Начальнікі ўпраўленняў па адукацыі аблвыканкамаў расказалі пра тое, якімі падзеямі запомніўся 2023 год

- 11:03Актуально, Образование

Працягваем разам з добрымі сябрамі і інфармацыйнымі партнёрамі “Настаўніцкай газеты” падводзіць вынікі мінулага года. Сёння сваім бачаннем развіцця рэгіянальнай сістэмы адукацыі, дасягненнямі педагогаў і вучняў дзеляцца начальнікі ўпраўленняў па адукацыі аблвыканкамаў.

Брэнд Гомельшчыны — педагогі

Руслан Іванавіч Смірноў, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама:

— Сістэма адукацыі Гомельскай вобласці — адна з самых шматлікіх: 1132 навучальныя ўстановы, з іх 504 — агульнай сярэдняй адукацыі, 51 установа сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць каля 29 тысяч чалавек, увесь калектыў галіны налічвае каля 58 тысяч работнікаў.

Напярэдадні Дня ведаў вялікая ўвага ўдзялялася падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. На гэта затрачана звыш 25 млн рублёў. Так, у Мазырскім раёне адкрыўся дзіцячы сад на 280 месцаў. У Буда-Кашалёўскім раёне ўведзены ў эксплуатацыю новы корпус Камунараўскай сярэдняй школы, зараз вучэбны і выхаваўчы працэс тут будзе ажыццяўляцца ў больш камфортных умовах. На гэтым пераўтварэнні ў гэтай установе не скончыліся: у планах абсталяванне лінгафонных кабінетаў, добраўпарадкаванне да новага навучальнага года стадыёна са штучным пакрыццём, пляцоўкамі для міні-футбола, баскетбола, валейбола. Цяпер у школе вучацца каля 300 дзяцей, плануецца, што колькасць навучэнцаў павялічыцца да 500: насельніцтва аграгарадка расце, тут узводзяцца дамы — у тым ліку і для мнагадзетных сем’яў.

Вядзецца работа па аснашчэнні аўтапарка для падвозу дзяцей у сельскай мясцовасці, на сёння 255 маршрутаў забяспечваюць звыш 260 адзінак тэхнікі. Ужо заменена 60% школьных аўтобусаў, і дзейнасць у гэтым напрамку працягваецца. Таксама сур’ёзная ўвага ўдзяляецца забеспячэнню транспартам навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця спецыяльных школ і цэнтраў карэкцыйнай дапамогі. Дзякуючы Міністэрству адукацыі, у раёне з’явіліся малакамплектныя транспартныя сродкі — 18-месныя МАЗы — і спецтранспарт для ЦКРНіР.

Выніковасць сістэмы адукацыі паказ­ваюць дасягненні навучэнцаў. Штогод выхаванцы школ, гімназій і ліцэяў вобласці становяцца пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, турніраў, конкурсаў па вучэбных прадметах, а таксама дэманструюць дастойны ўзровень пад­рыхтоўкі на цэнтралізаваным экзамене. У 2023 годзе навучэнцы Гомельшчыны заваявалі 96 дыпломаў на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.

Брэнд вобласці — нашы настаўнікі, кадравы патэнцыял. Мінулы год быў трыумфальным у прызнанні прафесіяналізму настаўніцтва Гомельшчыны. Менавіта нашы педагогі паказалі вышэйшы пілатаж, стаўшы лепшымі ў краіне, на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023” і фестывалі “Педагагічны дэбют”, дзе ў нас тры 1-я месцы.

Прычым у конкурсе “Настаўнік года” ўладальнікам “Крыштальнага жураўля” ўжо другі раз запар становіцца прадстаўнік нашага рэгіёна, чаго за ўсю гісторыю правядзення конкурсу не было ніколі. Дасягненні такога высокага ўзроўню — карпатлівая праца, стабільны вынік прафесійнай дзейнасці на працягу многіх гадоў. Акрамя таго, яны адлюс­троўваюць якасную і сістэмную работу па прафесійнай падрыхтоўцы ў вобласці, дастойнае метадычнае суправаджэнне настаўнікаў.

Адзначу, што і падрыхтоўка педкадраў у рэгіёне ажыццяўляецца на добрым узроўні. Кузнямі кадраў як для вобласці, так і для рэспублікі з’яўляюцца Гомельскі педагагічны каледж імя Л.С.Выгоцкага, Рэчыцкі, Лоеўскі педагагічныя каледжы, Рагачоўскі індустрыяльна-педагагічны каледж. Буду­чых школьных выкладчыкаў і педагогаў прафесійнага навучання рыхтуюць у Мазырскім педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна і Гомельскім універсітэце імя Ф.Скарыны. У гэтым навучальным годзе на першыя рабочыя месцы прыбылі 806 маладых спецыялістаў, у наступным плануем прыняць звыш тысячы. Пасля адпрацоўкі ва ўстановах адукацыі на першых рабочых месцах у сярэднім застаюцца больш за 84% маладых спецыялістаў, замацаваль­насць кадраў высокая, што сведчыць аб тым, што людзям камфортна ў прафесіі.

Сёння педагогамі рэгіёна праводзіцца сур’ёзная работа па фарміраванні ў навучэнцаў актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Важна, каб кожны юны грамадзянін адчуваў сябе паспяховым: вызначыўся з выбарам прафесіі, адчуваў падтрымку дзяржавы ў дасягненні сваіх мэт. З апорай на вопыт папярэдніх пакаленняў многае ро­біцца для рэалізацыі грамадзянска-пат­рыятычнага выхавання. У нашым раёне шмат гістарычных памятных месцаў: мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкага лагера смерці, “Ала”, “Чырвоны Бераг”, “Партызанская крынічка”. Прыемна, што ў работах па іх добраўпарадкаванні, а таксама ў даследчай дзейнасці ўдзельнічаюць школьнікі ўсёй вобласці. У цесным супрацоўніцтве з прадстаўнікамі пракуратуры па пытаннях генацыду беларускага народа дзеці лепш успрымаюць гісторыю роднага краю.

Штогод расце колькасць класаў пат­рыятычнай накіраванасці, у гэтым ключы вядзецца сістэмная і планамерная работа. Практычна ў кожнай школе ёсць школьныя музеі, выставачныя музейныя пакоі, музейныя куткі. З кожным годам пашыраецца сетка Школ міру. Адкрыты педагагічныя, аграрныя, спартыўна-педагагічныя, інжынерныя класы (групы).

Напярэдадні адзінага дня галасавання будуецца адпаведная работа ў нашых кале­джах. Сёння навучэнская моладзь патрабуе ўвагі і правільнай накіраванасці дзеянняў. Многае робіцца ў пытаннях арганізацыі іх працоўнай занятасці, прыцягнення да валанцёрскага руху. Дарэчы, нашы дзеці на рэспубліканскім узроўні выйгра­юць гранты менавіта па валанцёрстве, што дазваляе фарміраваць іх грамадзянскую пазіцыю і, галоўнае, вызначае пазітыўную накіраванасць іх жыццядзейнасці.

Мая ж грамадзянская пазіцыя сфарміравалася яшчэ ў далёкім 1976 годзе, калі я ўпершыню пераступіў парог вучэбнага класа школы і калі мяне прынялі ў акцябраты. З таго часу я грамадзянін Рэс­публікі Беларусь. У 2020 годзе мая пазіцыя як патрыёта сваёй краіны пацвердзілася. У няпросты для дзяржавы час не саромеўся гаварыць з людзьмі, прыводзіў доказы паспяховасці нашага дзяржаўнага ладу. Мы вельмі шмат стварылі за час нашай незалежнасці, прайшлі цяжкія часы 90-х. Сёння важна любіць і цаніць тое, што ў нас ёсць тут і цяпер, і прыкласці ўсе свае сілы для развіцця і ўмацавання нашай суверэннай рэспублікі.

