На старце вялікіх магчымасцей

- 14:10Адукацыйныя магчымасці

Мы паведамлялі ўжо, што БДУІР амаль на 300 месцаў павялічвае прыём на ІТ-спецыяльнасці, найбольш запатрабаваныя абітурыентамі і работадаўцамі. Ці можна разлічваць на тое, што прахадныя балы на згаданыя спецыяльнасці хоць крыху знізяцца? Гэтае пытанне мы адрасавалі дэкану факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыі адказнаму сакратару прыёмнай камісіі БДУІР Васілю БАНДАРЫКУ.

— Сапраўды, сёлета мы істотна павялічваем набор на платнае навучанне. Акрамя таго, адбылося пераразмеркаванне бюджэтных месцаў унутры ўніверсітэта на карысць ІТ-спецыяльнасцей, — сказаў Васіль Міхайлавіч. — У прыватнасці, вырасла колькасць і бюджэтных, і платных месцаў на факультэце камп’ютарных сістэм і сетак. Амаль на ўсе спецыяльнасці набор тут будзе складаць 180 чалавек — гэта максімальны паток, які змяшчаецца ў лекцыйнай аўдыторыі.

Павелічэнне лічбаў прыёму на ІТ-спецыяльнасці — гэта, з аднаго боку, заказ работадаўцаў, а з другога — прадбачанне самога ўніверсітэта. Размеркаванне мінулага года, калі ў БДУІР быў здвоены выпуск, і сёлетняе размеркаванне паказвае, што попыт на маладых ІТ-спецыялістаў толькі ўзрастае.

— Кіраўніцтва Парка высокіх тэхналогій выказвае пажаданне, каб мы павялічылі набор прынамсі ўдвая, — гаворыць Васіль Бандарык. — Але мы павінны ўлічваць і нашы магчымасці па падрыхтоўцы кадраў — наяўнасць высокакваліфікаваных выкладчыкаў, аўдыторны фонд і г.д.

У мінулым годзе прахадныя балы на самыя папулярныя спецыяльнасці БДУІР былі надзвычай высокія: на кожную трэцюю спецыяльнасць для паступлення трэба было мець больш як 350 балаў.

— Напрыклад, на “Інфарматыку і тэхналогіі праграмавання” прахадны бал на бюджэтнае навучанне быў 380 — і гэта пры наборы 50 чалавек! — адзначае Васіль Міхайлавіч. — Сёлета план набору на згаданую спецыяльнасць павялічыўся на трэць — 65 чалавек. Лагічна меркаваць, што колькасць балаў, неабходных для паступлення, можа зменшыцца. Але як яно будзе насамрэч — убачым падчас прыёмнай кампаніі.

Некаторыя змены закранулі і папулярную ў выпускнікоў каледжаў скарочаную форму навучання. Так, у параўнанні з мінулым годам на 30 месцаў (прыкладна на 15%) павялічыўся набор на вячэрнюю форму адукацыі і на 48 чалавек зменшыўся набор на завочную форму. Зрэшты, гэта агульная тэндэнцыя ў краіне — скарачэнне завочнага прыёму.

— На скарочанай форме мы таксама пераразмеркавалі спецыяльнасці, — паведаміў Васіль Бандарык. — На тыя, што не карысталіся попытам абітурыентаў, увогуле не будзем набіраць. А вось план набору на спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” вельмі высокі. Так, на скарочаную вячэрнюю форму па гэтай спецыяльнасці плануецца прыняць 120 чалавек, на скарочаную завочную — 153.

Тое ж тычыцца і дыстанцыйнай формы. План прыёму тут застаўся на ўзроўні мінулага года — 150 чалавек (10 спецыяльнасцей), але змяніліся акцэнты: скарочаны набор на адны спецыяльнасці і ў 1,5 разу павялічаны на тое ж “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”.

— Паколькі гэтая спецыяльнасць карыстаецца найбольшым попытам сярод абітурыентаў, мы падстроіліся пад іх пажаданні. Тым больш што гэта адпавядае і пажаданням работадаўцаў, — адзначыў Васіль Бандарык.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.