На мінулым тыдні Мінск наведала Балонская рабочая група на чале з кіраўніком дэпартамента па адукацыі Савета Еўропы Шурам Берганам. Эксперты сустрэліся з міністрам адукацыі Міхаілам Жураўковым, а таксама правялі цэлы шэраг сустрэч з кіраўнікамі, выкладчыкамі і студэнтамі ўніверсітэтаў, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый. Іх мэтай было атрымаць рознабаковае ўяўленне аб вышэйшай адукацыі ў Беларусі, каб выпрацаваць канкрэтныя рэкамендацыі па ўступленні нашай краіны ў Балонскі працэс.
Як вядома, рашэнне аб уступленні Беларусі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі будзе прымацца сёлета ў Ерэване, на саміце міністраў адукацыі краін — удзельніц Балонскага працэсу. І ў многім гэтае рашэнне будзе абапірацца на даклад Балонскай рабочай групы. Вось чаму так важна было прадэманстраваць экспертам усе канструктыўныя крокі, якія ажыццяўляе беларуская вышэйшая школа на шляху да еўрапейскай інтэграцыі.
“Беларусь мае сур’ёзны намер далучыцца да Балонскага працэсу, — адзначыў падчас сустрэчы з экспертамі міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. — Мы ўважліва ставімся да рэкамендацый нашых калег з розных краін, каб пытанне ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс было вырашана станоўча”.
Кіраўнік дэпартамента па адукацыі Савета Еўропы Шур Берган паведаміў, што, сустракаючыся з прадстаўнікамі ўніверсітэцкай супольнасці, эксперты адзначылі вялікае жаданне беларусаў далучыцца да Балонскага працэсу. “Мы адчуваем, што сітуацыя змянілася. У Беларусі многае зроблена, і нас сустрэлі тут вельмі адкрыта і шчыра. Але мы тут зараз для таго, каб выпрацаваць рэкамендацыі па далейшым удасканаленні беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі. Гэта тычыцца перш за ўсё сістэмы кваліфікацый, доступу студэнтаў да кіравання ўніверсітэтамі і забеспячэння якасці адукацыі”, — заўважыў Шур Берган.
На момант сустрэчы кіраўнік дэпартамента па адукацыі Савета Еўропы яшчэ не мог назваць, якія канкрэтна рэкамендацыі дасць назіральная група па Балонскім працэсе. Пасяджэнне па гэтым пытанні адбудзецца 24—25 сакавіка ў Рызе. Выпрацаваныя рэкамендацыі будуць перададзены ўдзельнікам канферэнцыі міністраў адукацыі краін — удзельніц Балонскага працэсу, якая пройдзе ў Ерэване. Канчатковае рашэнне па Беларусі будуць прымаць менавіта міністры.
“Сітуацыя ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс вельмі адрозніваецца ад той, калі ў Балонскі працэс уступалі іншыя краіны, — заўважыў Шур Берган. — Тады Еўрапейская прастора вышэйшай адукацыі толькі стваралася. Сёння ўсе механізмы ўжо вядомы, а таму Беларусі спатрэбіцца менш часу на адаптацыю. Я лічу добрай ідэяй распрацоўку дарожнай карты для Беларусі — плана мерапрыемстваў для хуткага прасоўвання да дасягнення пастаўленай мэты”.
Да візіту ў Міністэрства адукацыі еўрапейскія эксперты мелі цэлы шэраг сустрэч з прадстаўнікамі ўніверсітэцкай грамадскасці і грамадскіх арганізацый, а таму ў іх назапасілася шмат пытанняў. Што ж цікавіла членаў Балонскай рабочай групы ў размове з міністрам адукацыі Міхаілам Жураўковым?
