Надзея Гардзіенка пераканана, што з дзецьмі важна быць на адной хвалі і ісці ў нагу з часам

- 13:00Учитель года

Педагагічны стаж Надзеі Гардзіенка — 8 гадоў. Яна выкладае англійскую мову ў сярэдняй школе № 2 гарадскога пасёлка Акцябрскі. Сёлета педагог здолела трапіць у лік першых на абласным этапе конкурсу “Настаўнік года”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Цяпер Надзея Сяргееўна рыхтуецца адстойваць гонар Гомельшчыны на ўзроўні краіны ў намінацыі “Замежная мова”.

Педагагічная кар’ера Надзеі пачалася рана. Калі дзяўчынцы было 12 гадоў, не стала яе матулі, а сястрычцы Насці на той момант было ўсяго два гады.

— Мы засталіся пад апекай бацькі Сяргея Фядосавіча. Мне прыйшлося прыняць сітуацыю і ўдзельнічаць у выхаванні і навучанні сваёй маленькай сястрычкі. Я адчувала, што павінна ўсяму яе навучыць. Ведаеце, у мяне з самага дзяцінства выпрацавалася пачуццё адказнасці за сваю сям’ю, — прыгадвае настаўніца.

Надзея родам з вёскі Чырвоная Слабада Акцябрскага раёна. Там скончыла 9 класаў мясцовай сярэдняй школы. Выбар месца яе далейшага навучання рабіўся зыходзячы з фінансавых магчымасцей сям’і.

Калі вучылася ў школе, больш за ўсё любіла рускую і англійскую мовы. Філалогія — гэта маё. Першапачаткова я думала пра журналістыку, але добра разумела, што гэтую прафесію можна атрымаць, толькі калі вучыцца далёка ад дома. Аплачваць пражыванне ў сталіцы было вельмі дорага для маёй сям’і. Бацька заўсёды быў для мяне аўтарытэтам. Ён бачыў, што ў мяне атрымліваецца быць настаўнікам для сястры, і падказаў, што лепш за ўсё мне падыдзе педагогіка. У выніку было прынята рашэнне паступаць у Рэчыцкі дзяржаўны педагагічны каледж. Там я адвучылася па спецыяльнасці “Замежная мова”, аб чым ніколькі не шкадую. Пасля каледжа па мэтавым накіраванні прыехала ў родны Акцябрскі раён, размеркавалася ў сярэднюю школу № 2. Яшчэ ў каледжы вырашыла, што буду атрымліваць вышэйшую адукацыю. Завочна скончыла ГДУ імя Ф.Скарыны. Я вельмі рада, што ў мяне ёсць вышэйшая адукацыя, якую я атрымала бясплатна”, — дзеліцца Надзея Гардзіенка.

Апошнія шэсць гадоў, пасля смерці бацькі, яна з’яўлялася апекуном сваёй сястры Настассі. Днямі ёй споўнілася 18, і дзяўчына збіраецца падаваць дакументы на дзённае аддзяленне юрыдычнага факультэта ГДУ імя Ф.Скарыны.

— Мая сястра стала для мяне, па сутнасці, дзіцем, якое я выгадавала. Я рада, што яна пасталела і ідзе ў дарослае жыццё. Канечне, я і далей буду яе падтрымліваць. Так, як яны з татам падтрымлівалі мяне, калі я вучылася і рабіла першыя крокі ў прафесіі, — адзначае педагог.

Ідэй у Надзеі Гардзіенка заўсёды шмат. Настаўніца пераканана, што з дзецьмі важна быць на адной хвалі і ісці ў нагу з часам. Вучні яе сілкуюць энергіяй і эмоцыямі, а ў адказ яна зараджае іх крэатывам пры вывучэнні мовы. А яшчэ педагог адзначае, што яе проста зачароўваюць вочы вучняў, якія загараюцца цікавасцю да прадмета:

— Важна знайсці для іх матывацыю вывучаць мову. Замежная мова нас акружае паўсюдна. Напрыклад, у камп’ютарных гульнях, якія так лю­бяць дзеці. Да тых, хто лічыць, што ім не патрэбна англійская, імкнуся знайсці індывідуальны падыход, каб уцягнуць у актыўную работу. Стараюся штосьці прыдумваць, каб гэта было цікава для іх. Я разумею, што навучэнцам неабходна, і імкнуся выкарыстоўваць тое, што ім падабаецца. Практычна на кожным уроку праводжу розныя віды гульняў, напрыклад, ролевыя гульні з выкарыстаннем рэквізіту. Таксама практыкую інтэрв’ю — такая форма работы вельмі важная для развіцця дыялагічнага маўлення. На ўроку развіваю камунікатыўную кампетэнцыю вучняў. Для гэтага настаўнік павінен з кожным паспець пагаварыць, а дзеці — пагутарыць адно з адным.

Надзея Гардзіенка пераканана, што вельмі важнае значэнне мае тое, як настаўнік адчувае сябе на ўроку, наколькі ён любіць свой прадмет і вучняў:

— Я адкрытая для вучняў. Яны могуць падысці, спытаць у мяне пра ўсё, прычым не толькі па тэме ўрока. У нашым невялікім пасёлку ўсе адно аднаго ведаюць, таму зносіны з вучнямі і іх бацькамі амаль сямейныя. Любові да дзяцей нельга навучыць. Гэта або ёсць, або няма. Я пагружана ў работу з галавой, сяджу вечарамі, штосьці прыдумваю да ўрокаў. І мне гэта ўсё вельмі падабаецца. Да таго ж калектыў у нас проста выдатны, з калегамі склаліся цёплыя адносіны. Ведаеце, раніцай я прачынаюся і думаю: “Нарэшце працоўны дзень. І сёння я зноў буду мець зносіны з маімі любімымі вучнямі і калегамі”.

Акрамя непасрэдна ўрокаў, На­дзея Сяргееўна яшчэ і класны кіраўнік ў 9 “А”, кіраўнік школьнага вучэбна-метадычнага аб’яднання. За ёй замацаваны кабінет, у якім толькі што завяршыўся рамонт да новага навучальнага года. А паралельна арганізоўваюцца выезды ў Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі, дзе праходзіць інтэнсіўная пад­рыхтоўка настаўнікаў, якія выйшлі ў фінал конкурсу “Настаўнік года”. Адпачываць няма калі.

— Вядома, складана, але такім чынам набіраешся вопыту. Глядзіш на свае памылкі, штосьці карэкціруеш. Я з глыбінкі, таму мне цікавыя метады і прыёмы, якімі карыстаюцца мае калегі. Многае бяру для сябе і такім чынам папаўняю сваю метадычную скарбонку. Са сваёй творчай групай фарміруем спіс таго, што можна выкарыстоўваць на ўроках замежнай мовы. Напрыклад, калегі прэзентавалі выкарыстанне робатаў. Цікавымі мне здаюцца і маршрутныя лісты па ўроку. Дзялюся таксама ўласным вопытам. Спадзяюся, ён будзе карысным для маіх калег, — прызнаецца педагог.

Дарэчы, першы раз Надзея Гар­дзіенка ўдзельнічала ў конкурсе “Настаўнік года” ў 2017 годзе. Тады яна стала фіналістам раённага этапу. Але падрыхтоўка да конкурсу супала з сесіяй ва ўніверсітэце. Прыярытэт быў аддадзены вучобе. Цяпер у маладой настаўніцы больш вопыту, таму яна адчувае ўпэўненасць у сваіх сілах:

— Нават калі я разумела, што мае канкурэнты больш дасведчаныя, з большым стажам, усё роўна настройвалася на станоўчы вынік. Я заўсёды, з ранняга ўзросту, казала сабе: “У мяне атрымаецца, я змагу”. І вось сёлета ўсё атрымалася: я ў фінале конкурсу “Настаўнік года”. Будзем перамагаць далей!

Ірына АСТАШКЕВІЧ