Надзея Здрок — аб тонкасцях работы з дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы

- 12:17Образование

Надзея Здрок займае пасаду намесніка старшыні Ганцавіцкага райвыканкама і курыруе ў раённым маштабе пытанні сацыяльнай сферы. У яе багаты вопыт работы ў педагогіцы, у тым ліку і з дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Пра тонкасці такой важнай праблемы і каштоўныя набыткі ў рабоце карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыў з Надзеяй Уладзіміраўнай.

Самая ранняя стадыя

— Надзея Уладзіміраўна, у вашай педагагічнай дзейнасці асаблівы акцэнт — на выхаванні. Ведаю, пачыналі піянерважатай у Люсінскай школе і там жа працавалі намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Калі ўзначалілі ў Ганцавічах сацыяльна-педагагічны цэнтр, якія праблемы вырашалі?

— Воляй лёсу ў 2002-м я трапіла ў вір падзей, калі па краіне ствараліся першыя сацыяльна-педагагічныя цэнтры. Мы, як кажуць, ішлі па цаліне, усё асвойвалі самі. СПЦ узначальвалі розныя людзі, цяпер там дырэктарам працуе Галіна Мікалаеўна Бруй. Але ж і я ў курсе праблем, бо на раённым узроўні ўзначальваю камісію па справах непаўналетніх. Першыя часы важна было сабраць каманду з ліку прафесіяналаў і тых, хто хацеў імі стаць. Я папрацавала ў сістэме адукацыі, ведала людзей. Збірала добрых псіхолагаў, сацыяльных педагогаў. І мы разам працавалі, закладвалі асновы дзейнасці СПЦ, дзяліліся досведам з іншымі. Здаецца, ужо ў 2005-м на базе цэнтра прайшоў рэспубліканскі семінар. Мы прэзентавалі на ўзроўні раёна работу па выяўленні сямейнай нядобрана­дзейнасці на ранняй стадыі.

— Па сутнасці, займаліся прафілактыкай?

— Так, бо важна не дапусціць, каб нейкія ўнутраныя сямейныя праблемы абвастрыліся да стадыі сацыяльнай хваробы. Мы зыходзілі з відавочнага: лепей, чым у сям’і, дзіцяці нідзе не будзе. І стараліся не дапусціць такога развіцця падзей, калі ў рэшце рэшт бацькі пазбаўляліся бацькоўскіх правоў, а дзіця трапляла ў інтэрнатныя ўстановы ці дамы сямейнага тыпу, прыёмныя сем’і. Тады і пачыналі працаваць па розных кірунках.

— Па якіх менавіта?

— Першы этап — узаемадзеянне з раённай жаночай кансультацыяй. Важны момант: як ставіцца да свайго становішча будучая маці, як разумее сваю адказнасць за лёс ненароджанага дзіцяці, ці своечасова жанчына стала на ўлік па цяжарнасці і родах, ці рэгулярна бывае ў кансультацыі, ці планавалася цяжарнасць. Медыкі першымі бачаць сацыяльны складнік будучай мамы. А калі дзіця нараджаецца, то яны ж пры патранажы наведваюць сям’ю, бачаць, у якім яна становішчы. Што да супрацоўнікаў сістэмы адукацыі, то ў іх поле зроку дзеці трапляюць, як правіла, з трох гадоў, калі іх прыводзяць у дашкольную ўстанову. Дык вось, калі медработнікі заўважаюць нейкія дэталі, сігналы, якія могуць нас насцярожыць, то інфармацыю — мы так адладзілі працэс — накіроўваюць у аддзел адукацыі, у СПЦ.

— Удакладніце, калі ласка: гэта ўжо адпрацаваны рэгламент сумеснай работы?

— Такі алгарытм узаемадзеяння мы ў раёне распрацавалі, узгаднілі і зацвердзілі. А за медыкамі да пра­цэсу прафілактыкі цяжкага дзяцінства, назавём умоўна, падключаюцца работнікі дашкольных устаноў. Так было, так і засталося. Выхавальнікі, а таксама іх памочнікі ба­чаць, якое дзіця прыхо­дзіць у сад. Акуратнае ці не, у якім настроі, якую зменку яму дала з сабой мама. Важна і тое, як яго забіраюць, у якім стане бацькі, ці своечасова аплачваюць харчаванне дзіцяці ў садзе. Па такіх дэталях робім высновы пра фінансавы стан сям’і, атмасферу ў ёй і не толькі.

Менавіта ў дашкольнай установе важна не прапусціць час, заўважыць, калі ў сям’і з’явіліся прыкметы няшчасця.