Гадаваць, вучыць і выхоўваць

Андрэй Барысавіч Заблоцкі, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама:

У 2023 годзе, як і раней, было забяспечана стабільнае функцыянаванне рэгіянальнай сістэмы адукацыі. У навучальных установах выкананы ўсе прагнозныя паказчыкі і нарматывы дзяржаўных сацыяльных стандартаў.

Пра плённую працу найлепшым чынам сведчаць вучнёўскія дасягненні. Так, па выніках заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах прадстаўнікі рэгіёна заваявалі 84 пераможныя дыпломы і выйшлі на 3-е агульнакаманднае месца сярод абласцей. На алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” навучэнцы атрымалі чатыры дыпломы і таксама апынуліся ў тройцы лідараў. Абсалютнымі пераможцамі вучні сталі на рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон”, адразу 23 дыпломы атрымалі на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару, 15 дыпломаў — на V Рэспубліканскім конкурсе ProfSkills Belarus. Важкімі ўзнагародамі навучэнцы былі адзначаны на міжнароднай спецыя­лізаванай выставе-кірмашы “Прадэкспа” і іншых знакавых спаборніцтвах.

Адзін з паказчыкаў эфектыўнасці работы па самарэалізацыі дзяцей — іх поспехі ў творчасці і спорце. У творчых конкурсах нашы юныя таленты заваявалі звыш 5 тысяч дыпломаў, з іх больш за 2 тысячы — міжнароднага ўзроўню. Традыцыйна навучэнцы вынікова праяўляюць сябе ў Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў, на вядомых рэспуб­ліканскіх і міжнародных спартыўных турнірах.

За дасягненнямі вучняў стаяць настаўнікі. Магілёўскія педагогі летась выдатна паказалі сваё майстэрства. На рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года” пяць нашых педагогаў сталі пераможцамі і лаўрэатамі ў сваіх намінацыях. Прызавое месца ў нас і на конкурсе “Педагагічны дэбют”.

Значныя крокі былі зроблены па ўдасканаленні інфраструктуры сістэмы адукацыі. У 39 навучальных установах праведзены маштабныя капітальныя рамонты. Ва ўсіх школах Магілёва, Бабруйска і Магілёўскага раёна ўстаноўлены сучасныя аконныя блокі. З’явіліся новы дзіцячы сад у Магілёве і прыбудова да дзіцячага сада аграгарадка Вейна Магілёўскага раёна, уведзены ў эксплуатацыю басейн у Хоцімску. На стадыі завяршэння будаўніц­тва дзіцячага сада ў Бабруйску. Узводзяцца дзве новыя школы: у Магілёве і Асіповічах.

Сфера адукацыі вобласці з году ў год дынамічна развіваецца. Работа ў такім ключы бу­дзе працягнута. Сярод ключавых задач — павышэнне якасці і даступнасці навучання. Нязменнай застаецца і галоўная мэта — гадаваць, вучыць і выхоўваць маладое пакаленне сапраўднымі патрыётамі.

Дарэчы, пра грамадзянс­касць і патрыятызм. Зусім хутка ў краіне адбудзецца адна з самых адметных падзей 2024 года. Вельмі важна, каб адзіны дзень галасавання аб’яднаў усіх беларусаў. Гэта спосаб пака­заць усяму свету згуртава­насць нашага народа, паказаць, што мы самі вырашаем свой лёс і сваю будучыню. Удзел у выбарах — канстытуцыйнае права і абавязак кожнага. Гэта наша агульная адказнасць, бо толькі ўсе разам мы можам вырашыць, як будзем жыць далей. Непасрэдна мой голас будзе аддадзены за моцную і незалежную Беларусь!

Ведаць адметнасці свайго рэгіёна

Руслан Юр’евіч Абрамчык, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама:

— Мінулы год мы прайшлі ўпэўненым, шырокім крокам. Адукацыя Гро­дзеншчыны, як і ўся краіна, уваходзіла ў новую сістэму выніковай атэстацыі за курс агульнай сярэдняй адукацыі, з калегамі з іншых рэгіёнаў распрацоўвала новыя падыходы да арганізацыі ўступнай кампаніі і ўзаемадзейнічала з бацькамі. Работа нашай вобласці ў гэтым напрамку атрымала высокую ацэнку.

Выпускнікі нашых школ сталі студэнтамі і навучэнцамі. Прыемна, што ўсё часцей яны аддаюць перавагу менавіта рэгіянальным установам вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Прадстаўленыя тут спе­цыяльнасці запатрабаваныя.

Разам з тым усе мы разумеем, што любая прафесійная кампетэнцыя складаецца не толькі з ведаў і навыкаў, але і з каштоўнаснага кампанента, стаўлення да сваёй дзейнасці і рэчаіснасці.

У аспекце грамадзянска-патрыятычнага выхавання адзначу якасную работу маладзёжнага парламента Гродзенскай вобласці. Яго прадстаўнікі сёння ёсць у кожным раёне. Іх намаганнямі рэалізаваны шэраг ініцыятыў, накіраваных як на грамадзянскае выхаванне, так і на вырашэнне мясцовых праблем. Маладыя людзі, дзякуючы такой рабоце, разуме­юць, як прымаюцца рашэнні, як гэта часам бывае няпроста. Кожны з іх добра ведае, што ў хуткім часе нас чакае важная падзея ў жыцці краіны — адзіны дзень галасавання. Ад яго вынікаў залежыць наш узровень жыцця, а таму для кожнага без выключэння вельмі важна аддаць свой голас за нашу агульную будучыню.

Паспяхова функцыянуе ў вобласці кластар ваенна-патрыятычнага выхавання. Кластарны падыход мы рэалі­зуем па некалькіх напрамках. Напрыклад, у нас дзейнічае педагагічны кластар, пра што не раз пісала “Настаўніцкая газета”. Што тычыцца ваенна-патрыятычнага кластара, то ён аб’ядноўвае галоўнае ўпраўленне адукацыі, ГрАІРА, абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі і прадстаўнікоў структур, якія гарантуюць нацыянальную бяспеку. У рамках такога ўзаемадзеяння рэалізуецца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных як непасрэдна на выхаванне непаўналетніх, так і на метадычнае суправаджэнне, падрыхтоўку педагогаў.

У вобласці працягваецца работа па прысваенні школам імёнаў. Толькі ў 2023 годзе імёны знакамітых асоб атрымалі 18 устаноў. Імянных школ і гімназій у рэгіёне ўжо больш за 65.

Гэтаму папярэднічае значная пошукавая работа. Ва ўстановах адукацыі ствараецца прысвечаная асобе прастора. Яна становіцца пэўнай воссю ў арганізацыі выхаваўчай работы.

У той жа ступені гэта актуальна і для існуючых ва ўстановах адукацыі музеяў. Такіх на Гродзеншчыне сёння 322, і 40 з іх маюць ганаровае званне “народны”. У рамках рэгіянальнага экскурсійнага праекта “Даведнік па малой радзіме” створана 87 даведнікаў па школьных музеях, аграгарадках і вёсках, у якіх жывуць школьнікі.

Увогуле, экскурсійная дзейнасць — важны напрамак патрыятычнага выхавання. Толькі за 2023 год навучэнцамі Гродзенскай вобласці здзейснена больш за 7 тысяч экскурсій, у якіх прынялі ўдзел больш за 160 тысяч навучэнцаў. Самымі папулярнымі аб’ектамі рэспубліканскага значэння сталі Брэсцкая крэпасць, мемарыяльны комплекс “Хатынь”, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У любой справе важна абапірацца менавіта на нацыянальныя традыцыі і каштоўнасці. Варта адзначыць, што лепшыя выпускнікі ўсёй краіны ў мінулым годзе азнаёміліся з гістарычнай спадчынай нашага рэгіёна падчас правядзення ў Лідзе рэспубліканскага свята “Апошні званок”. У гэтым годзе рыхтуемся стаць свое­асаблівай сталіцай яшчэ аднаго маштабнага мерапрыемства: у чэрвені Гродзеншчына прыме рэспубліканскую спартакіяду школьнікаў. Вядома, разлічваем годна прадставіць вобласць і тут.

