На ўсе 100! Вопытам падрыхтоўкі вучняў да ЦЭ (ЦТ) дзеліцца настаўніца матэматыкі Аксана Заграбельная

- 14:16Школьный физмат

За больш чым трыццацігадовы педагагічны вопыт настаўніца матэматыкі Лельчыцкай раённай гімназіі імя І.А.Коласа Аксана Заграбельная выпрацавала сваю сістэму падрыхтоўкі вучняў да ЦЭ (ЦТ). Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Педагог удастоена звання “Лепшы па прафесіі” ў сферы адукацыі ў Лельчыцкім раёне, узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі. Але самая галоўная ўзнагарода — падзяка вучняў, для якіх матэматыка стала любімым прадметам і прафесійным выбарам.

Выпускнікі падарылі Аксане Пятроўне незвычайны матэматычны гадзіннік з надпісам: “Класнаму настаўніку матэматыкі”. Каб вызна­чыць дакладны час на іх, трэба рашыць прыклад. На цыферблаце замест лічбаў намаляваны матэматычныя выразы: на месцы 12 — корань са 144, замест 1 — 7 падзяліць на 7 і г.д.

— Вучні радуюць мяне сваімі вынікамі на іспытах. Некаторыя набіраюць 90 і больш балаў. Так, два гады назад стабальны сертыфікат атрымала Дынара Каляда. Зараз дзяўчына вучыцца ў БДЭУ на факультэце міжнародных эканамічных адносін. Да поспеху яна ішла з 5 класа, — расказвае Акса­на Пятроўна.

Звычайна мая суразмоўніца набірае вучняў у 5 класе і вядзе да 11-га, што станоўча ўплывае на іх падрыхтоўку па прадмеце. У профільных 10—11 класах Аксана Пятроўна выкладае матэматыку на павышаным узроўні, вядзе факультатыўныя заняткі. Штогод яе вучні перамагаюць на раённым этапе алімпіяды. У мінулым годзе васьмікласнік Дзмітрый Бех атрымаў дыплом ІІІ ступені на вобласці. На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды дыплом ІІІ ступені заваяваў васьмікласнік Дзяніс Навіцкі. Юнак выбраў эканамічную прафесію.

— Матэматыку здаюць тыя, хто хоча звязаць сваю будучыню перш за ўсё з эканомікай, інфарматыкай, будаўніцтвам, лясной гаспадаркай і г.д. Атрымаць нізкі бал па гэтым прадмеце — значыць ускладніць сабе паступленне ў многія УВА, — заўважае Аксана Пятроўна. — Што трэба вучню для эфектыўнай падрыхтоўкі да ўступнага іспыту? Трэніроўка, трэніроўка і яшчэ раз трэніроўка. Задача педагога — грунтоўна падрыхтаваць вучня, сфарміраваць у яго сістэмныя веды і навыкі, ліквідаваць прабелы.

Сістэма падрыхтоўкі Аксаны Пятроўны да ЦЭ (ЦТ) уключае вуснае лічэнне, прымяненне ІКТ, правядзенне вучэбна-даследчых работ, а таксама захаванне пераемнасці ў сістэме “урок — факультатыў”, маніторынг і карэкцыю ведаў.

— Рыхтавацца да ЦЭ (ЦТ) у 11 класе поз­на. Пачынаць лепш у 5 класе, — гаворыць педагог. — Любое практыкаванне па тэме з падручніка, якую мы разбіраем на ўроку, можна прадставіць у тэставай форме і даць яго ў якасці дамашняга задання. Напрыклад, замест простага “рашыце ўраўненне” прапанаваць знайсці здабытак (або суму ці сярэдняе арыфметычнае) каранёў ураўнення.

Асаблівую ўвагу настаўніца ўдзя­ляе сістэме пабудовы трэніровачных тэстаў. Выкарыстоўвае тэсты, скла­дзеныя ў рамках адной тэмы і блока тэм аднаго раз­дзела. Прапануе тэсты з задачамі з розных раздзелаў, якія маюць аднолькавы метад рашэння, і комплексныя тэсты. Усе заданні складзены з улікам узроўневай дыферэнцыяцыі. Можна выконваць і камп’ютарныя варыянты тэстаў, выпушчаныя РІКВ.

Школьнік павінен умець хутка аца­ніць тэставае заданне, унікнуць у яго сутнасць, выбудаваць рацыянальны шлях і свае асацыяцыі па падыходах да рашэння, растлумачыць кожны крок на гэтым шляху. Афармляць усё дакладна і кампактна. Мець адэкватнае ўяўленне аб узроўні сваёй пад­рыхтоўкі па прадмеце, аб недахопах і быць гатовым да доўгіх самастойных заняткаў.

