Лета — час адпачынку, зносін, адкрыццяў і надзей. Дзеці з нецярпеннем чакаюць лета, каб чарговы раз паехаць у лагер і сустрэцца са старымі сябрамі. Некаторыя з іх паедуць у лагер упершыню. Але і тыя і другія чакаюць ад лагера толькі пазітыўных эмоцый, разлічваюць на тое, што час, праведзены ў лагеры, прынясе шмат самых лепшых уражанняў і ўспамінаў аб адпачынку.
Мой вопыт работы ў аздараўленчых лагерах у летні перыяд — больш за 20 гадоў, таму хачу звярнуць увагу калег на некаторыя важныя аспекты.
Для таго каб чаканні ад адпачынку ў аздараўленчым лагеры ў дзяцей, іх бацькоў і педагогаў былі апраўданы, выхавальнікам трэба звярнуць увагу на вельмі важныя моманты. Ад таго, як будуць арганізаваны першыя дні дзіцяці ў лагеры, будзе залежаць ступень камфортнасці і задаволенасці ўсёй зменай.
На што ж трэба звярнуць увагу выхавальнікам (важатым) у гэтыя дні?
Першае — гэта знаёмства дзяцей з выхавальнікамі і адно з адным. Пры знаёмстве першым павінен прадставіцца важаты, расказаць пра сябе даволі коратка і даступна для дзяцей. Зрабіць гэта трэба максімальна прыветліва, не забываючы аб чарадзейнай ролі ўсмешкі.
Існуе вялікая колькасць гульняў на знаёмства, якія можна выкарыстоўваць, дзе дзеці па чарзе прадстаўляюцца, расказваюць пра сябе, свае захапленні, здольнасці, чаканні ад змены. Гульні на знаёмства носяць яшчэ і дыягнастычную функцыю: звяртаюць на сябе ўвагу дзеці актыўныя, якія прэтэндуюць на лідарства, а таксама дзеці сарамлівыя і сціплыя. У выхавальнікаў складваецца першае ўражанне аб дзецях. Тым часам можна рабіць заметкі, каб потым прапаноўваць дзіцяці варыянты ўдзелу ў мерапрыемствах, дзе яно можа праявіць сябе.
Усе педагогі лагера на працягу змены носяць бэйджы, каб любое дзіця (дарослы) магло (мог) да іх бесперашкодна звярнуцца. Вельмі важна, каб аналагічныя бэйджы былі і ў дзяцей. Любому дзіцяці прасцей запомніць імёны педагогаў атрада, паколькі іх усяго тры ці чатыры, чым імёны ўсіх дзяцей атрада, бо іх шмат. Ды і педагогам значна прасцей такім чынам запомніць усіх дзяцей па імёнах.
Бэйджы можна зрабіць разам з дзецьмі, выкарыстоўваючы самаклейную паперу. Тут кожны праяўляе фантазію, вызначаючы форму бэйджа.
Устанавіце правіла ў атрадзе: звяртацца адно да аднаго толькі па імені. Імя для кожнага чалавека мае важнае значэнне. Калі да чалавека звяртаюцца па імені, значыць да яго праяўляюць павагу. Безаблічныя звароты ў зносінах або жэсты рукой абясцэньваюць асобу чалавека.
Трэба звярнуць асаблівую ўвагу дзяцей на правілы жыцця ў лагеры і неабходнасць іх выканання. Усё тое, што навучацца ці не навучацца выконваць дзеці ў першыя тры дні змены (наводзіць парадак у шафе, тумбачцы, засцілаць ложак, выконваць абавязкі дзяжурнага), яны перанясуць на ўсю змену. Каб пазбегнуць хаосу і беспарадку, выхавальнікам у першыя дні неабходна набрацца цярпення і сканцэнтраваць усю сваю ўвагу на выкананні правіл.
Правілы прад’яўляюцца з тлумачэннямі, чаму іх трэба выконваць. Калі ў тлумачэннях дзеці ўбачаць клопат пра сябе, сваё здароўе, ім лягчэй іх прыняць і выконваць, што ад іх патрабуюць. За выкананне правіл можна ўвесці сістэму бонусаў, а па выніках змены адзначыць усіх за дасягненні.
Трэба разумець, што педагог атрада — узор для дзяцей ва ўсім. І калі педагог будзе патрабаваць ад дзяцей выканання тых правіл, якіх сам не прытрымліваецца, то разлічваць на тое, што гэта будуць рабіць дзеці, таксама не трэба.
Нягледзячы на тое, што ў лагеры жыццё кіпіць, разлука з бацькамі, прывычным акружэннем і рытмам жыцця вельмі часта выклікае ў дзяцей тугу па доме, блізкіх, сябрах, хатніх гадаванцах. Наколькі моцна дзіця будзе перажываць разлуку, залежыць ад індывідуальных асаблівасцей. Вельмі важна не абясцэньваць іх перажыванні. Растлумачце кожнаму маркотнаму дзіцяці, што туга па доме — гэта нармальная з’ява, што сумуюць перыядычна ўсе, але ў кожнага ёсць магчымасць прагнаць, выцесніць тугу, уключыўшыся ў цікавыя справы. Дапамажыце дзіцяці выбраць такую справу.
Пры зносінах такіх дзяцей з бацькамі па тэлефоне нагадвайце дзіцяці, пра якія прыемныя падзеі з жыцця лагера яно павінна расказаць ім перш за ўсё (гульні, конкурсы, гурткі, дыскатэка і інш.). У выпадках, калі гутарка пачынаецца са слоў “забяры мяне”, “я ні з кім не пасябраваў”, “мне сумна”, бацькі, адгукаючыся на негатыўныя эмоцыі дзіцяці, могуць дадаткова яго траўміраваць, зацыкліўшыся на абмеркаванні негатыву.
Калі ў выхавальніка ўзнікае неабходнасць вырашыць пытанні, якія ўзнікаюць (канфлікт, негатывізм, парушэнне правіл) з бацькамі дзіцяці, неабходна памятаць: нельга пачынаць размову з абвінавачанняў, нават калі дзіця ўчыніла якую-небудзь правіннасць. Выклікаць прыхільнасць бацькоў, зрабіць іх саюзнікамі і памочнікамі ў вырашэнні любога пытання дапаможа зацікаўлены ўдзел педагога ў вырашэнні праблемы. Спачатку гэта прызнанне каштоўнасці і ўнікальнасці іх дзіцяці, а затым пастаноўка праблемы, якую трэба вырашыць.
Дзіна МАРКОВІЧ,
педагог-псіхолаг вышэйшай катэгорыі
пачатковай школы № 29 Мінска імя братоў Сянько