Бывае, што ў са­дзе быццам бы ўсё добра, толькі ў школе ўзра­стае колькасць дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы — па-руску гэта СОП: “социально опасное положение”. І такія сем’і мы ўжо суправаджаем.

— Ці здараецца так, што негатыўная энергія, здольная разбурыць сям’ю, назапашваецца — і тое застаецца незаўважаным?

— Вядома ж, бывае. Тады, як мы кажам, “дашкольнікі” недапрацавалі: гэта дарослыя, з малымі занятыя. Мы разумеем: сямейнае няшчасце заўсёды мае нейкія прыхаваныя чыннікі, ёсць і перыяд патаемнага развіцця. І гэта ў асноўным разгорнуты ў часе пра­цэс. Як і анколагам, нам трэба вучыцца распазнаваць сацыяльную хваробу на ранняй стадыі. Тады будзе лягчэй з ёй справіцца.

Далікатная і адказная справа

— Надзея Уладзіміраўна, цяпер у раёне бываюць пазбаўленні бацькоўскіх правоў?

— Бываюць, і часам цэлая чарада іх ідзе… Мы гэтыя працэсы трымаем на кантролі. Прытым я адкрыта гавару людзям, з якімі працую: гэта брак у нашай дзейнасці. Не толькі сістэмы адукацыі — усіх, хто задзейнічаны ў прафілактыцы. Часта бывае, што ці то позна ўбачылі праблему, ці то не былі прыняты кардынальныя меры, каб не даць ёй развіцца.

— А што значыць “кардынальныя”?

— Гэта, напрыклад, прызнанне дзяцей асобамі, якія маюць патрэбу ў дзяржабароне. Звычайна калі дзяцей вырываюць з сацыяльна небяспечнай сям’і, то для бацькоў гэта вельмі сур’ёзнае папярэджанне. Гэта ўжо не пальчыкам ім памахалі ў садзе, школе ці на чарговай камісіі.

— Колькі суб’ектаў прафілактыкі, кажучы дзелавой мовай, у вас задзейнічана?

— Можа, з дзевяць, уключаючы РАУС, РАНС, медыцыну, сацабарону, аддзел па адукацыі, мясцовыя органы ўлады…

У кожнай сям’і, у залежнасці ад узросту дзяцей, свая спецыфіка прафілактычнай работы. Падыходы, адпрацаваныя гадоў 20 назад, і сёння актуальныя. Безумоўна, яны патрабуюць удумлівасці, напружання сіл,
і трэба рабіць усё своечасова, бо “само не пройдзе”.

І прафесіяналізм у такой далікатнай і адказнай рабоце — на першым месцы. Здаецца, гэта прапісныя ісціны, аднак я сталею і бачу: па-іншаму аніяк з такімі праблемамі не справіцца.

— Мы можам умоўна гэтую з’яву назваць сацыяльна-сямейным карыесам? Калі няма прафілактыкі, ён развіваецца непрыметна і з часам запатрабуе балючых працэдур…

— Карыес? Хай сабе і так… Між тым у сямейным няшчасці, з якім сёння сутыкаемся, ёсць шмат розных псіхалагічных аспектаў. У прыватнасці, маладым дзяўчатам, жанчынам бывае цяжка спраўляцца з выклікамі, якія ім кідае жыццё. Нейкай жыццё­вай устойлівасці не хапае ім ці што. Тыповы прыклад: дзяўчына выйшла замуж, нешта з мужам не склалася — развяліся. А яна ўжо з дзіцем на руках, і часта ў яе ні жылля свайго, ні пастаяннай работы, ні грошай, ні асаблівай дапамогі з боку бацькоў ці сваякоў, і аліменты не атрымлівае… Яна спрабуе ства­рыць наступны шлюб: замуж выходзіць альбо “проста жыве” з іншым мужчынам і нараджае ад яго яшчэ адно дзіця. І там зноў не складваецца… Яна зусім не разумее і не ўсведамляе, што праблема ў ёй самой, таму ідзе на чарговы круг нейкіх адносін. Часта бачым: няшчасная жанчына, за спінай у якой некалькі шлюбаў, сужыцеляў, дзеці ад розных мужчын. Сама сабе, што называецца, яму капае — і не бачыць выйсця, у пошуках яго пачынае папіваць, бо “як вып’ю, то лягчэй”. Хутка знаходзяцца ёй падобныя, і далей ужо разам панеслася. Яны ў такім падзенні адно аднаго падтрымліваюць: нездарма ж ка­жуць, што з кім павядзешся — ад таго і набярэшся.

Хто навучыць сацыяльнай адказнасці?

Надзея Здрок з Аляксандрам Занькам, які больш за 30 гадоў працуе дырэктарам Круговіцкай сярэдняй школы. Аляксандр Арсенавіч быў настаўнікам геаграфіі ў Надзеі Уладзіміраўны, калі яна вучылася ў Люсінскай сярэдняй школе

— Вы расказваеце, мяркую, аб рэальных прыкладах з раённага жыцця?

— Так. Апошняя гісторыя: жыццё ў жанчыны, як яна расказвае, не склалася ні з першым, ні з другім мужам. Яна ці не давучылася, ці не адпрацавала належны тэрмін — трэба выплаціць грошы за вучобу. Яшчэ крэдытаў нейкіх набрала і трапіла ў фінансавую пастку. Мы спрабавалі дапамагаць прадуктамі, далучалі грамадскія арганізацыі: прывозілі адзенне, абутак… Але ж не можам пагасіць за яе даўгі, навучыць па сродках жыць… А яна п’е — і ад безвыходнасці сабе ўскрывае вены… Яе дзіця змясцілі ў дом сямейнага тыпу. Гэта тыповы прыклад жанчыны, у якой малавата ро­зуму. І падказаць жа нешта, навучыць, калі яна расла, у школу ха­дзіла, нікому не ўдалося…

У такіх выпадках я згадваю мудрае выслоўе: не выхоўвайце дзяцей, бо яны ўсё роўна будуць рабіць так, як робіце вы. Калі ў сям’і не заклалі патрэбных навыкаў, ведаў, звычак, то дзіця паўтарае лёс бацькоў — і сваім дзецям разбуральны сцэнарый трансліруе.

Ведаеце, вось мы ў школе вучым разбірацца ў хіміі, матэматыцы, фізіцы, знаходзіць суфіксы і карані слоў, разумных алімпіяднікаў рыхтуем, а ўменню быць бацькамі, несці адказнасць за сваіх дзяцей — хто і дзе гэтаму вучыць?

У школе быў курс “Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця”, але наколькі ўсё тое эфектыўна?.. Каб даваць веды ў такой далікатнай сферы, у педагога павінен быць свой станоўчы вопыт і адпаведная рэпутацыя — тады ён зможа нешта расказаць. Мы ж усе разумеем: факультатывы часта фармальныя. У нас наладжана ўзаемадзеянне і з царквой з акцэнтам на сямейных каштоўнасцях, ды варта прызнаць: усё ідзе з сям’і. Адтуль дзеці бяруць і самы каштоўны досвед, і самы негатыўны. Скажам, я добра памятаю дзяцей з адной сям’і ў нашым СПЦ, у прытулку, які пры ім працаваў. Прайшоў час, змянілася пакаленне — і дзяўчынка, што была ў прытулку, праз 20 гадоў стала мамай. Яе выклікаюць на камісію, бо яна пайшла шляхам шалапутных бацькоў.

А бывае, што сям’я пасля камісіі, што называецца, прыходзіць у сябе, і дапамога бацькам не патрэбна: далей самі.

— Раней вы расказвалі пра хлопца з прытулку, якога і дадому вадзілі, а ён потым вас называў Надзеждачка Уладзіміраўна. Як склаўся ў яго лёс?

— Мяркую, ён добры бацька і муж. Гадоў сем ужо ў Расіі жыве, адтуль родам яго жонка. Пакуль быў тут, мы падтрымлівалі добрыя адносіны, віншаваў мяне са святамі. У сям’і ў іх было ўсё нармальна. Я ўсім казала, што гэта маё прыёмнае дзіця…

— Такія прарывы — гэта рэдкасць?

— Не рэдкасць, але часта, на жаль, ёсць паўтарэнне шляху бацькоў. Ёсць сем’і, якія з крызісу мы нібыта выводзім, паўгода іх суправаджаем шчыльна, пасля радзей — і потым бацькі зрываюцца.

— А суправаджае хто і як?

— Перш за ўсё ўстанова адукацыі, якую замацоўваем за нядобранадзейнай сям’ёй: педагогі павінны наведваць яе паўгода рэгулярна. Яны размаўляюць з бацькамі дзяцей, ацэньваюць сітуацыю: ці ёсць у доме ежа, ці наведзены парадак і якая там псіхалагічная атмасфера. Могуць любога выслухаць, параіць нешта, пракансультаваць. Калі сям’я трапляе ў катэгорыю суправаджэння (для гэтага на камісіі прызнаецца яе сацыяльна небяспечнае становішча), то з усімі зацікаўленымі распрацоўваецца план работы па суправаджэнні. Такі парадак устаноўлены па ўсёй краіне: план рыхтуе сацыяльна-педагагічны цэнтр, потым супрацоўнікі СПЦ адказваюць за яго выкананне. Праз камісію па справах непаўналетніх гэта ўсё мы разглядаем, на ўзроўні старшыні райвыканкама план зацвярджаецца і ўсім зацікаўленым накіроўваецца для выканання. А там прапісана: што павінны рабіць медыкі, сацабарона, РАНС, тэрытарыяльныя органы ўлады — у кожным выпадку свой шлях.