Вуснае лічэнне — адзін з прыёмаў пры падрыхтоўцы да ЦТ. Можна навучыць дзяцей выконваць самыя простыя (і не вельмі) пераўтварэнні вусна, арганізаваць адпрацоўку такога навыку да аўтаматыз­му. Аксана Пятроўна разнастайвае гэтую работу: прапаноўвае простае вуснае лічэнне, тоесныя пераўтварэнні, рашэнне геаметрычных задач па гатовых чарцяжах. Пры вывучэнні ў 9 класе тэм “Тэарэма сінусаў”, “Тэарэма косінусаў”, “Метад плошчаў” зручна выкарыстоўваць рашэнне задач па гатовых чарцяжах.

Часам педагог практыкуе ўрок адной задачы, калі разбіраецца некалькі спосабаў рашэння адной і той жа задачы, каб выбраць лепшы. Дзеці і самі прапануюць розныя варыянты. Для хуткай праверкі ведання формул Аксана Пятроўна праводзіць матэматычную дыктоўку-пяціхвілінку. Калі трэба абагульніць матэрыял па тэме, практыкуе пытанні адно аднаму. Настаўніца задае пытанне, дзіця адказвае і задае аднакласніку наступнае пытанне, той адказвае і г.д. Парную работу Аксана Пятроўна любіць больш, чым групавую. Каб дапамагчы таму, хто адстае, засвоіць тэму, можна пасадзіць яго з больш моцным вучнем.

— Пры неабходнасці магу ўклю­чыць прэзентацыю па тэме, відэаролік або відэаўрок, — гаворыць педагог. — Прымяненне ІКТ дазваляе дыферэнцыраваць падыход да навучэнцаў. З дапамогай тэставых камп’ютарных праграм можна хутка ацаніць вынік работы, вызначыць тэмы, у якіх ёсць прабелы. Праграмы-трэнажоры карысныя пры замацаванні ведаў. А вось тэлефоны на ўроках мы ніколі не выкарыстоўвалі, каб нават не было спакусы скарыстацца “рашэбай” ці спытаць адказ у штучнага інтэлекту. Дзеці павінны думаць самі і абмяркоўваць тое, што незразумела, з аднакласнікамі і настаўнікам.

— На факультатыўных занятках мы развіваем назапашаныя вучнямі на ўроках веды, абмяркоўваем і адпрацоўваем тактыку і стратэгію выканання тэстаў. Шукаем рацыянальныя спосабы рашэння заданняў, межы прымянімасці таго ці іншага метаду, папярэджваем памылкі ў рашэнні і афармленні. Некаторыя дзеці самі складаюць тэсты і фармулююць пытанні да заданняў з падручніка з пазіцыі тэсціравання. Асвойваем і псіхалагічныя прыёмы самакантролю падчас экзамену, — расказвае Аксана Пятроўна.

Кожны вучань мае патрэбу ў дыферэнцыраванай дапамозе пры пад­рыхтоўцы да ЦЭ. Аднаму трэба ўказаць на тып задачы, якую ён рашае, на формулы, уласцівасці, тэарэмы, на аснове якіх выконваецца заданне. Іншаму — даць дапаўненне да задання ў выгля­дзе чарцяжа, спасылку на аналагічную задачу, рэшаную раней, з тлумачэннем выканання падобнага задання. Або паказаць адказ загадзя і папярэдзіць пра найбольш тыповыя памылкі, прапанаваць дапаможныя  матэрыялы і заданні на друкаванай аснове.

У 11 класе вучань можа толькі абагульніць веды, якія ў яго ўжо ёсць, прывесці іх у сістэму. Аксана Пятроўна рэкамендуе кожнаму весці канспект, у якім будуць формулы, алгарытмы, ключавыя задачы. Апорны матэрыял, які адносіцца да кожнага тэматычнага блока, павінен быць прапісаны, паўтораны і вывучаны яшчэ да таго, як вучань пачне сістэматызаваць веды па ім.

Спрагназаваць адзнакі на экзамене і ЦТ дапаможа маніторынг навучанасці: кантроль бягучых адзнак і адзнак па кантрольных і самастойных работах па прадмеце, вынікаў пробнага дыягнастычнага і рэпетыцыйнага тэсціравання.

— Пры праверцы пісьмовай работы я падкрэсліваю месца, дзе дапушчана памылка, — гаворыць педагог. — Каб яе ўсвядоміць, вучань павінен мець пад рукой правіла, формулу або алгарытм рашэння. Калі не папярэджваць і не ліквіда­ваць прабелы, яны назапасяцца і аб якаснай пад­рыхтоўцы да ЦТ гаварыць не давядзецца. Каб выяўляць прабелы ў кожнага вучня, выкарыстоўваю спецыяльныя карэкцыйныя карты па тэмах і дыягнастычныя карты выканання тэставых заданняў.

***

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара