На старце высокага прафесійнага ўзлёту

- 10:10Актуально, Апошнія запісы

Пераможцам апошняга конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года”, які праводзіўся ў 2014 годзе, стаў настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 11 Маладзечна Віктар Эдуардавіч Жук. Педагог малады, але вельмі яркі.

На гэтым конкурсе ён выступіць у новым амплуа — будзе працаваць у журы суперфіналу. Як прызнаўся педагог, справа гэтая вельмі адказная, хвалюючая і цікавая адначасова. А сёлетнім канкурсантам Віктар Эдуардавіч пажадаў рашучасці, бо, як вядома, удача скараецца храбрым.

“Конкурс — гэта не канкурэнцыя паміж прафесіяналамі. Найперш гэта вельмі карысны вопыт і добрая стартавая пляцоўка для высокага прафесійнага ўзлёту. Нездарма ўдзельнікі, пераможцы конкурсу адзначаюць, што ёсць жыццё да конкурсу і пасля конкурсу. Такія ж адчуванні перажыў і я. Галоўнай адметнасцю майго педагагічнага жыцця пасля конкурсу стала членства ў клубе “Крыштальны журавель”. Цяпер я з гонарам нашу значок клуба на лацкане пінжака. Клуб дапамог стаць больш упэўненым у сабе. Пасля конкурсу мне гэтага не хапала (нягледзячы на перамогу). Адкрытыя ўрокі ў незнаёмых класах, выезды клуба дапамагаюць трымаць сябе ў тонусе.

Выезды ў складзе клуба “Крыштальны журавель” мяне падштурхоўваюць да таго, каб урокі былі індывідуальнымі, непаўторнымі. Калі раней я рабіў стаўку на тэхналагічнасць урока, на актыўнае карыстанне гатовымі алгарытмамі, то цяпер больш схіляюся да таго, што кожны ўрок у кожнага настаўніка павінен быць аўтарскім.

Сёлетнім канкурсантам жадаю падчас конкурсу знайсці новых сяброў і знаёмых. Гэта напоўніць вас новымі эмоцыямі, дадасць веры ў сабе. Жадаю заставацца самімі сабой, бо гэта ваш стрыжань, які дапаможа пераадолець усе цяжкасці. А яшчэ жадаю новых ідэй, якія абавязкова з’явяцца, і іх паспяховай рэалізацыі. Поспехаў вам!” — пажадаў Віктар Эдуардавіч Жук.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.