Наталля КАЧАНАВА: “Найважнейшая задача кіраўнікоў — захаваць працоўныя калектывы”

- 10:42Інфармацыйная гадзіна

Пра гэта кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта заявіла прадстаўляючы калектыву ААТ “Гомельтранснафта Дружба” новага гендырэктара Алега Пачынка.

Наталля Качанава падкрэсліла, што кіраўнік у першую чаргу павінен зрабіць усё для таго, каб забяспечыць работнікам дастойную зарплату, выкананне сацыяльных гарантый, а таксама магчымасць рэалізацыі імі свайго патэнцыялу ў выбранай прафесіі. “Упэўнена, што менавіта такім будзе стыль кіраўніцтва Алега Пачынка — новага кіраўніка вашага прадпрыемства”, — сказала яна.

Наталля Качанава падкрэсліла, што знаёма з работай ААТ “Гомельтранснафта Дружба” і ведае, што ў калектыве склаліся вельмі добрыя традыцыі, якія грунтуюцца на высокім прафесіяналізме работнікаў. “Спадзяюся, што калектыў прадпрыемства, якое з’яўляецца значным не толькі для горада і Гомельскай вобласці, але і для ўсёй рэспублікі, паспяхова справіцца з выкананнем усіх задач, якія перад ім пастаўлены”, — сказала яна.

Алега Пачынка добра ведаюць у рэгіёне, адзначыла Наталля Качанава. “Напэўна, няма неабходнасці падрабязна расказваць біяграфію новага генеральнага дырэктара. Ён жыў і працаваў увесь час тут, на Гомельшчыне. Як намеснік старшыні аблвыканкама курыраваў у тым ліку пытанні энергетыкі і транспарту. “Гомельтранснафта Дружба” якраз і ажыццяўляе паслугі па транспарціроўцы нафты, таму, упэўнена, Алег Пачынок хутка ўвойдзе ў курс спраў”, — рэзюмавала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.