На Віцебшчыне сёлета 54 % выпускнікоў 9-х класаў аддалі перавагу навучанню ў каледжах

- 12:02Новости

Цікавасць моладзі да рабочых прафесій расце. Такую тэндэнцыю адзначылі на калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, паведамляе карэспандэнт  «Настаўніцкай газеты».

У ходзе пасяджэння на базе Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа былі абмеркаваны вынікі ўступнай кампаніі, працаўладкаванне маладых спецыялістаў, падрыхтоўка кадраў для прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, а таксама дзейнасць цэнтраў кампетэнцый і вучэбных цэнтраў.

Як праінфармаваў кіраўнік сістэмы адукацыі рэгіёна Дзмітрый Хома, у вобласці на працягу некалькіх гадоў рэалізуецца дарожная карта па падрыхтоўцы неабходных эканоміцы кадраў, асаблівая ўвага ўдзяляецца рабочым прафесіям. Наладжана плённае супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі і арганізацыямі — заказчыкамі кадраў на ўсіх этапах узаемадзеяння — ад прафарыентацыі да арганізацыі практык і замацавання выпускнікоў на першым рабочым месцы. У бягучым годзе 54 % выпускнікоў 9-х класаў паступілі ў каледжы. Прычым гэты паказчык з кожным годам павялічваецца.

Сёлета мы набралі на 500 чалавек звыш запланаванага, — расказаў Д. Хома. — Рабочыя прафесіі карыстаюцца попытам на рынку працы, заказчыкі кадраў прапануюць дастойны ўзровень заработнай платы. Мы разам імкнёмся актыўна паказваць увесь спектр прафесій дзецям і іх бацькам, каб будучыя абітурыенты мелі магчымасць прыняць усвядомленае рашэнне. На прыкладзе каледжа, дзе праходзіць сустрэча, можна ўбачыць дасягнутае за апошнія тры гады дзякуючы намаганням установы адукацыі пры падтрымцы абласнога бюджэту. Тут створаны ўсе ўмовы для асваення прафесіі на самым высокім узроўні, дзейнічае цэнтр кампетэнцый тэхналогій швейнай вытворчасці. Навучэнцы могуць атрымаць якасную прафесійную адукацыю ў камфортным, спрыяльным для асабістага і фізічнага развіцця асяроддзі, каб затым вярнуцца працаваць на малую радзіму або папоўніць працоўныя калектывы галіновых прадпрыемстваў вобласці.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў калегіі, намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў падзякаваў за працу і зрабіў акцэнт на значэнні сістэмы прафадукацыі для сацыяльна-эканамічнага комплексу рэгіёна:

— Мы насамрэч ганарымся нашай сістэмай прафадукацыі. Вы паспяхова спраўляецеся з ускладзенымі задачамі, што паказала ў тым ліку прыёмная кампанія, і трэба захаваць гэтую тэндэнцыю. З мэтай выканання даручэнняў Кіраўніка дзяржавы мы планамерна ўдасканальваем матэрыяльна-тэхнічную базу, адпаведна ў каледжах ствараюцца дастойныя ўмовы для навучання. Дзякуй за тое, што выдзеленыя бюджэтныя сродкі выкарыстоўваюцца рацыянальна і ашчадна, кожны ўкладзены рубель працуе на развіццё.

Актуальнасць пытанняў, вынесеных на абмеркаванне калегіі, падкрэсліў і старшыня абласнога савета кіраўнікоў каледжаў дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Аляксандр Ласякін. Ён выказаў перакананасць, што каледжы павінны ажыццяўляць прыём з абавязковым улікам запытаў рынку працы на кваліфікаваныя кадры для розных галін, уключаючы будаўніцтва і прамысловасць. Пры гэтым важна знаёміць абітурыентаў і іх бацькоў з установамі прафадукацыі і прадпрыемствамі, а навучэнцаў — з канкрэтнымі вытворчымі працэсамі, каб яны разумелі, з чым звязана будучая работа.

— Нашы выпускнікі запатрабаваны, часам на аднаго прыпадае некалькі заявак ад заказчыкаў кадраў, — расказаў А. Ласякін. — Характэрна, што прадпрыемствы ўсё больш зацікаўлена далучаюцца да прафарыентацыі, заключаюць мэтавыя дагаворы на падрыхтоўку спецыялістаў, прапануючы розныя бонусы.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара