Дэлегацыі лепшых студэнтаў з дваццаці дзвюх вышэйшых навучальных устаноў краіны 31 студзеня і 1 лютага віталі Горкі. У раённы цэнтр Магілёўскай вобласці іх прывяло рэспубліканскае спартыўна-мастацкае свята “Моладзь — надзея і будучыня Беларусі”. Мерапрыемства праходзіла на базе Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, удзел у ім прынялі звыш васьмісот мэтанакіраваных перспектыўных студэнтаў.
Пачаўся маладзёжны форум 31 студзеня ў Палацы культуры БДСГА. Тут адбылося ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства, да якога была прымеркавана выстава інавацыйных творчых маладзёжных ідэй і праектаў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці ў рамках Рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Я — грамадзянін Беларусі”. На выставе годна прадставілі сябе ўсе заяўленыя на ўдзел у фестывалі ўстановы вышэйшай адукацыі. Напрыклад, Магілёўскі ўніверсітэт харчавання прадставіў на агульны агляд праект “Студэнцкі інфармацыйна-аналітычны цэнтр”, з дапамогай якога моладзь універсітэта мае магчымасць сваімі сіламі асвятляць хвалюючыя яе праблемы і падзеі. Прыцягвала погляды прысутных цікавая распрацоўка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Ініцыятыва пад назвай “Разам у будучыню” заключаецца ў рабоце па адаптацыі ў нашай краіне замежных студэнтаў. Гэты праект, дарэчы, прайшоў у фінал Рэспубліканскай акцыі “100 ідэй для Беларусі”. Прываблівалі сваёй арыгінальнасцю праекты “Ветразь сяброўства”, “Пішам жыццё яркімі фарбамі”, распрацаваныя студэнтамі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Асноўная ідэя першага — узмацненне міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва, другога — удасканаленне духоўна-маральнага выхавання моладзі. Немагчыма было не звярнуць увагу і на прэзентацыю гаспадароў свята — студэнтаў БДСГА, бо іх выстава была, напэўна, самай маштабнай на форуме. На шматлікіх стэндах былі прадстаўлены не толькі дасягненні студэнтаў УВА ў розных сферах дзейнасці, але і рознабаковая работа акадэмічных клубаў і аб’яднанняў.
Цікавыя знаходкі прадставілі на выставе студэнты Віцебскага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Віцебскай ветэрынарнай акадэміі і іншых. Варта адзначыць, што ў гэтым годзе выстава насіла яшчэ і прафарыентацыйны характар. Так, азнаёміцца з жыццём УВА краіны падчас правядзення студэнцкага форуму змаглі больш за чатырыста магілёўскіх школьнікаў, што, несумненна, паўплывае на іх асэнсаваны выбар будучай прафесіі.
Урачыста адкрываў свята для студэнцтва намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык.
— Мы сабраліся ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, гістарычным для студэнтаў месцы, ужо ў другі раз. Гэта гаворыць аб тым, што закладзена новая традыцыя. Традыцыя добрая, бо на працягу двух дзён, як і ў мінулым годзе, усіх вас чакае вялікая фестывальная праграма, дзе кожны зможа паказаць сябе. Звярну ўвагу на тое, што сёлета ўдзел у нашым свяце афіцыйна прымаюць і студэнты са Смаленскай сельскагаспадарчай акадэміі, а значыць, форум не толькі працягвае сваё існаванне, але і пашырае фармат і геаграфію, — адзначыў Віктар Віктаравіч, пасля чаго пажадаў студэнтам крэатыўных ідэй і поспеху на пляцоўках фестывалю.
З найлепшымі пажаданнямі і прывітальным словам да студэнцкага актыву краіны звярталіся таксама старшыня Горацкага райвыканкама Ігар Мікалаевіч Макар, начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў, рэктар Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Аляксандр Паўлавіч Курдзека.
Працяг фестывальныя мерапрыемствы атрымалі ў дзіцячым аддзяленні Горацкай раённай бальніцы. Там у рамках форуму разгарнулася дабрачынная акцыя “Рабі дабро”. Валанцёры прыехалі ў госці да дзяцей не з пустымі рукамі. Ад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі дзіцячаму аддзяленню бальніцы быў уручаны вадкакрышталічны тэлевізар, грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” прэзентавала мікрахвалевую печ, а МДУ імя А.А.Куляшова — чайны сервіз. Не засталіся без падарункаў і маленькія насельнікі бальніцы. Ад студэнцкага прафкама сельгасакадэміі дзеці атрымалі прысмакі, а валанцёры клуба “Чулыя сэрцы” акадэміі парадавалі іх тэатралізаваным паказам.
Адначасова з валанцёрскай акцыяй праходзіла яшчэ адно не менш значнае і цікавае мерапрыемства форуму — студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя “Ініцыятыва і дзейнасць студэнцтва: ад кіравання да самакіравання”. Яе работа ажыццяўлялася ў форме круглых сталоў па чатырох тэматычных секцыях: “Студэнцкае самакіраванне, маладзёжныя арганізацыі і аб’яднанні”, “Рэалізацыя студэнцкіх ініцыятыў у сферы прадпрымальніцтва, падтрымка творчых і бізнес-ідэй моладзі”, “Інфармацыйная культура і бяспека” і “Здароўе і прыгажосць — імідж сучаснага студэнта, аснова станоўчага развіцця будучага пакалення”. На кожнай з секцый ад студэнтаў прагучала шмат слушных ідэй.
Так, удзельнікі секцыі “Рэалізацыя студэнцкіх ініцыятыў у сферы прадпрымальніцтва, падтрымка творчых і бізнес-ідэй моладзі” прапанавалі ўвесці ў школах факультатыў па фінансавай пісьменнасці, адкрыць сетку пляцовак па развіцці прадпрымальніцтва, дзе моладзь магла б мець нефармальныя зносіны з прадстаўнікамі рэальнага бізнесу. Цікавы і праект арганізацыі на базе летніх аздараўленчых лагераў пляцовак па вывучэнні замежных моў малодшымі школьнікамі. Добрая прапанова аб правядзенні на базе УВА штогадовых кірмашоў здароўя прагучала на секцыі “Здароўе і прыгажосць — імідж сучаснага студэнта, аснова станоўчага развіцця будучага пакалення”. Нямала вартых увагі ідэй можна было пачуць і на іншых секцыях. Па словах намесніка міністра адукацыі Віктара Віктаравіча Якжыка, студэнцкі патэнцыял, выражаны ў рознабаковых праектах, знаходзіць сваё прымяненне ў рэальным жыцці. Напрыклад, ідэя аб круглагадовай дзейнасці студэнцкіх атрадаў, якая прагучала на мінулагоднім форуме, ужо ўвасоблена ў жыццё.
Як высветлілася напрыканцы першага фестывальнага дня, спартыўнага патэнцыялу ў нашых студэнтаў не менш. Наглядна пераканацца ў гэтым можна было падчас спартыўнага свята “Формула Будучыні: Моладзь + Здароўе”. Маладыя людзі, якія выбралі спорт за жыццёвы арыенцір, змаглі праявіць сябе ў спарткомплексе сельгасакадэміі. Наймацнейшых выяўлялі ў плаванні і армрэслінгу.
Спаборніцкі дух, воля да перамогі, актыўная падтрымка балельшчыкаў — усё гэта панавала і ў плавальным басейне, і ў спартыўнай зале. У выніку сумленнай і ўпартай барацьбы лепшым у плаванні сярод хлопцаў стаў Андрэй Альховік з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. А вось сярод дзяўчат ужо другі год запар не было роўных Наталлі Мацулевіч з Віцебскага тэхнічнага ўніверсітэта. Трэба адзначыць, што сёлета падводзіліся вынікі і ў камандным заліку. У плаванні яны размеркаваліся наступным чынам: першую прыступку занялі студэнты Віцебскага тэхнічнага ўніверсітэта, другое месца — за Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэтам, а на трэцім — Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна.
Што тычыцца армрэслінга, то ў вагавой катэгорыі да 70 кг наймацнейшым стаў Яўген Каваленка з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, а першае месца ў катэгорыі звыш 70 кг скарылася Аляксандру Любаню з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. У камандным заліку першымі зноў сталі прадстаўнікі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, другімі — студэнты Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, а трэцімі — студэнты Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Спартыўныя баталіі працягнуліся матчавай сустрэчай па валейболе паміж камандамі студэнтаў БДСГА і Смаленскай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, якая выклікала гарачы спартыўны азарт і ў балельшчыкаў, і ў гульцоў. Барацьба на валейбольнай пляцоўцы ішла літаральна за кожнае ачко, але горацкія студэнты змаглі адстаяць сваё леташняе лідарства і перамаглі з лікам 3:1.
Першы дзень студэнцкага свята аказаўся насычаным разнастайнымі падзеямі і мерапрыемствамі, але ж і другі выдаўся не менш цікавым. У другі дзень удзел у маладзёжным форуме прыняў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Аляксандравіч Маскевіч.
Сяргей Аляксандравіч сустрэўся з усімі ўдзельнікамі навукова-практычнай канферэнцыі, каб асабіста азнаёміцца з рэзалюцыямі кожнай з секцый, выслухаць ідэі і прапановы студэнцтва, адказаць на хвалюючыя моладзь пытанні.
— Мне вельмі прыемна, што ў нас з вамі ёсць магчымасць сустрэцца, і ўдвая прыемна ад таго, што такая сустрэча стала традыцыяй. У студэнцкія гады шмат чаго хочацца дасягнуць, і вельмі важна, каб былі магчымасці для дасягнення сваіх жаданняў. Менавіта ў гэтым заключаецца асноўнае прызначэнне нашага свята. Для павышэння ўзроўню вашай падрыхтоўкі як спецыялістаў важны вопыт. Гэты вопыт вы набываеце тут, на форуме, праз зносіны, абмен ідэямі, калі вучыцеся чуць і слухаць адно аднаго. Па сутнасці, стварыць асяроддзе для свайго развіцця і самаўдасканалення можаце толькі вы самі, а Міністэрства адукацыі можа толькі паспрыяць гэтаму. Таму я рад сёння пачуць вашы канкрэтныя праекты і прапановы, — адзначыў Сяргей Аляксандравіч, выступаючы перад студэнтамі.
Далей сустрэча працягвалася ў нефармальнай атмасферы. Прапановы і пытанні гучалі адно за адным, але нягледзячы на гэта, кожнаму студэнту міністр даваў грунтоўны адказ ці каментарый. Напрыканцы сустрэчы Сяргей Аляксандравіч паабяцаў, што ўсе падрыхтаваныя ўдзельнікамі навукова-практычнай канферэнцыі артыкулы будуць надрукаваны і масава распаўсюджаны, а самыя значныя праекты — рэалізаваны.
Закрыццём маладзёжнага форуму стаў творчы марафон калектываў і індывідуальных выканаўцаў устаноў вышэйшай адукацыі “Нашы таленты — табе, Беларусь!”, падчас якога студэнты стварылі для гледачоў атмасферу творчасці, энергіі і імпэту.
Яркі двухгадзінны канцэрт у чарговы раз пацвердзіў шматграннасць талентаў беларускага студэнцтва, а таксама пераканаў, што такая моладзь — сапраўды надзейная будучыня нашай краіны.