Наглядны дапаможнік: у Жарабковіцкай сярэдняй школе распрацавалі «Літаратурную карту Беларусі»

- 9:05Главная, Образование

Цікавы краязнаўчы праект ў Жарабковіцкай сярэдняй школе імя Міхаіла Мінкевіча, што знаходзіцца ў Ляхавіцкім раёне, стварылі для ўрокаў роднай літаратуры. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Настаўніца Алена Шэшка паказвае “Літаратурную карту Беларусі”

Коласаў запавет

Ідэя праекта — у гульнявой форме візуалізаваць звесткі пра месца і час нараджэння пісьменнікаў, творчасць якіх вывучаецца ў адпаведнасці са школьнай праграмай. Такая гульня, вядома ж, актывізуе ўвагу школьнікаў. І ў творах пісьменнікаў ёсць апісанні іх родных мясцін. “Вось як цяпер перада мною // Ўстае куточак той прыгожа: // Крынічкі вузенькае ложа, // І елка ў пары з хваіною”. Коласаўскія радкі з уступу да “Новай зямлі” прыхо­дзяць на ўспамін — і адразу можна ўя­віць Панямонне, дзе пабачыў свет і рос Кастусь Міцкевіч. Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Смольня, Мікалаўшчына (гістарычная назва), Стоўбцы… Некаторых наз­ваў на картах можа і не быць, але ў нашым культурным кодзе яны ўкладзены са школы.

Дэталі, падрабязнасці, сэнсы ёсць за кожным словам. У часопісе “Роднае слова” мне давялося весці цыкл публікацый “Дзе льецца Нёман срэбраводны” — да 110-х угодкаў песняра. Аўтары ўважліва прыглядаліся да прынёманскіх краявідаў, адметных куткоў прыроды, з’яў і рэчаў, якія былі побач з будучым класікам у маленстве, адлюстраваліся ў творчасці. Бы каштоўныя артэфакты, перабіралі навукоўцы, настаўнікі, музейшчыкі, журналісты слоўцы з коласаўскіх твораў, часам і састарэлыя: камора, бёрды, кросны, чаўнок, уток, лыка, шарак… Са схемамі, назвамі, нумарацыяй падаваліся здымкі драўляных скульптур на “Шляху Коласа”, створанага на Стаўпеччыне. І пашчасціла мне тады пешшу прайсці кавалкі шляху ўздоўж Нёмана, якім летам 1912-га ішоў на першую сустрэчу з Якубам Коласам у Смольню Янка Купала. Экскурсаводам жа была мне Вера Данілаўна Міцкевіч — унучка Коласа, даследчыца яго жыцця і творчасці.

Дзеля чаго ўсё? Каб уважлівей прыгледзецца, пранікнуцца. Як кажуць, сэрцам адчуць, пра што і як гаворыць з намі праз гады класік. Што хаваць: у бегу-спеху многія важныя дэталі губляюцца. Сцяна часу, мімалётны погляд праз яе — і няма кантакту. Геній стварыў глыбокія вобразы на карысць нашчадкам, а мы часам не ўмеем, не можам спасцігнуць іх сутнасць. Няма спажывы для сэр­ца і розуму, бо “не даганяем” і нам “не заходзіць”, кажучы на маладзёжным слэнгу. Таму і пакінуў Якуб Колас такі запавет: “Пакуль жаданне не астыла, // Пакуль ахвота ёсць і сіла — // Агледзець трэба землю тую, // Каб не гадаць, не йсці ўсляпую”.

З Жарабковіч дарог пачатак

Не ісці ўсляпую — гэта ж і ўглядвацца ў тое нібыта звычайнае, што пад нагамі. А хоць бы ў мясцовы гасцінец! Пра гэта цікава было разважаць з настаўнікамі ў Жарабковічах. Ёсць усе падставы сцвярджаць: праз гэтую вёску і маю родную Яцкаўшчыну не раз праязджалі па гасцінцы ў даспехах, вярхом на баявых конях, у карэтах ці санях, з аховай ды слугамі людзі заможныя. Гэта былі вядомыя і ў наш час гістарычныя асобы, найперш з магнацкіх родаў Радзівілаў і Хадкевічаў. Вось якім цікавым можа быць літаратурнае краязнаўства!