Зрэшты, прыкладаў спартыўнага лі­дарства было нямала і ў мінулым го­дзе. Гэта перамога ў Рэспубліканскай спартакіядзе навучэнцаў каледжаў, перамога гродзенскіх кадэтаў на турніры па міні-футболе ў спартакіядзе Саюзнай дзяржавы “Абаронца Айчыны”. Каштоў­насць апошняй перамогі асабліва высокая з улікам таго, што наша кадэцкае вучылішча — самае маленькае ў краіне па колькасці навучэнцаў. Разам з тым створаныя ў ім умовы дазваляюць атрымлі­ваць такія вынікі.

У скарбонцы дасягненняў сістэмы адукацыі вобласці і адзін з лепшых паказчыкаў у арганізацыі летняга аздараўлення школьнікаў. У рэгіёне арганізавана работа 700 лагераў, дзе адпачылі 48 530 дзяцей (46,8%). Асаблівая ўвага была ўдзелена рабоце лагераў ваенна-патрыятычнага і абаронна-спартыўнага профіляў. Усяго на Гродзеншчыне расчынілі свае дзверы для навучэнцаў 44 такія лагеры.

Гэты каляндарны год стане заканамерным працягам бягучага навучальнага года і не толькі. У 2024-м узыдзе тое насенне, якое на працягу папярэдніх гадоў было пасеяна вялікім педагагічным калектывам Гродзенскай вобласці.

Увага — інжынернай падрыхтоўцы

Андрэй Валер’евіч Стрыгельскі, старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама:

— Мінулы год для сістэмы адукацыі сталіцы быў насычаным, дастаткова пас­пяховым і плённым. Усе асноўныя задачы, якія мы паставілі перад сабой, пачынаючы ад развіцця інфраструктуры і матэрыяльна-тэхнічнай базы да павы­шэння якасці адукацыі, пашырэння адукацыйных магчымасцей устаноў адукацыі, вырашаны. З найбольш яркіх дасягненняў — выніковы ўдзел сталічных школьнікаў у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Па яго выніках Мінск змог вярнуць сабе 1-е месца: нашы гімназісты і школьнікі прадэманстравалі высокія вынікі, завая­ваўшы 126 дыпломаў. Гэта той трэнд, якім сталічная адукацыя заўсёды ганарылася і які пацвярджае, што мы на правільным шляху з пункту гледжання зместу і якасці агульнай сярэдняй адукацыі.

Другі важны момант — нашы чаканні па развіцці сістэмы прафесійнай адукацыі, па папулярызацыі рабочых прафесій, спецыяльнасцей узроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі таксама апраўдаліся. Мы ўпершыню за 10—12 гадоў упэўнена выканалі кантрольныя лічбы прыёму ва ўсе каледжы горада, змаг­лі нарасціць аб’ёмы падрыхтоўкі кадраў, перш за ўсё рабочых, павялічыўшы набор па цэлым шэрагу прафесій і кваліфікацый. Мы нядрэнна спрацавалі, хаця і знахо­дзімся ў пачатку шляху, па выкарыстанні магчымасцей мэтавай падрыхтоўкі, асаб­ліва гэта тычыцца спецыяльнасцей педагагічнага і медыцынскага профіляў: сёлета наш Мінскі гарадскі педагагічны каледж і два медкаледжы фактычна выканалі планы прыёму. Яны змаглі прыняць на навучанне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі вялікую колькасць абітурыентаў, гэта матываваныя, пад­рыхтаваныя навучэнцы, якія прыйдуць у прафесію пасля заканчэння навучання ў каледжах і, упэўнены, будуць дастойнымі прадаўжальнікамі медыцынскіх і педагагічных традыцый.

Яшчэ адзін важны напрамак, над якім працавала сістэма адукацыі горада і працягне работу ў 2024 годзе, — ваенна-пат­рыятычнае выхаванне. Мы зрабілі акцэнт на развіцці клубнай формы, і ў цяперашні час у Мінску налічваецца 24 ваенна-пат­рыятычныя клубы, якія аб’ядналі каля 2,5 тысячы школьнікаў. Прычым гэтыя аб’яднанні мы змаглі сфарміраваць у супрацоўніцтве з сілавымі ведамствамі: МУС, вайсковымі часцямі, МНС. І гэтая работа будзе працягвацца.

