На рынг выклікаюцца робаты

- 11:14Адукацыйная прастора

У нядзелю ў бізнес-інкубатары Парка высокіх тэхналогій прайшоў нацыянальны адбор на Сусветную алімпіяду робатаў. Каля сотні юных робататэхнікаў ва ўзросце ад 6 да 25 гадоў змагаліся за права прадставіць нашу краіну на міжнародным узроўні.

Алімпіяда робатаў, нацыянальны адбор да якой праводзіла Школа робататэхнікі разам з Рэспубліканскім цэнтрам інавацыйнай і тэхнічнай творчасці пры падтрымцы ПВТ, — унікальнае мерапрыемства. Па-першае, яе ўдзельнікамі з’яўляюцца не толькі навучэнцы і студэнты, якія паказваюць свае веды і навыкі ў тэхнічнай творчасці, прыкладной матэматыцы, фізіцы, праграмаванні, але і робаты, якія паказваюць уменні ў перамяшчэнні пэўных аб’ектаў па спецыяльным полі. Па-другое, сама назва “алімпіяда робатаў” сугучна з Алімпійскімі гульнямі. І тут, і там гледачы і суддзі назіраюць за спартыўнымі баталіямі, у прыватнасці, па футболе, у нашым выпадку робафутболе. Па-трэцяе, як і ў Алімпійскіх гульнях, у алімпіядзе робатаў галоўнае — уд зел, абмен вопытам.

Апошні пункт быў актуальны для нашай каманды ў папярэднія гады. Сёлета на Сусветнай алімпіядзе робатаў, якая пройдзе 10—12 лістапада ў Коста-Рыцы, беларусы плануюць узняцца на п’едэстал гонару. Сапраўды, кожны год займаць месцы ў верхняй палове турнірнай табліцы, двойчы дабірацца да чацвёртага месца — час, нарэшце, парушыць гэтую традыцыю. Чацвёртае месца ў мінулым годзе занялі і навучэнцы гімназіі-інтэрната Мядзела. Як паведаміў кіраўнік каманды настаўнік інфарматыкі Вячаслаў Станіслававіч Саўчык, яго выхаванцам не хапіла крыху часу. Што ж, мядзельскім навучэнцам таксама час парушаць традыцыю недахопу некалькіх балаў і станавіцца прызёрамі нацыянальнага адбору, калі не ў гэтым годзе, то ў наступным абавязкова.

— Спаборніцтвы праводзяцца для некалькіх узроставых катэгорый удзельнікаў у асноўнай і творчай групе. У асноўнай групе правілы дакладна вызначаны: робаты павінны ездзіць па полі, збіраць адны блокі, выштурхоўваць іншыя. У творчай групе ацэньваецца фантазія і вынаходлівасць удзельнікаў. Для моладзі прадугледжаны такія катэгорыі, як футбол робатаў і тэтрыс. Па правілах WRO, удзельнікам можа стаць любы ахвочы. Адзінае патрабаванне — гэта наяўнасць набору Lego Mindstorms Education EV3 і адпаведны датчык. Напрыклад, для футбола неабходна набываць дадатковыя датчыкі. Для астатніх катэгорый спаборніцтваў дастаткова базавага набору. Большасць удзельнікаў каманд — гэта навучэнцы вучэбных цэнтраў, як прыватных, так і дзяржаўных. Таму што часцей за ўсё ў вялікім аб’ёме наборы закупляюць менавіта ўстановы адукацыі, — паведаміў спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Школы робататэхнікі Вадзім Андрэевіч Кручкоў.

Заданні нацыянальнага адбору цалкам ідэнтычныя заданням Сусветнай алімпіяды робатаў. Адзінае адрозненне — гэта дадатковыя заданні, якія дазваляюць праверыць, наколькі самастойна навучэнцы разбіраюцца ў праграмаванні. Напрыклад, для малодшай узроставай катэгорыі дадатковым заданнем было размяшчэнне ўмоўнага снежнага барса ў зоне фінішу. Для самых юных удзельнікаў тэматыка заданняў была звязана з жывёльным светам. Задача робатаў заштурхнуць рэдкіх жывёл у іх натуральнае асяроддзе і выкінуць умоўных навукоўцаў (чырвоны блок) або назіральнікаў (сіні блок). Месцаразмяшчэнне жывёл вызначаецца непасрэдна перад раўндам, дзеці павінны стварыць такую праграму, якая сама вызначае, колькі жывёл на пляцоўцы, і, адпаведна, выкідваць пэўную колькасць навукоўцаў і назіральнікаў. Задача робатаў сярэдняй катэгорыі — злічыць індыкатары і згодна з колерам індыкатара размясціць у зонах чырвонага, белага, сіняга колеру дрэвы адпаведнага колеру. Дадатковым заданнем была выстаўлена елка, якую неабходна пасадзіць у зону старту.

Кожны год правілы мяняюцца, нязменным застаецца толькі памер поля і дэталі, з якіх можна ствараць элементы. Усё астатняе залежыць ад фантазіі арганізатараў. Нязменнымі застаюцца і правілы ў робафутболе. У ім ад кожнай каманды патрэбны два робаты. Гэта могуць быць два нападаючыя, можа адзін нападаючы і адзін варатар. Задача — забіць у чужыя вароты мяч. Для студэнцкай катэгорыі, акрамя футбола робатаў, прадугледжаны і робатэтрыс. Робатам трэба сабраць выпадкова размешчаныя на гульнявым полі дэталі і ў зоне выгрузкі скласці пэўную фігуру.

Асобная пляцоўка — творчая, на якой юныя робататэхнікі прадстаўлялі творчыя праекты. Так, пад кіраўніцтвам настаўніка англійскай мовы гімназіі № 40 Мінска трэнера каманды Школы робататэхнікі Андрэя Алегавіча Зіневіча быў прэзентаваны праект “Альтэрнатыўная энергетыка. Тэхналогіі для будучыні”, у прыватнасці, ветраныя турбінныя генератары, якія могуць выпрацоўваць энергію для населеных пунктаў.

Па выніках спаборніцтваў у катэгорыі Regular Elementary пераможцай стала каманда “Аскіёма 2”, у Regular Junior High — каманда “Цэнтаўра”, прадстаўнікі якіх набралі максімальную колькасць балаў з магчымых 165 і 470 адпаведна. У старэйшай узроставай катэгорыі Regular Senior High лепшай стала каманда “Волат” з вынікам 85 балаў. У робафутболе перамогу святкавала каманда “РБ 002”, якая літаральна разграміла сапернікаў з лікам 9:0. Спадзяёмся, такім жа паспяховым і яркім будзе сёлетняе выступленне нашай каманды на міжнародным узроўні. У катэгорыях Advanced Robotics Challenge i Open Category пераможцы стануць вядомы праз тыдзень.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.