У прыватнасці, эксперты цікавіліся нашай структурай кваліфікацый. Напрыклад, як суадносіцца 5-гадовы бакалаўрыят і магістратура? Як забяспечваецца якасць адукацыі (гаворка ішла аб стварэнні незалежных агенцтваў, якія сочаць за адпаведнасцю якасці адукацыі еўрапейскім стандартам)? Як ажыццяўляецца мабільнасць студэнтаў і выкладчыкаў? Ці існуе ў беларускіх універсітэтах такі неабходны інструмент мабільнасці, як сістэма крэдытаў ECTS? Які ўдзел студэнтаў у кіраванні ўніверсітэтамі (прычым экспертаў цікавіла не толькі прапорцыя студэнтаў у структуры кіравання, але і тое, як выбіраюцца прадстаўнікі)? Якія перспектывы таго, што ўніверсітэты атрымаюць большыя паўнамоцтвы па вызначэнні вучэбных планаў і праграм? Дзе гарантыі, што ўсе недахопы будуць выпраўлены і сітуацыя зменіцца да лепшага?
Міхаіл Жураўкоў заўважыў, што на сённяшні дзень у нашай краіне зроблена вельмі шмат. І хоць Беларусь пакуль не ў Балонскім працэсе, многія рашэнні прымаюцца з улікам яго асноўных прынцыпаў. Так, ва ўсіх універсітэтах дзейнічае двухступеньчатая сістэма адукацыі: ёсць бакалаўрыят (3—5 гадоў — у залежнасці ад спецыяльнасці) і магістратура. Праводзіцца работа, каб да наступнага года не менш за 30% магістарскіх курсаў выкладаліся на англійскай мове.
Пашыраецца практыка чытання лекцый запрошанымі прафесарамі з іншых універсітэтаў (для аплаты іх работы ёсць спецыяльны фонд). Ужо развіваецца ўласная (унутры краіны) сістэма мабільнасці, што дазваляе студэнтам слухаць лекцыі ў іншых універсітэтах. Таксама ўніверсітэтам рэкамендавана павялічваць колькасць стажыровак і навуковых паездак за мяжу, у тым ліку праз актыўны ўдзел у еўрапейскіх праграмах. Напрыклад, у новую праграму “Эразмус+” ад беларускіх універсітэтаў пададзена больш як дзве сотні заявак.
“Што да ECTS, — заўважыў начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Раманюк, — то гэтая сістэма ўжо два гады выкарыстоўваецца ў вучэбных планах універсітэтаў. Вызначаны яе канцэптуальныя асновы, і яна будзе адлюстравана ў новым Кодэксе аб адукацыі. Цяпер задача заключаецца ў тым, каб гэтая сістэма ўвайшла ў свядомасць універсітэцкай грамадскасці як вельмі важны механізм акадэмічнай мабільнасці”.
Рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Віктар Гайсёнак патлумачыў, што тыпавыя вучэбныя планы і адукацыйныя стандарты, якія дзейнічаюць у Беларусі, прадугледжваюць, што 30% вучэбнага часу адводзіцца на так званы кампанент навучальнай установы. У рамках гэтых 30% студэнтам, як правіла, прапаноўваецца для вывучэння некалькі варыянтаў спецкурсаў. У будучыні курсаў па выбары стане істотна больш.
“Зараз распрацоўваюцца новыя адукацыйныя стандарты, якія прадугледжваюць 50% курсаў па выбары для першай ступені (бакалаўрыят) і 70% для другой ступені вышэйшай адукацыі (магістратура), — паведаміў Віктар Анатольевіч Гайсёнак. — Гэта робіцца для таго, каб даць універсітэтам магчымасць гнутка рэагаваць як на запыты студэнтаў, так і на патрэбы рынку працы”.
Трэба заўважыць, што ніводнае пытанне з боку еўрапейскіх экспертаў не засталося без адказу. Міністэрства адукацыі Беларусі выказала гатоўнасць прадаставіць Балонскай рабочай групе любыя дакументы, якія неабходны для прыняцця імі ўзважанага рашэння.
На просьбу журналістаў ацаніць шансы нашай краіны на ўступленне ў Балонскі працэс у гэтым годзе кіраўнік дэпартамента па адукацыі Савета Еўропы Шур Берган заўважыў: “Паколькі мы знаходзімся ў Мінску, мы сур’ёзна разглядаем заяўку Беларусі. У адваротным выпадку нас бы тут не было. Канчатковае рашэнне, безумоўна, за міністрамі адукацыі краін — удзельніц Балонскага працэсу, але мы бачым, што з іх боку ёсць цікавасць да больш цеснага ўзаемадзеяння з Беларуссю. Таму трэба захоўваць аптымізм”.
Галіна СІДАРОВІЧ.