У аўторак, 27 чэрвеня, Міністэрства адукацыі і мабільны аператар МТС заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве. Дакумент, які прадугледжвае рэалізацыю сумесных адукацыйных праектаў, падпісалі першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш і генеральны дырэктар МТС Уладзімір Карповіч.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел Ліс, кіраўнік камерцыйнага дэпартамента МТС Яўген Бранцаў, выкладчык і валанцёр праекта “Дзеці ў інтэрнэце”, тэлевядучы Георгій Калдун.
— Пытанні, звязаныя з узаемадзеяннем у важнай сферы па стварэнні сучаснага інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя, знаходзяцца ў цэнтры пастаяннай увагі, — падкрэсліў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш. — Міністэрства адукацыі адкрыта для ўзаемадзеяння з партнёрамі, якія дапамагаюць гэтую задачу вырашаць, у тым ліку і з такімі, як аператары мабільных паслуг. Гаворачы пра падпісанае пагадненне, хочацца адзначыць, што гэта не толькі пэўны працяг супрацоўніцтва з кампаніяй МТС, але і адкрытасць новым ідэям і пачынанням. З надзеяй, што абазначаныя праекты будуць развівацца, што новыя праекты змогуць з’яўляцца і далей, хачу выказаць словы падзякі партнёрам за тое, што палітыка кампаніі МТС заключаецца не толькі ў тым, каб прадаць пэўную паслугу, а ў тым, каб ва ўмовах дынамічных змяненняў, ва ўмовах доступу да вялікіх аб’ёмаў інфармацыі паклапаціцца аб пытаннях, звязаных з правіламі паводзін у інтэрнэце, з інфармацыйнай бяспекай, якія таксама сумесна будзем вырашаць.
— Сімвалічна, што заключэнне пагаднення адбылося ў дзень нараджэння кампаніі МТС. Гэтая знакавая падзея найлепшым чынам дэманструе нашы каштоўнасці і памкненні — укараненне інавацый, падтрымку сацыяльных і адукацыйных ініцыятыў, — адзначыў генеральны дырэктар МТС Уладзімір Карповіч. — Дзякуючы супрацоўніцтву з Міністэрствам адукацыі, мы працягнем рэалізоўваць праекты, якія дапамогуць школьнікам, студэнтам і педагогам больш граматна выкарыстоўваць тэхналогіі ў сваім жыцці і ў вучэбным працэсе, бо толькі такім чынам — пры падтрымцы і актыўным удзеле бізнесу ў грамадскім жыцці краіны — мы зможам быць яшчэ больш эфектыўнымі.
Упершыню падобнае пагадненне аб супрацоўніцтве з кампаніяй МТС было падпісана год назад. За гэты час быў рэалізаваны шэраг буйных праектаў. Сярод іх і праект “Дзеці ў інтэрнэце”. У гульнявой форме валанцёры расказваюць дзецям аб простых правілах, якія дазваляюць ім бяспечна карыстацца інтэрнэтам. За год да рэалізацыі праекта далучылася больш за 400 валанцёраў па ўсёй Беларусі. Урокі па бяспечных паводзінах у сетцы прайшлі ва ўсіх абласцях краіны. Сіламі галоўнага выкладчыка праекта Георгія Калдуна і добраахвотнікаў навучана больш за 6,5 тысячы дзяцей. У планах арганізатараў — працягнуць урокі для вучняў пачатковых класаў і стварыць праграмы для навучэнцаў сярэдняй школы.
— Добрая справа адразу кідаецца ў вочы. З улікам таго, якую колькасць школ нам давялося наведаць, з якой колькасцю дзяцей удалося паўзаемадзейнічаць, водзывы, што гучалі ў адрас гэтай задумкі з боку адукацыйнай сістэмы, заўсёды былі толькі станоўчымі, — падзяліўся сваімі ўражаннямі Георгій Калдун. — Для мяне асабіста ўдзел у праекце — гэта вялікі вопыт зносін. Мне падабаецца педагогіка, я вырас у сям’і настаўнікаў, і ўзаемадзейнічаць з дзецьмі, якія на абсалютна бытавым узроўні могуць заходзіць у інтэрнэт, у адрозненне ад нашага дзяцінства, тлумачыць ім, сістэматызаваць іх веды, рабіць так, каб культура зносін у інтэрнэце мела месца, мне вельмі падабаецца. Думаю, гэта справа, якой павінны займацца ў першую чаргу бацькі і школа. Калі ў падобных праектаў будзе працяг, то гэта будзе вельмі здорава.
Яшчэ адзін сумесны праект “Адказныя паводзіны настаўнікаў у сетцы” накіраваны на тое, каб дапамагчы педагогам карэктна і без рызыкі для сваёй рэпутацыі ўзаемадзейнічаць з навучэнцамі ў інтэрнэце. Пры падтрымцы і ўдзеле МТС сумесна з расійскімі партнёрамі былі распрацаваны метадычныя рэкамендацыі, арганізаваны семінар для педагогаў сталіцы. У планах на будучы год — правесці падобныя семінары ў абласных цэнтрах краіны.
У межах пагаднення ў дзесяці школах сталіцы быў рэалізаваны праект “Інавацыйная школа”, дзякуючы якому настаўнікі могуць весці анлайн-журналы, вучні — карыстацца анлайн-дзённікам, а бацькі — з дапамогай смартфонаў і планшэтаў у рэжыме рэальнага часу назіраць за паспяховасцю дзяцей. Па словах прадстаўнікоў кампаніі, інтэрактыўнай платформай скарысталіся каля 8000 бацькоў, больш за 5,5 тысячы вучняў, каля 700 настаўнікаў у 230 класах. У планах па развіцці гэтага праекта — працягваць укараненне такой платформы ў новых школах.
Сярод сумесных ініцыятыў Міністэрства адукацыі і МТС — Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў “Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу”. У ім прыняло ўдзел больш за 50 каманд з усіх рэгіёнаў Беларусі. 13 работ былі адзначаны як лепшыя ў розных намінацыях.
Працяг развіцця існуючых ініцыятыў — новы праект “ІТ-летнік”, які прадугледжвае арганізацыю ІТ-курсаў для дзяцей у аздараўленчых летніках. Яго мэта — паказаць перспектыўнасць ІТ-сферы для дзяцей, разнастаіць іх адпачынак. Плануецца, што праект стартуе ўжо гэтым летам.
— Шмат кампаній супрацоўнічаюць з сістэмай адукацыі, аднак якасна новы ўзровень, планку задала менавіта кампанія МТС, якая прапанавала адкрытыя маштабныя праекты, якія, спадзяюся, стануць прыкладам для астатніх з тым, каб бізнес таксама ўдзельнічаў у адукацыйных праектах, у тым ліку ў школах, ва ўніверсітэтах, летніках. Думаю, што ў наступным годзе ў нас будзе яшчэ шмат цікавых праектаў, — падкрэсліў дырэктар ГІАЦ Павел Ліс.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.