Па карце бачна: вёскі — пры старым гасцінцы, які здаўна злучае Нясвіж, а таксама Клецак (так яго ў нас называюць) з Ляхавічамі. Два першыя гарады мелі княжацкія палацы — тое ведаюць многія. А што ў Ляхавічах, ад якіх да Клецка 28 км па трасе Р103? Там быў моцны замак: у канцы XVI ст. сын Яна Хадкевіча — Ян Караль — замест невялікага драўлянага збудаваў магутны бастыённы замак. Наколькі магутны? “Адна з наймацнейшых бастыённых фартэцый Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай”, — сцвярджа­юць гісторыкі. Прыадкрыць сакрэт моцы фартэцыі дапаможа падказка-ключ: той Ян Караль — гэта ж “вайсковы і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, гетман вялікі літоўскі (1605), вая­вода віленскі (1616)”. Ну і замак гетман меў адпаведны яго статусу ў грамадстве. А тое, што кантактавалі Радзівілы з Хадкевічамі, што ездзілі па Клецка-Ляхавіцкім гасцінцы, думаю, відавочна. І ўвогуле, інтэрнэт падказвае: з 1537 года Ляхавічы, Жарабковічы належалі знакамітай Барбары Радзівіл, якая ў 1547-м стала каралевай, узяўшы шлюб з каралём ВКЛ Жыгімонтам Аўгустам. Мураваны замак у Нясвіжы, закладзены ў 1583-м Мікалаем Радзівілам (Сіроткам), ацалеў, а фартэцыю Хадкевічаву разбурылі ўшчэнт шведскія войскі ў час Паўночнай вайны ў 1706 годзе.

Ды ў памяці людской, у літаратуры слаўная тая фартэцыя жыве. У вершах пісаў пра яе настаўнік Кастусь Турко (1935—2000). Ураджэнец Баранавіччыны (з багрымаўскага Крашына), ён ініцыіраваў стварэнне літаб’яднання пры ляхавіцкай райгазеце, узначальваў яго аж да сыходу. Адзі­ны зборнік яго вершаў “Заўсёды з вамі” пабачыў свет у 1995-м — да 60-х угодкаў педагога і пісьменніка.

Ляхавіччына прайшла праз лёсы і такіх творцаў, як Ян Чачот, Эліза Ажэшка, Сяргей Пясецкі, Уладзімір Дамашэвіч, Віктар Гар­дзей, Святлана Басуматрава, Лявон Пранчак, Алесь Бадак… Настаўнік і паэт Мікола Купрэеў працаваў у райгазеце “Будаўнік камунізму”, мемуарыст і грамадскі дзеяч Фёдар Еўлашоўскі (1546—1617) быў родам з Ляхавіч. Паэт Анатоль Станкевіч, кнігі якога ёсць у музейный экспазіцыі Жарабковіцкай сярэдняй школы імя Міхаіла Мінкевіча (а нядаўна і юбілей пісьменніка ў школе адзначалі) — родам быў з Жарабковіч.

Пра тое, як шмат усяго цікавага — для гісторыкаў, літаратуразнаўцаў, школьнікаў — ёсць на Ляхавіччыне, мы гутарылі з настаўніцай роднай мовы і літаратуры Аленай Віктараўнай Шэшка. Згадалі “паэтацэнтрычнае” выслоўе: “Дзе ёсць паэт — адтуль пачаўся свет”. Па сутнасці, з Жарабковіч ды навакольных вёсак пачынаецца ён і для мясцовых школьнікаў, якія не толькі на ўроках беларускай мовы і літаратуры (навучанне ў школе беларускамоўнае) вучацца ўглядвацца ў мясцовую рэчаіснасць, паглыбляцца ў гісторыю роднага краю.

І настаўнік, і паэт

Калі я знаёміўся з музейнай экспазіцыяй, Святлана Ана­тольеўна Пальчык, настаўніца гісторыі, сказала: “Распачаў стварэнне музея, збор краязнаўчых матэрыялаў тут Уладзімір Міхайлавіч Лаўрэнаў: ён выкладаў гісторыю да мяне. Быў раней, у 80—90-я гады, вялікі музей, аднак на пачатку 2000-х расфарміравалі яго, як ішла рэканструкцыя, бо не хапала памяшканняў. Матэрыялы музея склалі ды схавалі”.

Зрэшты, пра музейную экспазіцыю, адноўленую ў школе, раскажам іншым разам. А пакуль зазначым, што ў кнізе гістарычна-края­знаўчых нарысаў “Ёсць край такі…”, якую ў 2003 го­дзе выдаў мой настаўнік Ула­дзімір Лаўрэнаў, ішла гаворка і пра вядомых лю­дзей з Жарабковіч і ваколіц. У прыватнасці, пісаў лісты краязнаўцу, дасылаў матэрыялы Міхаіл Гаўрылавіч Мінкевіч — ураджэнец суседняй вёскі Гулічы, які з 1968 па 1985 год быў міністрам асветы БССР. Ула­дзімір Міхайлавіч, якога летась не стала, і сам варты быць ушанаваным у музеі як заслужаны настаўнік, краязнавец і пісьменнік. Размаўляючы з Аленай Шэшка, згадалі пра нарысы і вершы Лаўрэнава. На партале цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна чытаем: “Для яго Жарабковічы сталі другой ра­дзімай, пра якую ён напісаў не адзін верш і склаў не адну песню”. Вось бы сабраць! Пэўна, што яны зберагліся: і надрукаваныя ў розных выданнях, і ў рукапісах. Мяркую, настаўнікам і школьнікам, якія прадаўжаюць распачатыя Уладзімірам Лаўрэнавым края­знаўчыя пошукі, удасца ра­зам з яго жонкай, былой настаўніцай Рэгінай Аляксандраўнай, з часам і паэтычны зборнік выдаць. Як адзна­чыла Алена Шэшка, цяпер у яе і ў зацікаўленых літаратурным краязнаўствам вучняў якраз разгортваецца работа па зборы мясцовых адпаведных матэрыялаў. А раней у школе стварылі праект на конкурс “100 ідэй для Беларусі”, які быў удастоены дыплома на рэгіянальным этапе ў Баранавічах.

Нагляднае літаратурнае краязнаўства

“Знаёмцеся: унікальны педагог, якая стварыла з вучнямі “Літаратурную карту Беларусі”, — так прадставіла мне сваю калегу Вольга Іванаўна Бурак. Яна нядаўні дырэктар школы, узначальвае аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама. Вядома ж, гонар і ёй, што школа мае дыплом, але жадае большага: ра­зам з Аленай Віктараўнай давесці праект да выдання.

Алена Шэшка ў 2000 го­дзе скончыла вышэйшы педкаледж у Баранавічах, у 2002-м там жа прайшла скарочаны курс дэфекталогіі. Выкладае беларускую мову і літаратуру, кіравала драмгуртком. На ўроках яе вучні з цікавасцю ўспрымаюць інфармацыю пра тое, што многія беларускія празаікі, паэты — вяскоўцы па нараджэнні. “Мы заўсёды гаворым: прырода, прыгожыя краявіды, вясковы побыт і праца спрыяюць развіццю творчых задаткаў”, — падкрэсліла Алена Шэшка. З інтэрнэтам і малыя вёскі на картах знойдзеш. А калі пазначаць іх сцяжкамі? Прыкладна з такіх разваг і пачынаўся праект.

“Паспрабавалі сцяжкамі візуалізаваць на карце Беларусі звесткі з літаратурнага краязнаўства, і вучням гэта спадабалася рабіць, — расказала Алена Віктараўна. — Спачатку проста пазначалі мясціны, дзе нарадзіліся пісьменнікі: пераважна тыя, чые творы ёсць у праграме, рэкамендаваныя для пазакласнага чытання. Потым пачалі падпісваць гады жыцця, месца нараджэння, творчы псеўданім. Калі знаёмімся з творам, пісьменнікам, то глядзім і на гэтую карту”.

Наглядны дапаможнік паспяхова працуе ў кабінеце роднай мовы і літаратуры. Вольга Бурак, пабачыўшы літкарту, падахвоціла настаўніцу развіць ідэю, паў­дзельнічаць у конкурсе “100 ідэй для Беларусі”. Усё скампанавац­ь, аформіць, надаць праекту гульнявы змест здолеў Аляксандр Русакевіч, цяпер ужо студэнт Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта. Ён, дарэчы, развівае новы праект — ужо як беларускі пазнавальна-краязнаўчы дапаможнік для кітайцаў.

На конкурсе “100 ідэй для Беларусі” праект быў прадстаўлены як невялікая кардонная скрынка. У яе ўкладзена карта краіны, ёсць мяккая падкладка, каб сцяжкі на шпільках лепш трымаліся, рознакаляровыя аркушы фармату А4 з інфармацыяй пра пісьменнікаў — нарыхтоўкі для сцяжкоў. Алена Віктараўна адзна­чыла: “Бачыце: як набор “Зрабі сам”. Вучні самі запаўняюць карту, а гэта больш за 40 пазіцый, і таму лепш усё запаміна­юць. Наглядны дапаможнік зручна выкарыстоўваць на ўроках, у пазакласнай рабоце, літаратурных гуртках. Развіваць ідэю з улікам асаблівасцей рэгіёнаў, раёнаў можна ў розных варыянтах. Каму цікава — можам па­дзяліцца вопытам. Ну і, вядома ж, марым “Літаратурную карту Беларусі” тыражаваць, выдаць як наглядны гульнявы дапаможнік”.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара