На сваёй радыёхвалі

28 залатых, 18 сярэбраных і 9 бронзавых медалёў — пра такія высокія вынікі нашай каманды на мінулагодніх чэмпіянатах свету па хуткаснай радыётэлеграфіі і спартыўнай радыёпеленгацыі паведаміла падчас работы рэспубліканскай адкрытай пляцоўкі для педагогаў дадатковай адукацыі спартыўна-тэхнічнага профілю, што ладзілася 27 студзеня на базе Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, неаднаразовы прызёр міжнародных спаборніцтваў намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці СДЮСТШ па радыёспорце ДТСААФ Ала Валер’еўна Грахольская. Вынікі высокія, а вось узровень папулярнасці ў нашай краіне радыёспорту пакуль не дасягнуў вяршынь. Дакладней, ён дасягаў — і яшчэ якіх! — вяршынь, але ж тое былі савецкія часы, ХХ стагоддзе, калі адзін толькі від масіўнай радыёапаратуры выклікаў у дарослых (а ў дзяцей тым больш) пачуццё захаплення, здзіўлення. Цяпер жа стагоддзе ХХІ — эпоха камп’ютарных тэхналогій. Чым можа прывабіць сучасную моладзь радыётэхніка? Якую карысць прыносяць заняткі радыёспортам?

Анлайн амаль 24 гадзіны ў суткі, у руках — смартфоны і планшэты з Viber, Skype, сацыяльнымі сеткамі, перад вачамі — маніторы і экраны ноўтбукаў — усё гэта неад’емная частка жыцця сучаснай моладзі. На фоне апошніх мадэлей гаджэтаў радыёперадатчыкі і радыёстанцыі, без якіх немагчыма правесці заняткі па такіх радыёспартыўных дысцыплінах, як “Хуткасная радыётэлеграфія”, “Спартыўная радыёпеленгацыя”, “Радыёсувязь на кароткіх і ўльтракароткіх хвалях”, на першы погляд могуць падацца нечым састарэлым, неактуальным, атрыбутамі мінулай эпохі, у лепшым выпадку — даволі мілымі вінтажнымі рэчамі. Аднак такое ўражанне падманлівае. Можа, радыёапаратура і выглядае несучасна, аднак уменні і навыкі, якія фарміруюцца ў навучэнцаў на занятках радыёспортам, будуць актуальнымі заўсёды. Гэта і сканцэнтраванасць, і здольнасць прымаць за лічаныя секунды правільнае рашэнне, і веданне, як хутка і дакладна перадаць інфармацыю, і, канечне, фізічная загартоўка. Нездарма слова “радыёспорт” мае два карані — “радыё” і “спорт”.

— Спартыўная радыёпеленгацыя — гэта тэхнічна-фізічная дысцыпліна, у якой радыётэхніка сумешчана са спартыўным арыентаваннем. Арыенціроўшчыкаў часта называюць бегаючымі шахматыстамі, а спартыўныя пеленгатары — гэта бегаючыя радыёшахматысты. Хаця і такое параўнанне не вельмі карэктнае, бо, згодна з даследаваннямі, спартыўнае арыентаванне па інтэлектуальнай нагрузцы стаіць вышэй за шахматы. Трэба не толькі бегчы па лесе, але і рашаць інтэлектуальныя задачы, прычым за лічаныя секунды. Сярод арыенціроўшчыкаў папулярны такі дэвіз: “Мазгі плюс ногі”. Ну а мы, хто займаецца спартыўнай радыёпеленгацыяй, акрамя мазгоў, яшчэ ўключаем і радыёперадатчыкі (“лісы”), а потым шукаем іх з дапамогай радыёпеленгатара, карты і компаса, — паведаміла педагог дадатковай адукацыі Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Любоў Пятроўна Чэрнік.

На занятках па спартыўнай радыёпеленгацыі вучні засвойваюць вялікі аб’ём ведаў па радыётэхніцы, фізіцы, вучацца чытаць карту, арыентавацца на мясцовасці, атрымліваюць практычныя навыкі па тэхніцы бегу па перасечанай мясцовасці. Неад’емнай часткай заняткаў з’яўляюцца спаборніцтвы, якія праводзяцца на ўчастку перасечанай мясцовасці. На маршруце ў залежнасці ад узросту юных спартсменаў устанаўліваюцца тры, чатыры або пяць кантрольных пунктаў, а таксама стартавы і фінішны калідоры. На кожным кантрольным пункце размяшчаецца радыёперадатчык (“ліса”). Перадатчыкі ўключаюцца на адной і той жа частаце паслядоўна, адзін за адным, і на працягу адной хвіліны перадаюць пазыўныя сігналы. Каб спартсмены не заблукалі, адзін з перадатчыкаў абавязкова ўстанаўліваецца на фінішы. Перад стартам удзельнікі спаборніцтваў атрымліваюць карту мясцовасці, радыёпеленгатары і па камандзе бягуць да стартавага калідора, дзе вызначаюць аддаленасць і напрамкі знаходжання радыёперадатчыкаў. Задача паляўнічага на “ліс” заключаецца ў тым, каб распрацаваць аптымальны маршрут, выявіць усе радыёперадатчыкі, зрабіць паметку на КП і завяршыць маршрут на фінішным калідоры.

Па словах неаднаразовага і абсалютнага чэмпіёна СССР па спартыўнай радыёпеленгацыі педагога дадатковай адукацыі РЦІіТТ Віктара Андрэевіча Шумянцова, самае відовішчнае паляванне на “ліс” — гэта спрынт. Кантрольных пунктаў у гэтых спаборніцтвах у два разы больш, чым у класічных спаборніцтвах. Размешчаны яны на невялікай адлегласці адзін ад аднаго. Спачатку спартсмену неабходна выявіць першую палову кантрольных пунктаў, на якіх “лісы” перадаюць свае пазыўныя з невялікай хуткасцю. Пасля праходжання прамежкавага фінішу выяўляюцца астатнія кантрольныя пункты, дзе радыёперадатчыкі перадаюць пазыўныя вельмі хутка. Спаборніцтвы па спартыўнай радыёпеленгацыі праводзяцца на дыяпазонах 144 і 3,5 МГц. У залежнасці ад дыяпазону ў склад пеленгатараў уваходзяць розныя тыпы антэн. Пеленгаванне на кожным з дыяпазонаў мае свае асаблівасці. Напрыклад, радыёхвалі дыяпазону 144 МГц выдатна адбіваюцца ад розных аб’ектаў, што нярэдка прыводзіць да з’яўлення лжывых кантрольных пунктаў, а гэта лішнія секунды і хвіліны пошуку, якія могуць стаць вырашальнымі на фінішы.

Акрамя спартыўнай радыёпеленгацыі, папулярнай у нашай краіне з’яўляецца хуткасная радыётэлеграфія. Азбука Морзэ, кропкі, працяжнікі — гэта ўсё яна: не такая фізічна актыўная, як паляванне на “ліс”, аднак не менш інтэлектуальна напружаная дысцыпліна. На спаборніцтвах па хуткаснай радыётэлеграфіі (у нашай краіне такія рэспубліканскія спаборніцтвы называюцца “Сярэбраны ключ” і сёлета будуць праводзіцца з 23 па 25 лютага) юным спартсменам неабходна на працягу хвіліны з пачатковай хуткасцю 30 знакаў за хвіліну прымаць літарныя, лічбавыя і змешаныя тэксты. Спаборніцтвы ўключаюць таксама практыкаванні па хуткасным прыёме практычных караткахвалевых тэстаў з выкарыстаннем спецыялізаванага праграмнага забеспячэння. Такіх практыкаванняў два. RUFZ — гэта практычны тэст па прыёме 50 радыёаматарскіх пазыўных пры дапамозе камп’ютарнай праграмы RUFZ XP. MORZE RUNNER з’яўляецца імітацыяй караткахвалевага тэста працягласцю 10 хвілін. У гэтых практыкаваннях найвышэйшы вынік роўны 100 ачкам, а менш удалыя вынікі ацэньваюцца ў працэнтных суадносінах.

