На заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі школьнікі заваявалі 18 дыпломаў

- 14:25Образование

Сёлетнія інтэлектуальныя спаборніцтвы па астраноміі прайшлі на базе спецыяльнай школы № 13 Мінска і аб’ядналі 39 навучэнцаў з гімназій і ліцэяў нашай краіны: 29 адзінаццацікласнікаў, 9 дзесяцікласнікаў і дзевяцікласнік, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

—  Заданні рэспубліканскай алімпіяды крыху выходзілі за межы школьнага курса астраноміі. Гэта зроблена з разлікам на тое, што пераможцы алімпіяды ў далейшым змогуць прыняць удзел у міжнародных спаборніцтвах. Тыя вучні, якія рыхтуюцца з году ў год, добра гэта ведаюць, — адзначае член журы алімпіяды дацэнт кафедры агульнай фізікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Андрэй Лавыш. — Удзельнікам былі прапанаваны па 5 задач на тэарэтычным і практычным турах. Так, напрыклад, адна з задач тэарэтычнага тура — «на касманаўтыку»: навучэнцам трэба было разлічыць траекторыі модуляў касмічнага апарата, зыходзячы з пэўных даных. Каб правесці адпаведныя разлікі, ім неабходна было ведаць і законы фізікі, і некаторыя заканамернасці руху касмічных апаратаў. На практычным туры былі прапанаваны задачы на вызначэнне бягучага становішча планет на небе — тыя алімпіяднікі, якія сур’ёзна рыхтаваліся і загадзя паглядзелі, дзе размяшчаюцца планеты, што відаць простым вокам, правільна адказалі. У цэлым школьнікі добра справіліся з заданнямі і набралі з 200 магчымых балаў больш за 120. А гэта даволі высокі ўзровень ведаў у параўнанні з папярэднімі гадамі.

На яго думку, каб атрымаць запаветны дыплом, вучням неабходна, па-першае, веданне фізікі, па-другое,  уменне працаваць на інжынерным калькулятары, бо ў астраноміі вельмі вялікія лічбы і рабіць вылічэнні ўручную складана, і, па-трэцяе, уседлівасць: астраномія — даволі разнастайная навука: гэта і касманаўтыка, і астранамічныя аб’екты, і астрафізіка і інш., неабходна шмат часу, каб у гэтым разабрацца. Прычым пры падрыхтоўцы да алімпіяды важна карыстацца не толькі школьнай літаратурай, але і іншымі крыніцамі інфармацыі, у тым ліку ўніверсітэцкім курсам астраноміі.

Па выніках спаборніцтваў навучэнцы заваявалі 18 дыпломаў (4 дыпломы І ступені, 5 — ІІ ступені, 9 — ІІІ ступені) і 2 пахвальныя водзывы. Дыпломаў І ступені ўдастоены навучэнец 11-га класа Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Уладзімір Грамыка (настаўнік А.Я. Бекарэвіч), адзінаццацікласнік ліцэя № 1 імя акадэміка Ю.М. Астроўскага Гродна Руслан Вайтукевіч (настаўнікі І.С. Маслаў, Г.А. Лебядзевіч), навучэнец 10-га класа Ліцэя БДУ Дзмітрый Грынь (настаўнік В.В. Малышчыц) і навучэнец 11-га класа гімназіі № 39 Мінска Мікалай Варапай (настаўнік У.І. Каваленка).

Прызам міністра адукацыі за высокі вынік ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды адзначана навучэнка 9-га класа сярэдняй школы № 1 Полацка Алена Сухавіла.

— Уражанні ад алімпіяды засталіся самыя добрыя. Вынікам я вельмі задаволены, — падкрэсліў пераможац Р. Вайтукевіч. — Тэарэтычны тур, які змяшчаў заданні па астраноміі і астрафізіцы, здаўся мне стандартным. На практычным туры мы вызначалі зоркі па іх каардынатах, становішча нашай планеты ў дзень алімпіяды, ступень сціскання зорак, называлі каталогі нябесных аб’ектаў. Апошняя задача была прапанавана на матэматычную статыстыку і патрабавала ведаў са смежных дысцыплін. І я паспяхова справіўся з гэтымі заданнямі. Хачу паступіць у БДУ на факультэт радыёфізікі або факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі.

У ліцэі мы інтэнсіўна рыхтаваліся камандай, наведвалі факультатыўныя заняткі, дзе разглядалі сузор’і, аб’екты глыбокага космасу. Вялікі дзякуй маім настаўнікам Ігару Сяргеевічу Маславу, які прыцягнуў у алімпіядны рух, і Ганне Аляксандраўне Лебядзевіч!

Поспех Руслана ў многім тлумачыцца яшчэ і тым, што на працягу некалькіх гадоў у гродзенскім ліцэі № 1 працуе школа юнага астранома. У якасці сістэмаўтваральных інструментаў, якія дапамагаюць папулярызаваць астранамічныя веды, выбраны праектная дзейнасць, узаеманавучанне ў супрацоўніцтве, выкарыстанне патэнцыялу лічбавых тэхналогій. Школа дзейнічае ў пазаўрочны час, у рамках мерапрыемстваў шостага школьнага дня, а таксама ў летні канікулярны перыяд.

«Зачапіць» дзяцей космасам дапамагае і адкрыццё ў 2021 г. на базе ліцэя гарадскога Smart-цэнтра астраноміі і астрафізікі «Сірыус». Дзеці з дапамогай спецыяльных маніпулятараў і шлема віртуальнай рэальнасці маюць магчымасць атрымаць эфект максімальнай прысутнасці ў космасе: узаемадзейнічаць з нябеснымі аб’ектамі, перамяшчацца, адчуваць на ўзроўні эмацыянальнай сферы маштабы космасу, кіраваць «сілавой гарматай» для абароны Зямлі ад каметна-астэроіднай небяспекі і інш.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлена МГІРА