У ваенна-патрыятычных клубах навучэнцы праходзяць сур’ёзную школу грамадзянска-патрыятычнага выхавання, вучацца асновам ваеннай справы, а самае галоўнае, што ў іх фарміруюцца такія якасці, як паважлівыя адносіны да сваёй Радзімы, гатоўнасць яе абараняць і інш.

Горад таксама працуе над тым, каб прадаставіць магчымасць атрымання якаснай адукацыі ўсім дзецям сталічнага рэгіёна. Мы штогод будуем і ўводзім у эксплуатацыю новыя ўстановы адукацыі. 2023 год не выключэнне: пабудаваны чатыры да­школьныя ўстановы ў новых мікрараёнах, дзе вядзецца актыўная жылая забудова. У выніку больш чым на 1000 месцаў прырасла сістэма дашкольнай адукацыі горада.

Камітэт па адукацыі ганарыцца і сваімі педагогамі. Мы штогод праводзім конкурсы прафесійнага майстэрства. Паспяхова ўдзельнічаюць нашы настаўнікі і ў рэс­публіканскіх конкурсах. У мінулым го­дзе настаўніца рускай мовы і літаратуры Аляксандра Сакулевіч, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Людміла Гурыновіч (“Настаўнік года”) і кіраўнік да­школьнай установы Андрэй Дзмітрук (“Педагагічны дэбют”) сталі лепшымі ў сваіх намінацыях.

Сёння як ніколі ўзрастае роля сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі. І гэта звязана не столькі з пашырэннем магчымасцей арганізацыі вольнага часу дзяцей, колькі з дапрафесійнай пад­рыхтоўкай, з фарміраваннем тэхнічнага мыслення, каб у будучыні наша эканоміка і прадпрыемствы атрымлівалі падрыхтаваных навучэнцаў, нацэленых на ства­рэнне інавацыйных прадуктаў. Паколькі Мінск крыху быў абдзелены ў гэтым плане, то прынята рашэнне, якое падтрымана кіраўніком дзяржавы, на базе былога аўтавакзала “Усходні” пабудаваць Цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Плануецца, што гэта будзе добра аснашчаная ўстанова з сучасным абсталяваннем, дзе нашы дзеці і моладзь змогуць развіваць неабходныя кампетэнцыі ў напрамку тэхнічнай творчасці і інжынернай падрыхтоўкі.

Ставім задачу па ўзмацненні грама­дзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Гэты напрамак застаецца вельмі актуальным. Летась мы завяршылі стварэнне ў кожнай школе музеяў і музейных экспазіцый. Гэтую работу працягнем у каледжах. Вектар клубнага руху таксама будзе ў іх распаўсюджвацца. І такі прыклад ужо ёсць: зусім нядаўна на базе Мінскага дзяржаўнага каледжа камунальнай гаспадаркі і транспартнага абслугоўвання быў адкрыты першы ў сістэме ССА ваенна-патрыятычны клуб.

Безумоўна, увага будзе ўдзяляцца і матэрыяльна-тэхнічнаму забеспячэнню ўстаноў адукацыі, пытанням падрыхтоўкі да пачатку новага навучальнага года. З задавальненнем адзначу, што на будучы год Мінгарвыканкамам выдзелена фінансаванне, якое на 30% перавышае аб’ёмы мінулагодняга, на капітальныя і бягучыя рамонты. Усё гэта дазволіць нам істотна прасунуцца ў вырашэнні праблем, звязаных са станам будынкаў устаноў адукацыі і закупкай новага абсталявання для школ, дзіцячых садоў, каледжаў Мінска.

Падрыхтавалі Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА, Ганна СІНЬКЕВІЧ, Кацярына МАЦЕВІЧ, Наталля КАЛЯДЗІЧ