Малады педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна Ганна Андрэеўна Вайцяховіч сваёй дзейнасцю яскрава сведчыць пра пераемнасць пакаленняў і пацвярджае, што ў беларускага радыёспорту ёсць будучыня. У выпускніцы гуртка хуткаснай радыётэлеграфіі хобі школьных гадоў перарасло ў прафесійную справу. “Фінансавая зацікаўленасць у маёй дзейнасці стаіць далёка не на першым месцы. Галоўнае — гэта любоў да дзяцей, да свайго захаплення. У першы час дзецям у хуткаснай тэлеграфіі падабаецца ўсё: усцягваць вялізныя навушнікі, маніпуляваць электронным ключом. Выдатным стымулам для вучняў з’яўляецца ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Для падтрымання ўзроўню зацікаўленасці важна разнастайваць заняткі. Мы, напрыклад, з калегамі перыядычна ладзім разгрузачныя дні, праводзім гульні, падчас якіх дзелім дзяцей на каманды, зашыфроўваем для іх якую-небудзь прыказку і прапаноўваем яе разгадаць”, — падзялілася Ганна Андрэеўна.

Старшы трэнер па радыёспорце СДЮШАР № 4 Светлагорскага раёна Любоў Міхайлаўна Змушко пачала займацца хуткаснай радыётэлеграфіяй яшчэ ў пачатку 80-х гадоў. Вучаніцу Гарбавіцкай сярэдняй школы настолькі зацікавіла радыёсправа, што яна кожныя выхадныя ездзіла за 10 кіламетраў у райцэнтр Калінкавічы ў Дом піянераў. На працягу ўжо 33 гадоў Любоў Міхайлаўна працягвае справу сваіх педагогаў і працуе трэнерам. “Пагаджуся з калегай: вельмі важна зацікавіць дзяцей, дапамагчы ім перамагчы ляноту, таму што дзеці нярэдка з-за ляноты перастаюць займацца любімай справай. Найбольш часта гэта адбываецца ў падлеткавым узросце. Важна наладзіць кантакт з бацькамі і зацікавіць іх радыёспортам. Гавораць, што ўзровень майстэрства трэнера вызначаецца тым, ці падрыхтаваў ён чэмпіёна свету. У Беларусі амаль кожны трэнер па радыёспорце падрыхтаваў не аднаго, а некалькі дзясяткаў чэмпіёнаў. Беларусь па праве з’яўляецца заканадаўцай сусветнай моды ў радыёспорце, нашы спартсмены рэгулярна абнаўляюць рэкорды. Так, рэкорд маіх навучэнцаў складае 280 знакаў за мінуту, а гэта ў сярэднім 5 за секунду”, — сказала Любоў Міхайлаўна.

У эпоху камп’ютарных тэхналогій радыёсувязь паступова страчвае свае пазіцыі. Аднак уявім сітуацыю: у выніку стыхійных бедстваў (няхай яны абмінаюць нашу краіну) абясточаны ЛЭП, перасталі працаваць базы мабільнай сувязі. Які спосаб перадачы інфармацыі будзе самым надзейным? Правільна, радыёсувязь. Паляванне на “ліс”, хуткасная перадача кодаў Морзэ працягваюць захапляць сэрцы юных тэхнікаў. Аднак важна не забываць, што сённяшнія вучні — гэта пакаленне ХХІ стагоддзя, эпохі га-джэтаў, эпохі новых падыходаў у выхаванні і ў справе папулярызацыі радыёспорту.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *