З гонарам несці Вахту памяці ля Вечнага агню каля помніка загінуўшым воінам і партызанам у Гродне дае абяцанне не адно пакаленне школьнікаў. Ужо сем гадоў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” і “Прамень” Гродна пад кiраўнiцтвам гарадскога аддзела адукацыi, спорту i турызму арганізуюць Ганаровую варту Вахты памяці на Пасту № 1 ля Вечнага агню ў парку Жылібера.
У гэты летні дзень на Пост № 1 заступалі навучэнцы дзвюх гродзенскіх школ — № 7 і № 13. Разводнік Ілья Лясько вучыцца ў мытным класе 13-й школы. На Ільі ляжыць адказная справа — аддаць каманду і ўрачыста вывесці варту да помніка. Строга, па-ваеннаму чаканячы крок, ідуць юнакі і дзяўчаты. Часта за імі назіраюць наведвальнікі парку, потым размаўляюць, пытаюцца аб вахце, дзякуюць за памяць, дзеляцца ўспамінамі.
Насця Найдзён і Надзея Манкевіч расказваюць, што спецыяльнаму рытуальнаму кроку вучыліся некалькі месяцаў. А трэніроўкі праводзяць курсанты ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Граматамі гарадскога аддзела адукацыi, спорту i турызму ў дзень атрымання дыпломаў былі адзначаны выпускнікі факультэта Віталь Брэзін і Арцём Кулікоў, а таксама курсант Раман Тажун і выконваючы абавязкі намесніка начальніка ваеннага факультэта па ідэалагічнай рабоце Яўген Скіба за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы Ганаровай варты. Навучэнцы 7-й школы Яраслаў Бялятка, Сяргей Койпіш, Аляксандр Ганчароў з гонарам дэманструюць новую форму, якую пашылі для варты ў гэтым годзе дзякуючы падтрымцы Гродзенскага гарсавета і аддзела адукацыі, спорту і турызму.
— За сем гадоў сотні гродзенскіх юнакоў і дзяўчат прайшлі школу грамадзянскага выхавання, заступаючы на ганаровы Пост № 1, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце цэнтра “Спектр” Алена Дулеўская. — Кожныя тры месяцы абнаўляецца склад каманды: 30 чалавек рыхтуюцца да нясення вахты і праходзяць адпаведную падрыхтоўку, 30 чалавек заступаюць на Пост № 1. Удзел у такой ганаровай і адказнай справе фарміруе ў школьнікаў высокую грамадзянскую адказнасць, пачуццё гонару за гісторыю сваёй краіны і ўдзячнасць старэйшаму пакаленню.
Алена Эдмундаўна з хваляваннем успамінае 9 Мая, калі школьнікі пасля ўдзелу ў мiтынгу на Кургане Славы самi, па ўласнай ініцыятыве, прыйшлі да помніка ў гарадскім парку і сталі тут на Ганаровую варту, бо не маглі ў такі дзень пакінуць Пост № 1.
Удзельнікі Вахты памяці актыўна ўдзельнічаюць у гарадскім конкурсе “Ведаем, памятаем, шануем”, які доўжыцца на працягу навучальнага года. У кожнай установе адукацыі ствараюцца групы ў складзе 15—20 чалавек, у тым ліку з удзельнікаў Ганаровай варты Паста № 1, для правядзення даследаванняў і апісання асобных падзей Вялікай Айчыннай вайны і ўвекавечання памяці аб загінуўшых пры абароне Айчыны. Адным з мерапрыемстваў з’яўляецца агляд-конкурс на лепшае нясенне Вахты памяці. Навучэнцы выконваюць даследаванні на тэму Вялікай Айчыннай вайны, афармляюць фотаальбомы, выпускаюць школьныя газеты, відэаролікі, сустракаюцца з удзельнікамі вайны. Пераможцы конкурсу ўзнагароджваюцца пераходным кубкам. У мінулым годзе пераможцам конкурсу была сярэдняя школа № 28. Плануецца, што ў гэтым годзе пераможца атрымае кубак 3 ліпеня — у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
— Адзін з самых знакавых момантаў у дзейнасці аддзялення Ганаровай варты — гэта дзень, калі яго ўдзельнікі даюць урачыстую клятву, — расказвае А.Э.Дулеўская. — Словы клятвы яны прамаўляюць, стаўшы на калена, у прысутнасці ветэранаў вайны, сваіх сяброў. Новае пакаленне клянецца шанаваць памяць, славу, гераізм і мужнасць абаронцаў Айчыны.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.