Ставіцца задача цесна супрацоўнічаць з айчыннымі вытворцамі, каб матываваць іх на выраб прадукцыі для дзіцячага харчавання, паведаміла карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” дырэктар камбіната школьнага харчавання Мінска Надзея Лукашэвіч.
Пілотны праект па арганізацыі харчавання, які завяршыўся ў апошнія дні мая, ахапіў больш за 20 устаноў адукацыі краіны, сярод якіх 6 сталічных. Сачыла за ходам эксперымента спецыяльна створаная міжведамасная камісія, у склад якой увайшлі прадстаўнікі профільных структур, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, педагогі.
На працягу паўгода вывучаўся стан спраў у арганізацыі харчавання, пераглядалася меню, аналізавалася наяўнасць патрэбнага абсталявання ў харчаблоках.
Смакавыя перавагі школьнікаў вызначаліся праз апытанні, тэсты, а таксама ў час гутарак з педагогамі і бацькамі. У выніку ў школьнае меню быў уведзены шэраг новых, разнастайных страў, якія прыйшліся даспадобы дзятве.
Важны і той факт, што пасля ўвядзення новага школьнага меню колькасць адходаў значна знізілася. І гэта, безумоўна, станоўчы вынік эксперымента. Школы, якія знаходзяцца ў рэгіёнах, паэтапна будуць пераходзіць на новую сістэму харчавання. Кожны раён складае для сябе свой графік. Частка ўстаноў адукацыі краіны пачне ўкараняць новыя прынцыпы арганізацыі харчавання ўжо з пачатку гэтага навучальнага года. Іншыя ўстановы па меры аснашчэння харчаблокаў, абнаўлення школьных сталовых, камплектавання штату неабходнымі спецыялістамі будуць рабіць гэта ў іншыя тэрміны.
З 1 верасня па новых правілах арганізацыі харчавання будуць працаваць усе ўстановы адукацыі сталіцы.
— Мы імкнуліся не толькі абнавіць меню, стварыць камфортныя ўмовы для харчавання нашых школьнікаў, але і ўнесці выхаваўчы момант у арганізацыю харчавання, дабавіць эстэтыкі ў сервіроўку сталоў, — адзначыла Н. Лукашэвіч. — Мы павінны не толькі фарміраваць асабісты густ у дзяцей, але і ўносіць у гэты працэс элементы культуры.
Школьныя сталовыя паступова ператвараюцца ў камфортныя кафэ. Упершыню на кожным стале будуць расстаўлены цукарніцы. У іх ужо ёсць патрэба, таму што чай будзе падавацца несалодкім. Дзеці будуць самі дабаўляць цукар па сваім жаданні, сёння шмат дзяцей, якія ўвогуле не ўжываюць цукар. Яшчэ адно новаўвядзенне — гэта наяўнасць сталовых нажоў. Дзеці пачынаюць вучыцца этыкету і выкарыстоўваць падчас яды не толькі відэлец, але і нож. Замест гранёных шклянак будуць ужывацца гладкія.
Па словах дырэктара сталічнага КШХ, самым прывабным у новым харчаванні з’яўляецца разнастайнасць страў. У меню ўнесены папулярныя курыныя крылцы, галёнка, катлеты. Пельмені, згатаваныя айчыннымі вытворцамі непасрэдна для дзяцей, будуць падавацца са смятанай, рознымі соусамі. Распрацоўваецца соус “Казка”, які па смаку будзе нагадваць кетчуп, але з больш мяккай рэцэптурай. Прыйдуцца дзецям даспадобы і блінчыкі з соусамі з варэння, смятаны. Акрамя таго, у працэсе распрацоўкі шакаладны соус. У якасці гарніру школьнікам будуць падаваць прыпушчаную агародніну, у складзе якой — брокалі, квяцістая капуста, два віды морквы. Страва яркая, прывабная, смачная, таму павінна спадабацца дзецям. Трэба ўлічваць, што не ўсім даспадобы агародніна, рыба, тварог. Але паколькі гэтыя прадукты вельмі карысныя, асабліва для дзіцячага арганізма, то павышаную ўвагу трэба звярнуць на іх гатаванне, знайсці новыя формы афармлення страў. Напрыклад, звычайны тварог школьнікам не вельмі падабаецца, затое яны добра ядуць сырнікі з рознымі соусамі. Дэгустацыя праводзіцца па кожнай страве, улічваюцца меркаванні і парады бацькоў, дзяцей, педагогаў, прычым нават у дробязях. Напрыклад, са школьнікамі абмяркоўваюць, якая форма макароны ім найбольш падабаецца.
— Сёння мы вельмі скрупулёзна падбіраем персанал па дзіцячым харчаванні, — паведаміла Н. Лукашэвіч. — Да нас прыходзяць маладыя кваліфікаваныя спецыялісты, якія скончылі каледжы па адпаведнай спецыяльнасці, людзі з творчымі задумамі, з веданнем новых тэхналогій. Харчаванне — вельмі важны працэс, таму і ставіцца да яго трэба з адказнасцю.
Галоўнае адрозненне арганізацыі харчавання сталічных школ — гэта наяўнасць выбару страў у меню. Два варыянты страў будуць загадзя прапаноўвацца вучням пачатковай школы. Такому падыходу вельмі рады бацькі, бо дзіця з’есць тое, што яму найбольш падабаецца. Калі гаварыць пра рэжым харчавання, то ў пачатковай школе снеданне ссунуць на больш позні час, пасля першага ўрока. Потым для пачаткоўцаў — абед і падвячорак. Старшакласнікаў будуць чакаць абед, падвячорак і вячэра. Дарэчы, у сталіцы мяняць меню плануюць кожную чвэрць.
У школьных буфетах будуць прадавацца прадукты з маркіроўкай “Для дзіцячага харчавання”. З салодкага найбольш карыснымі прызнаны зефір, пасціла, мармелад. З прадпрыемствам “Чырвоны мазыранін” заключылі дамоўленасць на пастаўку прадукцыі ў меншай упакоўцы. Увогуле, ставіцца задача цесна супрацоўнічаць з айчыннымі вытворцамі, кандытарскімі, перапрацоўчымі камбінатамі, каб матываваць іх на выраб прадукцыі для дзіцячага харчавання.
З 1 верасня ў буфетах будуць усталяваны новыя касавыя апараты з магчымасцю наяўнага і безнаяўнага разліку. Разам з тым працягнуцца і тыя праекты, якія былі распачаты раней. “Разумны буфет” будзе прымаць наведвальнікаў, якія змогуць разлічвацца з дапамогай кода на вучнёўскім білеце. Праект “Чыстая талерка” заваяваў вялікую папулярнасць сярод сталічных школьнікаў у мінулым навучальным годзе, таму будзе радаваць сваёй чысцінёй і ў іншых навучальных установах. Цяпер камбінат школьнага харчавання ў працэсе прыёмкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. У першую чаргу кантралюецца, як яны падрыхтаваліся да арганізацыі школьнага харчавання. Сваім вопытам сталічныя ўстановы дзеляцца ў СМІ, на старонках сваіх сайтаў, у Instagram, Telegram-каналах.
З 1 верасня харчавацца па новым меню будуць і навучэнцы сталічных каледжаў. У планах камбіната — харчаванне выхаванцаў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, Спецыялізаванага ліцэя Міністэрства ўнутраных спраў і інш. Добрай навіной стала прынятае рашэнне аб харчаванні педагогаў устаноў адукацыі ў школьных сталовых. Яны, безумоўна, будуць паказваць школьнікам прыклад і дысцыплінаваць іх за сталом. За час эксперымента быў праведзены шэраг нарад, семінараў, сустрэч. Па выніках эксперымента па харчаванні ў краіне распрацаваны зборнік страў, якія рэкамендаваны для школьнага харчавання.
Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і прадастаўлены камбінатам школьнага харчавання Мінска