На жыццёвых прыкладах, займальных доследах і эксперыментах будуе ўрокі настаўнік фізікі і астраноміі Аляксандр Сугакевіч

- 15:14Школьный физмат

Захапіць, зацікавіць, зрабіць складанае зразумелым для ўспрымання. Па меркаванні настаўніка фізікі і астраноміі Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта імя Л.Я.Маневіча Аляксандра Сугакевіча, менавіта ў гэтым заключаецца паспяховасць навучання. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Прафесія ў спадчыну

Са сферай адукацыі Аляксандр Сугакевіч трывала звязаны звыш трох дзесяцігоддзяў. Шлях у педагогіку для яго быў не проста свя­домым, прафесію атрымаў у літаральным сэнсе ў спадчыну.

— Рос і выхоўваўся ў настаў­ніцкай сям’і. Дзядуля працаваў дырэктарам школы, матуля выкладала ў пачатковых класах. Дома пастаянна гучалі размовы аб уроках і вучнях. Напэўна, схіль­насць да педагогікі перадалася мне з генамі, — з усмешкай сказаў Аляксандр Георгіевіч.

Атрымаўшы школьны атэстат, Аляксандр Сугакевіч без роздумаў накіраваўся ў тагачасны Магілёўскі педінстытут. Профілем выбраў фізіку, бо прыродазнаўчыя навукі прыцягвалі з дзяцінства.

— Студэнцтва праляцела вельмі хутка. Азірнуцца не паспеў, як атрымаў дыплом з адзнакай і стаў маладым педагогам. Пачынаў ра­біць прафесійныя крокі ў архітэктурна-будаўнічым каледжы горада, пасля перайшоў у ліцэйскую адукацыю. Здаецца, толькі нядаўна правёў першы ўрок, а за плячыма ўжо 30 гадоў стажу, — працягнуў аповед Аляксандр Георгіевіч.

Акцэнт на практыцы

Сёння Аляксандр Сугакевіч мае кваліфікацыю “настаўнік-метадыст”, валодае ўласным педагагічным почыркам. Галоўнае, да чаго ён імкнецца, — зацікавіць навучэнцаў вывучэннем фізікі і астраноміі.

— Цікавасць — значны фактар у матывацыі да вучобы. І тут усё ў руках настаўніка. Дзеці выразна счытваюць тое, што мы трансліруем. Калі педагог захоплены сваёй справай, захопяцца і вучні. Важна таксама быць у непарыўным узаемадзеянні з навучэнцамі. Лекцыя-маналог наўрад ці абудзіць пазнавальную актыўнасць. А вось заняткі ў фармаце дыскусіі з абменам думкамі, несумненна, ста­нуць стымулам да набыцця ведаў, — лічыць Аляксандр Георгіевіч.

На сваіх уроках педагог шырока прымяняе інтэгральную і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Акцэнт робіць на выкарыстанні метаду праектаў, метапрадметнасці, развівае самастойную дзейнасць вучняў. Стараецца рабіць заняткі максімальна практыка-арыентаванымі. Аб’ёмны тэарэтычны матэрыял, фізічныя формулы і законы тлумачыць вучням на даступных жыццёвых прыкладах, займальных доследах і эксперыментах. Пры такім падыходзе зразумела, чаму фізіка і астраномія ў многіх навучэнцаў — любімыя прадметы.

— Аляксандр Георгіевіч — цудоўны настаўнік! Урокі ў яго нязменна напоўнены творчасцю, гумарам, даследаваннямі. Нават самыя цяжкія тэмы з ім вывучаць цікава, — падзяліліся ліцэісты Ганна Зяткіна, Ілья Татарынаў і Варвара Каляснёва.

Увага — талентам

Амаль штодзень з ранку да вечара Аляксандр Сугакевіч знахо­дзіцца ў ліцэі. Акрамя ўрокаў, ён рэгулярна чакае вучняў на факультатывах, гуртках і дадатковых занятках. Асаблівую ўвагу ўдзяляе рабоце з адоранымі навучэнцамі.

— Будую для навучэнцаў індывідуальныя адукацыйныя траекторыі, стараюся развіваць іх патэнцыял. У гэтым вельмі дапамагае супрацоўніцтва з калегамі — Аляксандрам Плятнёвым і Вадзімам Жарыным. Разам мы сустракаемся з вучнямі, праводзім для іх разнастайныя турніры і іншыя мерапрыемствы. Магчымасць кансультавацца адразу ў трох выкладчыкаў істотна павышае ўзровень ведаў навучэнцаў, — расказаў Аляксандр Георгіевіч.

Здольнасці дзяцей Аляксандр Сугакевіч стараецца накіраваць у правільнае рэчышча. Ён упэўнены: той ці іншы талент ёсць у кожнага вучня, задача настаўніка — разгледзець яго. Для гэтага педагогу самому неабходна быць рознабаковай асобай, акрамя свайго прадмета, разбірацца ў сумежных галінах.

— Падтрымліваю любыя ініцыятывы навучэнцаў. Сумесна з ліцэістамі ствараем незвычайныя праекты, займаемся тэхнічнай творчасцю. Але ў прыярытэце — алімпіядны рух, — заўважыў Аляксандр Георгіевіч.

Падрыхтоўка да алімпіяд пабудавана на прынцыпе “роўны ву­чыць роўнага”. Ва ўзаемападтрымцы вучні шмат і карпатліва працуюць, дасканала вывучаюць раздзелы школьнага курса астраноміі і выходзяць за рамкі стандартных заданняў. Педагог курыруе гэты працэс.

Такія алгарытмы прыносяць адпаведны плён. Сярод выхаванцаў Аляксандра Георгіевіча каля 20 пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі. Двое вучняў заваявалі залаты і сярэбраны медалі на міжнародных астранамічных алімпіядах. Шмат дасягненняў у навучэнцаў і ў даследчых конкурсах.

Крыніца натхнення

Педагогіка для Аляксандра Сугакевіча — сапраўдная крыніца натхнення. Па гэтай прычыне, калі выдаецца вольная хвіліна, ён цалкам пагружаецца ў творчасць.

— Кажуць, фізіка не сумяшчальная з лірыкай. У маім выпадку ўсё наадварот. Ужо даволі даўно з задавальненнем пішу навукова-папулярныя аповесці для дзяцей, — прызнаўся Аляксандр Георгіевіч.

Сюжэты для літаратурных твораў Аляксандр Сугакевіч знахо­дзіць у штодзённасці. Персанажы яго апавяданняў адпраўляюцца ў вандроўкі па планеце Зямля і далучаюць чытачоў да яе таямніц. Напрыклад, героі кнігі “Акуніся ў неба” праз свае неверагодныя прыгоды раскрываюць функцыі зямной атмасферы. А зборнік “Па слядах вялікіх даследчыкаў” знаё­міць з прарыўнымі адкрыццямі ў фізіцы, хіміі, геаграфіі, астраноміі. Усяго з-пад пяра Аляксандра Георгіевіча выйшла 10 кніг, шэраг з іх напісаны ў суаўтарстве з калегамі.

— Усе кнігі друкаваліся ва ўзаемадзеянні з Беларускай асацыяцыяй “Конкурс”. Некаторыя выданні ўручаліся ў падарунак навучэнцам — пераможцам прыродазнаўчых інтэлектуальных спаборніцтваў, — расказаў Аляксандр Сугакевіч.

Акрамя дзіцячай літаратуры, на рахунку Аляксандра Георгіевіча звыш 30 метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў. Невялікія брашуры напоўнены выключна патрэбным зместам — эфектыўным педагагічным вопытам.

Яшчэ адзін складнік творчай натуры Аляксандра Георгіевіча — стварэнне павучальных відэаролікаў. Настаўнік перакананы: інтэрнэт-прастору і гаджэты можна выкарыстоўваць на карысць. Некалькі гадоў назад ён зарэгістраваў YouTube-канал, дзе перыядычна размяшчае кантэнт у выгля­дзе фрагментаў урокаў, справаздач аб дасягненнях вучняў, варыянтаў алімпіядных заданняў.

Шмат працуючы, адпачынак і перазагрузку Аляксандр Сугакевіч знаходзіць дома, у коле родных і блізкіх. Сям’я для яго — надзейны тыл і апора.

— Радасных, яркіх фарбаў у жыццё дадаюць жонка, бацька, дарослыя дочкі і трое ўнукаў. Дарэчы, малодшая з дачок працягнула нашу педагагічную дынастыю. Як і я, стала настаўніцай фізікі і матэматыкі, — адзначыў Аляксандр Георгіевіч. — У якасці арыенціра прафесійнай будучыні фізіку штогод выбіраюць і мае вучні. Напэўна, гэта лепшы паказчык выніковасці педагагічнай дзей­насці. Прыемныя для мяне па­мяць і добрыя словы ад удзячных выпускнікоў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара