Наблізіцца да сусветных лідараў

- 11:21Інфармацыйная гадзіна

Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў даручыў больш актыўна выкарыстоўваць для развіцця электроннага ўрада створаную інфраструктуру. Аб гэтым ён заявіў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмяркоўвалася развіццё лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства ў Беларусі.

“Прамежкавыя вынікі нашай работы ў сферы інфарматызацыі даволі высока ацэнены сусветнай грамадскасцю. Так, у рэйтынгу Міжнароднага саюза электрасувязі па развіцці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій наша краіна займае дастаткова высокае трыццаць першае месца сярод ста сямідзесяці краін, за год палепшыўшы сваю пазіцыю на пяць пунктаў. Асобна трэба падкрэсліць, што сярод краін СНД мы тут першыя”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Аднак, паводле ацэнкі ААН, па ўзроўні гатоўнасці электроннага ўрада Беларусь знаходзіцца на 49-м месцы ў рэйтынгу са 193 краін, узняўшыся за два гады на шэс ць пазіцый, але пры гэтым уступае Расіі і Казахстану. “Гэта сведчыць аб недастатковым узроўні выкарыстання створанай інфраструктуры, гэта значыць, механізм функцыянавання і прымянення электроннага ўрада яшчэ далёкі ад ідэалу. Так, напрыклад, мы па-ранейшаму недастаткова выкарыстоўваем у практыцы электронны дакументаабарот. Аб’ём карэспандэнцыі, што перадаецца ў электронным выглядзе, у большасці дзяржорганаў не дасягае і 50 працэнтаў ад агульнага аб’ёму”, — заўважыў кіраўнік урада.

“Электронныя паслугі і ідэнтыфікацыя ўсё яшчэ ўспрымаюцца як планы на найбліжэйшую будучыню. Якіх-небудзь прарыўных зрухаў і рэзультатаў тут пакуль няма”, — канстатаваў ён.

На пасяджэнні Прэзідыума Саўміна яшчэ ў лістападзе 2015 года было даручана распрацаваць праект указа, які прадугледжвае вырашэнне пытанняў па надзяленні юрыдычнай сілай дакументаў, што атрымліваюць у выніку аказання электронных паслуг. “Аднак выніку да гэтага часу няма”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

На пасяджэнні таксама ішла размова аб асваенні сродкаў, выдзеленых на мерапрыемствы па лічбавізацыі. Для гэтых мэт быў створаны асобны пазабюджэтны фонд, аднак другі год запар назіраецца няпоўнае асваенне яго сродкаў.

На думку прэм’ер-міністра, зацверджаная ў сакавіку 2016 года Дзяржаўная праграма развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства да 2020 года павінна даць Беларусі магчымасць не толькі замацавацца ў ліку лідараў сярод краін СНД, але і наблізіцца да сусветных лідараў у гэтай галіне.

Міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў, у сваю чаргу, абазначыў некалькі прыярытэтаў пры выкананні названай дзяржпраграмы. Найбольш важнымі з пункту гледжання лічбавай трансфармацыі праектамі ён назваў стварэнне Беларускай інтэграванай сэрвісна-разліковай сістэмы, нацыянальнай сістэмы беспапяровага гандлю, нацыянальнага партала адкрытых даных, пабудову нацыянальнага сегмента адзінай інфармацыйнай прасторы ЕАЭС, а ў далейшым і СНД.