Толькі сэрцам адчуеш…

— З якога часу вы ўзначальваеце раённую камісію па справах непаўналетніх?

— Са снежня 2024-га, як стала намеснікам старшыні.

— Неабходнасці ў дзіцячым прытулку ў раёне ўжо няма?

— Так. Мы яго раней стваралі, часам звыш 20 дзяцей у ім было. Цяпер менш сем’яў пад знакам СНС. Раней адбіралі дзяцей з сем’яў, дзе не было святла, падлог, ежы — цяпер іншыя праблемы. Скажам, у доме дастатак, але маюць месца псіхалагічны ціск на дзіця з прычыны розных абставін, канфлікты, непаразуменні. Быва­юць выпадкі прымянення айчымам грубай фізічнай сілы ў дачыненні да дзіцяці. Часам і шмат пропускаў заняткаў школьнікам — падстава, каб зрабіць візіт у сям’ю, пацікавіцца, ці забяспечваюць бацькі ўмовы для атрымання адукацыі дзіцем. Дарэчы, такія дзеянні ўстановам адукацыі рэгламентуе дакумент, прыняты Мінадукацыі ў 2024 годзе. І колькасць дзяцей у раёне змяншаецца, так што прытулак не патрэбен… У нас дамы сямейнага тыпу — у Ганцавічах і Агарэвічах. Калі часова каго адбіраем, то туды змяшчаем, і дзеці там знаходзяцца да вызначэння далейшага лёсу. Бывае, вяртаюцца ў біялагічную сям’ю, а калі бацькоў пазбаўляюць бацькоўскіх правоў, то і застаюцца там.

— Калі вы сутыкаецеся з няўдалымі сем’ямі, безадказнымі бацькамі, што адчуваеце? Як спраўляецеся з негатывам?

— У гэтых клопатах заўсёды ўсё па-рознаму. Бывае, пасля камісіі па справах непаўналетніх я адыхо­джу дні па тры. Нядаўна вось аднагалосна прынялі рашэнне: адпра­віць дакументы ў суд на пазбаўленне баць­коўскіх правоў маладой маці. Дзіця маленькае, а такіх, да 3 гадоў, як правіла, усынаўляюць хутчэй. Мы ўсё ўзважылі і вырашылі: лепш аддаць у іншую сям’ю, бо жанчына не выспела, скажам так, быць мамай. Яна бадзяецца і не любіць гэтае дзіця. На жаль, нельга жанчыну прымусіць любіць уласных дзяцей, а калі няма такой любові, то ўжо нішто на свеце не дапаможа выратаваць сям’ю.

— А што дае шанс падобную сям’ю зберагчы?

— Ёсць вельмі тонкія рэчы, якія і розумам не абняць — толькі сэрцам іх адчуеш. Часам бачыш: злоўжывае маці алкаголем, матстановішча сям’і пагаршаецца, але ёсць моц­ная сувязь паміж ёй і дзіцем. І мы такія сем’і да апошняга суправаджаем, даём шанс дарослым выправіцца. Пару гадоў назад, калі я ў сістэме адукацыі працавала, было пытанне аб пазбаўленні: запоі, не працуе… Жанчына так плакала, што ёй далі шанс. А дзіця ўжо ў Доме дзіцяці было, у бяспечным месцы, таму вырашылі: паспеем адабраць, калі што. Я параіла ёй па­ехаць да спецыялістаў, якія працуюць з жаночым алкагалізмам, дала кантакты. Потым яна мне тэлефанавала: “Я даехала… я іду… я вельмі баюся!” Прайшла кадзіраванне. Яе ўзялі на работу ў сад, дзе было яе дзіця. Сёння ў той жанчыны вышэйшая адукацыя, яна добры дэфектолаг, працуе ў дзіцячым садзе і сама выхоўвае дзіця.

— Гэта значыць, вы такі ратуеце некаторыя сем’і, станоўча ўплываеце на лёсы дзяцей?

— Атрымліваецца, што так. Часам іду па вуліцы — вітаюцца тыя, да каго мы паставіліся па-людску. Значыць, нешта мы можам, умеем. Толькі важна не апускаць рукі, ра­біць тое, што трэба — і хай будзе што будзе. За іншага жыццё ты не пражывеш, але працягнуць руку дапамогі заўсёды варта.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і з архіва Надзеі Здрок