Начальнік аддзела па адукацыі Дрыбінскага райвыканкама: дзеці ўсюды аднолькавыя – настаўнікі розныя

- 10:02Планерка

На планёрку карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” завітала ў самы малады і самы маленькі райцэнтр Беларусі. Але да гэтых азначэнняў хачу дадаць яшчэ адно. 

Для мяне менавіта ён увахо­дзіць у лік раёнаў з самымі дагледжанымі і ўтульнымі ўстановамі адукацыі, у якіх давялося пабываць. І ў гэтым немалая заслуга начальніка аддзела па адукацыі Дрыбінскага райвыканкама Марыны Панчанка.

— Марына Мікалаеўна, вашы ўстановы адукацыі заўсёды на слыху. У вас шмат настаўнікаў, навучэнцаў становяцца пераможцамі ў конкурсах самых розных кірункаў. Як гэта ўдаецца?

— Сапраўды, конкурсаў, праектаў, эксперыментаў праходзіць шмат. І адна школа ўсе іх ахапіць на належным узроўні не можа. Таму мы замацавалі за ўстановамі адукацыі пэўныя кірункі. Адна робіць акцэнт на краязнаўстве, другая — на спорце, трэцяя — на выяўленчым мастацтве і дэкаратыўна-прыкладной творчасці і г.д. Але зыходзім мы толькі з таго, якія педагогі працуюць у канкрэтнай установе. Бо толькі захоплены чалавек павядзе за сабой дзяцей, толькі з такім будзе цікава дзецям.

— Раскажыце, калі ласка, пра такіх педагогаў.

— А яны ёсць у кожнай нашай установе. Напрыклад, у Трылесінскай школе дзеці могуць сумяшчаць вучобу з заняткамі спортам, бо тут ёсць цудоўны спартыўны комплекс з басейнам на 25 мет­раў, выдатная спартыўная і трэнажорная залы. Тут шмат гадоў працуе настаўнікам фізкультуры Ала Леанідаўна Мішульская. Акрамя таго, яна дадаткова вядзе і працоўнае навучанне. У школьным будынку знаходзіцца філіял дзіцячай школы мастацтваў, дзе дзеці развіваюцца творча.

Расненскай школе пашанцавала з педагогам выяўленчага мастацтва Ганнай Валянцінаўнай Агурцовай. Яна прафесійная мастачка, і дзеці пад яе кіраўніцтвам з ахвотай ствараюць прыгожыя рэчы ў розных тэхніках. Яны сваімі рукамі афармля­юць і фае, і залу, і кабінеты. Тут жа працуе педагог-энтузіяст Іна Анісімаўна Ляхоўская. Разам з ёй дзеці вывучаюць гісторыю Расна.

Кароўчынская школа моцная беларускімі народнымі традыцыямі. Дырэктар школы Іна Васільеўна Пачко — патрыёт свайго краю — вакол сябе сабрала калектыў такіх жа педагогаў. Яны некалькі гадоў назад заснавалі ў будынку школы дом рамёстваў. Іх кошыкі, лапці і іншыя вырабы не раз былі прызнаны лепшымі на розных творчых конкурсах. Настаўнік інфарматыкі Максім Іванавіч Аўраменка актыўна працуе з дзецьмі ў кірунку энергазберажэння. У 2021 годзе яны перамаглі ў вобласці і ўзялі 3-е месца ў рэспубліканскім конкурсе. Прызам сталі сродкі на пераабсталяванне школьнага харчаблока. Не паспелі мы яшчэ ўстанавіць гэтае абсталяванне, як у нас ужо на рэспуб­ліцы 1-е месца! Вынікі былі ў сакавіку, пакуль мы толькі плануем на атрыманы за перамогу грант замяніць у гэтай школе вокны і ўцяпліць сам будынак.

Не люблю ад настаўнікаў чуць, што ім, маўляў, не пашанцавала з зацікаўленымі дзецьмі. Дзеці ўсюды аднолькавыя — настаўнікі розныя

Бельская школа славіцца спортам. Там у нас працуе выдатны спартсмен-педагог Міхаіл Аляксандравіч Звераў. Лыжы, біятлон, гульнявыя віды спорту, спартакіяда — Белае ні ў чым не ўпускае першынство. А галоўнае — сярод калег педагога мноства яго выпускнікоў, у тым ліку і яго сын Юрый (ужо працуе непадалёк, у Чэрнеўскай школе). Тут жа, у Белым, працуе Святлана Дзмітрыеўна Бялова. Як біёлаг і географ яна не раз прыво­дзіла сваіх навучэнцаў да перамогі на розных конкурсах, а сама мае ­ўзнагароду “Выдатнік адукацыі”.

