Вольга Дубоўская
Прыгожыя сукенкі, элегантныя касцюмы, цёплыя словы падзякі, пажаданні, абяцанні, атэстаты, слёзы, спевы, музыка, танцы, світанак. Учора ў школах краіны прайшлі выпускныя вечары.
Адзінаццацікласнікі развіталіся са школай, сваімі любімымі настаўнікамі і аднакласнікамі. І ўжо сёння святочна-ўрачысты настрой памяняе ноты — стане сумна і страшнавата. Сумна ад таго, што закончылася, па сутнасці, бесклапотнае школьнае жыццё, дзе ў вырашэнні праблем дапамагалі бацькі і педагогі. Ужо праз паўгода самім будзе смешна ад успамінаў пра бедаванне з-за шасцёркі ці сямёркі. І страшнавата ад прадчування дарослага жыцця. Пакуль на руках толькі першыя яго атрыбуты — атэстат, пашпарт, медыцынская даведка.
Канечне, у кожнага распрацаваны план далейшых дзеянняў, а ў многіх і “план Б” падрыхтаваны. Цяпер моладзь куды больш прадуманая, чым наша пакаленне. Яна не мітусіцца, а даволі спакойна і ўзважана выбірае, разглядае ўсе варыянты. І пакуль бацькі нервуюцца або ўпэўнены, што, нарэшце, вызначыліся, іх практычна дарослыя дзеці раздумваюць. Іншым разам да апошняга, каб не шкадаваць і не расчароўвацца.
Але без шкадавання і расчаравання не будзе руху наперад. Гэта аксіёма жыцця. Насамрэч яна становіцца зразумелай яшчэ падчас навучання ў школе. Просты прыклад: вы рыхтуецеся да адказу на ўроку, перачыталі-перагледзелі падручнік, сшытак, дадатковыя крыніцы. Адчуваеце сябе падрыхтаваным і ўпэўненым. А на ўроку настаўнік, задаючы пытанне, заходзіць з зусім нечаканага боку. І вы або імгненна перакручваеце падрыхтаванае, або — у тупіку. У выніку вы можаце пераўзысці сябе ці моцна расчаравацца.
Я да таго, што не трэба баяцца памыляцца. Гэта нават і памылкай, можа, не з’яўляцца. Кожны мае права на сумненні, дадатковы час на вызначэнне сваіх прафесійных патрэб. Выдатна, калі вы ведаеце, чаго хочаце. Хоць жыццёвы і прафесійны вопыт сведчыць: далёка не заўсёды мы робім правільны выбар з першай спробы. І гэта не сорамна. Тым больш калі робяцца толькі першыя крокі ў дарослае жыццё. Канечне, юнацкі максімалізм патрабуе толькі зорнага шляху. Але можна не спяшацца.
У нашай краіне створаны спрыяльныя ўмовы для пераходу ў дарослае прафесійнае жыццё. На наступным тыдні стартуе прыёмная кампанія ў вышэйшыя навучальныя ўстановы — пачнецца цэнтралізаванае тэсціраванне. Калі здарыцца, што нехта не зможа стаць студэнтам, то яго чакаюць у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзе, дарэчы, умовы навучання не проста спрыяльныя, а вельмі сучасныя. А выпускнікі многіх каледжаў не проста канкурэнтаздольныя на рынку працы спецыялісты. Па атрыманых уменнях і навыках (кампетэнцыях) яны могуць даць фору маладому спецыялісту з універсітэцкім дыпломам. Прынамсі, выпускнікі педагагічных каледжаў — дакладна. Многа разоў чула ад дырэктараў школ, што настаўнікі з дыпломам каледжа метадычна куды лепш падрыхтаваны, чым выпускнікі педагагічных устаноў вышэйшай адукацыі.
Ну а калі вы хочаце вучыцца выключна ва ўніверсітэце, але балаў не хапіла, то, калі ласка, паступайце ў наступным годзе. Сертыфікаты аб здачы ЦТ дзейнічаюць 2 гады. Не задавальняюць атрыманыя вынікі? Можаце пераздаць. А каб час да наступнай прыёмнай кампаніі правесці з карысцю, можна ўладкавацца на работу. І зноў паспрабаваць вызначыцца з будучай прафесіяй. А раптам вы знойдзеце сябе, напрыклад, у сферы абслугоўвання? Вельмі здорава адчуваць сябе на сваім месцы.