра пачаўся рэспубліканскі інавацыйны праект па фарміраванні эколага-эканамічных кампетэнцый навучэнцаў праз арганізацыю вучэбных бізнес-кампаній. У выніку тут з’явілася вучэбная бізнес-кампанія “Эрыда” — аб’яднанне па інтарэсах, арганізаванае з мэтай развіцця ў дзяцей прадпрымальнасці.

Гэта сучасная і вельмі цікавая форма работы. На занятках дзеці вывучаюць асновы эканомікі, экадызайну, дэкаратыўна-прыкладной творчасці, ландшафтнага дызайну і іншыя віды дзейнасці, якія прыносяць прыбытак і не шкодзяць прыродзе. Заняткі праводзяцца двойчы на тыдзень і доўжацца 3 гадзіны. Праграма складаецца з трох раздзелаў, прывязаных да сезонаў года (восень, зіма, вясна). Абагульненне і паўтарэнне матэрыялу захоплівае летні перыяд.

— Мы не ставім на мэце ўсеагульную падрыхтоўку прадпрымальнікаў, — адзначае Кацярына Рэкуць. — Але разуменне мэт і прынцыпаў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, асаблівасцей прымянення іх на практыцы дазваляе выхоўваць ініцыятыўнае і адказнае маладое пакаленне.

Такім чынам, у эколага-біялагічным цэнтры мастоўскія дзеці набываюць першыя навыкі прадпрымальніцтва і фінансавай дасведчанасці. Вырошчваючы шматгадовыя хмызнякі, праводзячы майстар-класы, вырабляючы сувеніры з раслін, дзеці вучацца не толькі зарабляць грошы, але і разумна імі распараджацца.

Паспрабаваўшы розныя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці, у цэнтры прыйшлі да высновы, што самым прыбытковым і прадукцыйным з’яўляецца выраб паштовак. Дзеці падыходзяць да гэтага віду дзейнасці вельмі творча. Стыльныя крафтавыя паштоўкі ахвотна набываюць прадпрыемствы і арганізацыі раёна.

Для развіцця пазнавальнай цікавасці навучэнцаў педагогі выкарыстоўваюць на занятках нетрадыцыйныя формы работы: тэсты-практыкаванні, гульнявое мадэляванне, дзелавыя гульні, майстар-класы. Каб палепшыць навыкі дзелавых зносін, ладзяцца сустрэчы навучэнцаў з прадстаўнікамі прадпрыемстваў раёна, прадпрымальнікамі. Праводзяцца майстар-класы, экскурсіі ў аграсядзібы, бізнес-форум.

— Вывучаючы маркетынг, дзеці зразумелі, што вучэбная бізнес-кампанія павінна мець місію і лагатып, — гаворыць Кацярына Рэкуць. — Для таго каб арганізаваць паспяховую справу, трэба развіваць у сваёй дзейнасці пяць элементаў — сілу характару, канцэнтрацыю, узаемаадносіны, майстэрскае валоданне дэталямі, брэнд. Яны і знайшлі адлюстраванне ў лагатыпе вучэбнай бізнес-кампаніі “Эрыда” (рука, дзе кожны палец сімвалізуе пэўны элемент). Развіваючы ў навучэнцаў згаданыя элементы, мы зможам выхаваць асобу з прадпрымальніцкімі навыкамі. Місія вучэбнай бізнес-кампаніі — зрабіць свет прыгажэйшым, не нашкодзіўшы прыродзе.

Кацярына Юр’еўна растлумачыла, што назву “Эрыда” бізнес-кампанія атрымала ў гонар старажытнагрэчаскай багіні, якая спарадзіла працу і саперніцтва.

— Асновай паспяховага прадпрымальніцтва з’яўляюцца здаровая канкурэнцыя і праца, — заўважыла дырэктар. — Менавіта ў імкненні апярэдзіць канкурэнта, выйграць у дзелавым саперніцтве людзі навучыліся прыкладаць намаганні, развівацца. У вучэбнай бізнес-кампаніі ў дзяцей развіваюцца не толькі прадпрымальніцкія навыкі, але і экалагічная свядомасць.

За перыяд дзейнасці вучэбнай бізнес-кампаніі “Эрыда” дзеці рэалізавалі прадукцыі больш чым на 2 тысячы рублёў. І вельмі важна, што яны ведаюць кошт працы і заробленых грошай.

У 2020 годзе на базе эколага-біялагічнага цэнтра ў Мастах пачаў рэалізоўвацца рэспубліканскі інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі пераемнасці дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання ў сістэму дадатковай прыродазнаўчай адукацыі дзяцей і моладзі. Багатая матэрыяльна-тэхнічная база дазволіць навучэнцам атрымаць асновы прафесіі фларыст. Гэта адна з тых сфер чалавечай дзейнасці, якая прыносіць у свет прыгажосць і гармонію.

— Мы разумеем, што не ўсе нашы выхаванцы плануюць звязаць сваё жыццё з экалогіяй, — гаворыць Кацярына Рэкуць. — Зрэшты, мы і не ставім глабальных мэт. Наша задача — навучыць дзяцей таму, з чаго пачынаецца экалагічная культура: бачыць прыгажосць, берагчы здароўе, любіць сваю краіну.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.