Пудаўнянская сярэдняя школа засяродзілася на інавацыях. Матэматык-інфарматык Вольга Валянцінаўна Лаўрэнава выгадавала сваіх траіх дзяцей — усе матэматыкі, усе алімпіяднікі. І навучэнцаў натхняе на выбар прафесій у гэтых двух кірунках. Для настаўнікаў вобласці яна чытае лекцыі на курсах павышэння кваліфікацыі. Цяпер у гэтай школе яшчэ і выдатны фізік — Марыя Аляксандраўна Кізеева. Для нас важна і тое, што з Пудаўнянскай школы шмат выпускнікоў становяцца педагогамі. У мінулым годзе быў першы выпуск педагагічнага класа — літаральна ўсе выпускнікі вучацца ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова, у тым ліку і сын дырэктара школы. Цяпер яшчэ і ў Расненскай школе будзе першы выпуск педкласа — таксама ўсе без выключэння хочуць быць педагогамі.

— А ці знойдзеце вы ў сваім раёне месца ўсім сваім выпускнікам? Раён жа маленькі.

— Знойдзем! Яшчэ і мала будзе. Неяк у нас не хапала матэматыка. Мы з дырэктарам селі ў машыну і паехалі ў Куляшоўскі ўніверсітэт да будучых педагогаў, дэкан завяла нас прама ў групу да 4-курснікаў. Я стала расказ­ваць ім пра наш раён, пра школу, пра нашы ўмовы па заработнай плаце, пра жыллё, пра людзей — пра ўсё. І, не чакаючы адмовы, сказала: “Жадаючых паспраба­ваць папрацаваць у нас мы чакаем унізе”. І спускаецца дзяўчына: “Я тут падумала… пагляджу”. Мы за яе — і ў школу! Яна і сёння ўспамінае, як яе гасцінна сустракалі калегі пірагамі і булачкамі. Канечне, наша Настасся Турына ў нас і засталася. А праз год кажа: “Мне так у вас падабаецца! Можа, вы мне гарантыйнае пісьмо напісалі б, каб да вас размеркавацца?” Ды з дарагой душой! Напішам! І Настасся Вараб’ёва так да нас прыехала ў Расненскую школу і засталася. Увогуле, больш за палову маладых спецыялістаў застаюцца ў нас працаваць і пасля 2-гадовай адпрацоўкі, асабліва ўраджэнцы нашага раёна.

— Вы нешта недагаворваеце. Не бывае, што проста так, адкуль ні вазьміся, з’яўляюцца цудоўныя педагогі. Нейкі ж сакрэт вы ведаеце, дзе іх шукаць? Як зацікавіць, каб да вас прыехалі і засталіся?

— Я сама езджу на размеркаванне. Пазнаёмілася з дэканам прыродазнаўча-матэматычнага факультэта ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. З ёй у нас атрымаўся працоўны тандэм. Мы падтрымліваем зносіны, з нашымі дзецьмі ездзім ва ўніверсітэт на ўнутрыўніверсітэцкія алімпіяды. Плюс стараемся трымаць школы ў парадку, у тым ліку развіваем іх матэрыяльна-тэхнічную базу. І самі школы стараюцца. Напрыклад, з гэтай мэтай Дрыбінская сярэдняя школа прымае ўдзел у мностве праектаў. Рэканструкцыя стадыёна — у адным праекце, абсталяванне швейнага класа — у другім і інш. Мы зрабілі для ўсіх устаноў адукацыі раёна адзін дзень без аплаты і ўсе заробленыя грошы накіравалі на стварэнне сучаснай футбольнай пляцоўкі са штучным пакрыццём. Калі сядзець проста на месцы, усё завяне. Сярод педагогаў шмат энтузіястаў, яны любяць свае ўстановы адукацыі, упрыгожваюць іх, ствараюць сваімі рукамі дыдактычны матэрыял. Прыязджаеш паглядзець, аж душа спявае і гордасць бярэ, што ў нас такія людзі працуюць.

***

Для раёна ж гордасць — сама Марына Мікалаеўна. За сваю актыўную дзейнасць і прафесіяналізм яна была ўзнагароджана падзячным лістом Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, граматамі Магілёўскага аблвыканкама і Дрыбінскага райвыканкама. Бонусам да ўзнагарод дадаюцца аўтарытэт і павага сярод калег і звычайных жыхароў.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара