Разважанне пра тое, як далучыць дзяцей да гісторыі і мастацтва
Шмат разоў пісала я пра нашы вандроўкі па мясцінах, якія абуджаюць у дзяцей гістарычную памяць. Раней яны самі мне прапаноўвалі на зімовых, вясновых канікулах: “А паедзем у Гродна, Віцебск, Оршу або Брэст! Мы хочам пазнаёміцца з гэтымі гарадамі”. Так прадаўжаліся нашы тэматычныя падарожжы “Шляхамі Напалеона Орды” паміж летнімі вялікімі маршрутамі. І вось ужо даволі даўно іх не было, гэтых маршрутаў. А напярэдадні Каляд зноў прагучала прапанова: “А ці не паехаць нам у Гродна?” Што ж, паедзем. І тут жа ўспомнілася, што хутка спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Напалеона Орды, які прысвяціў Гродна больш за 30 сваіх малюнкаў!
Хочацца падзяліцца прафесійнымі сакрэтамі, як зрабіць карысную вандроўку для дзяцей. Можа, хто і скарыстае мае парады, мой досвед.
Першы дзень вандроўкі мы бавілі ў сталіцы. Наведаліся ў БДУ, пазнаёміліся з плошчай Леніна, Чырвоным касцёлам, Галоўным паштамтам. Якраз паспелі на сустрэчу ў музей кіно. Вырашыла паказаць дзецям фільм Алега Лукашэвіча пра Напалеона Орду і, вядома ж, пазнаёміць з гісторыяй “Беларусьфільма”.
У сем гадзін раніцы наступнага дня вандроўкі мы прыбылі ў Гродна. Ідзе мокры снег…. Брыдзём па вуліцы Ажэшкі, і тут я заўважаю Дом рамёстваў аж XVIII стагоддзя. Звяртаю ўвагу маіх тынэйджараў, кажу, што ў Бабруйску такой даўніны не знойдзеш. А вось і Пакроўскі сабор. Вялікі храм па архітэктуры падобны на нашу Белую царкву (і па часе яны равеснікі), толькі большы па памерах. Не так даўно мы хадзілі па нашых храмах, складаючы буклет “Духоўныя святыні Бабруйска”. Заходзім у сабор. Дзяжурны вернік паказвае нам спіс воінаў, загінуўшых падчас Руска-японскай вайны, і тлумачыць, што храм у той час быў збудаваны з нагоды такога вялікага народнага гора.
Ідзём далей. Вось і касцёл — велічны і цёплы. 12 апосталаў вышынёй у 2,7 метра паглядалі на нас зверху. Мы стаялі на плітцы ХVIII стагоддзя, на якой стаялі і хадзілі Стэфан Баторый і Пётр Вялікі. Тут маліўся і слухаў арган Антоній Тызенгаўз і Жан Жылібер. Пра гэта нам расказаў ветлівы ксёндз пасля службы.
Побач с касцёлам, паміж ім і турмой (былым кляштарам) ёсць у Гродне прыватны музей-аптэка, месца вельмі цікавае і ўтульнае. Там для нас праводзіла экскурсію сапраўдная пані, вельмі сціплая па адзенні і манерах, але прыгажосці самай тонкай і далікатнай. Размаўляла з намі на чысцюткай беларускай мове. У аптэцы няяркае святло, мноства загадкавых рэчаў з сівой даўніны.
Спяшаемся далей, бо толькі ў аўторак у Каложы праходзіць богаслужэнне. Каложа адчынена заўсёды, але калі ідзе служба, то чуваць, як працуюць дынамікі-галаснікі ў Барыса-Глебскай Каложы, якая стаіць тут з ХІІ стагоддзя. Спяшаемся, бо нам трэба паглядзець Стары і Новы замак, спусціцца да Нёмана і зноў падняцца да Каложы. (А па дарозе яшчэ сустрэлася сінагога. Хто не ведае гродзенскую сінагогу, той не ведае самай прыгожай яўрэйскай царквы на Беларусі. Прыгажосць у сінагозе рэдкая і ўзнёслая.)
Падышлі да драўлянага Вітаўта, паглядзелі на Новы замак, які нагадаў нам палац у Нясвіжы, потым прайшлі праз браму Старога замка. У музеі першага ці другога замка не пайшлі, бо дзеці не ўспрымуць музейнай цішы і вялікага аб’ёму інфармацыі. Гуляць! Толькі гуляць па-над Нёманам, гуляць па-турысцку. Усе мае тынэйджары падняліся на высокую сцяну замкавых умацаванняў. Спусціліся ўніз, на набярэжную Нёмана. Ужо добра падмокшы, мы ўсё-такі ўскараскаліся па стромкіх камянях лесвіцы да Каложы. Зайшлі ў яе, і толькі тут я змагла, нарэшце, паказаць адну з хатніх загатовак — дзве карцінкі: малюнак Орды, дзе Каложа стаіць напалову цэлая, напалову разбураная, і сучаснае фота Сяргея Плыткевіча ў тым жа ракурсе. Прыйшлося абысці ўсю нашу старэйшую камяніцу, падлечаную дрэвам, з усіх бакоў. Колькі я ні прасіла пагладзіць гэтыя магутныя, адпаліраваныя вятрамі і снягамі-дажджамі камяні, пачытаць руны, мае дзеці толькі красамоўна паглядзелі на мяне: “Што вы, Людміла Мікалаеўна, яшчэ і дакранацца да яе ў такі холад!” А я ім пра тое, як яна (Каложа) узрушыла мяне да мурашоў па спіне, калі ўпершыню да яе дакранулася.
Далей нас чакалі ў музеі Максіма Багдановіча. 8 снежня быў юбілей нашага беларускага Васілька. Нам прапанавалі не проста экскурсію, а інтэрактыўную гульню з гарбатай. І якраз па нашым шляху мы ўбачылі такую незнаёмую Гародню ХІХ стагоддзя з шыкоўнай драўлянай забудовай! У Бабруйску вялікія кварталы падобнага, але архітэктура іншая. Заможныя гарадзенцы жылі тут. Яшчэ па дарозе на вуліцы Лермантава мы наткнуліся на вядомы прыватны музей местачковага побыту. Дзяцей прывабіла вялікая колькасць рэчаў у двары сядзібы, на сценах звычайнага драўлянага дома.
У Доме-музеі Максіма Багдановіча нас сустрэла маладая прывабная супрацоўніца Алена Осіпаўна ў вобразе (сукенка, каралі, прычоска) маці Максіма. Нам дазволілі не толькі прайсці ва ўсе пакоі, але шмат да чаго дакрануцца, пагладзіць. Паказалі шкляначкі з травамі, якія любіла збіраць маці паэта. А потым нас запрасілі на гарбату. Пасля мы гулялі ў інтэлектуальныя гульні. Было проста цудоўна.
Наступны дзень — зноў Мінск. На гэты раз пачалі з Траецкага прадмесця, рушылі да Дома Ваньковічаў. Папярэдне мы абгаварылі, што будзем там рабіць. Я шукала свае, у тэму да вызначанай мэты, мясціны, музеі, ціхія і спакойныя, без натоўпу, каб з нашай праграмы была карысць і сэнс. Спытала, ці ёсць у экспазіцыі малюнкі Орды. Мне прапанавалі заняткі — пагружэнне ў шляхецкую культуру ХІХ стагоддзя.
Я зайшла ў Дом Ваньковічаў насцярожана, з вялікай цікавасцю (раней не была ніколі). Нас напачатку прымусілі ста яць і прыгожа трымаць спіну, прымусілі прайсці праз некалькі пакояў так, як праходзілі ў часы Ваньковічаў: спачатку — спадары, юнакі, потым — спадарыні-пані, а потым — юныя паненкі. Нас пасадзілі ў маленькім пакойчыку насупраць століка, на якім стаяў камінны гадзіннік, і запрасілі пагуляць у асацыяцыі. Наша гід і настаўніца вучыла дзяцей успрымаць прыгожую рэч, разумець усе дэталі яе аздобы, адшукваць, з якой мастацкай эпохай звязана тая ці іншая дэталь, каб вызначыць, як завуць прыгажуню, што сядзіць на гадзінніку. Шмат мы папацелі, нам час ад часу загадвалі прыгожа трымаць спіну, не класці нага за нагу, успамінаць моманты свайго жыцця, якія ўваходзілі ў нашу гульню. У мяне ўвесь час было чаканне: што за ўсім гэтым хаваецца, чым скончыцца наша размова ў такім шчыльным коле? Дарэчы, да ўсіх экскурсавод звярталася на “вы”, бо ў асяроддзі нашай шляхты (а Эдвард Ваньковіч быў маршалкам менскай шляхты) пасля таго, як дзіцятка пераставала быць немаўляткам, да яго звярталіся на “вы”. Нас так і спыталі: “З якіх гадоў?” Я не змагла правільна адказаць, лічыла, што з 12-і гадоў, як па Караткевічу. Але ж не — з сямі гадоў, бо дзіцем-немаўлём чалавек быў толькі да 7 гадоў.
Калі мы з вялікай радасцю дайшлі да таго, што на камінным гадзінніку сцеражэ час багіня Флора, тады нам паказалі малюнак Орды з домам Манюшкаў ва Убелі. Гаворка ішла аб традыцыі — колькі калон павінен мець дом шляхціца згодна з яго грамадскім статусам. Ну вось яшчэ адна нагода да названай на пачатку нашай вандроўкі тэмы “Шляхамі Напалеона Орды”.
І тут я добра парадавалася. Калі раней усім маім вучням было дакладна зразумела, чым дарагі, каштоўны нам Орда, якую важкую, вельмі значную спадчыну ён пакінуў, то сёння мае вучні шчыра глядзяць на мяне са здзіўленнем, маўляў, што ж тут такога прыгожага. Вось нашы анімэшкі, нашы інстаграмы — гэта наша жыццё. А тое, што засталося на тых месцах, дзе маляваў Орда, не дае ім адчування той велічы і архітэктуры. І музычнай, і мастацкай спадчыны. Не могуць адчуць яны. І таму менавіта з такіх заняткаў трэба пачынаць пагружэнне ў шляхетнае ХІХ стагоддзе.
Пасля Дома Ваньковічаў мы рушылі ў нашу беларускую Траццякоўку — Нацыянальны мастацкі музей. Няўжо сустрэча з вялікім музеем мастацтва не ўзрушыць дзяцей? Гэта была апошняя серада месяца — уваход у Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь вольны. Я дужа баялася, што праз натоўп дзеці мае нічога не ўбачаць, што ўвогуле на трэція суткі з двума начлегамі ў плацкарце будзе занадта.
У вялікім Нацыянальным мастацкім музеі ўжо не было экскурсаводаў. Мы адпусцілі дзяцей у вольнае плаванне па ўсіх залах. Дазвалялася падыходзіць да нас з пытаннямі. У самай шыкоўнай грэчаскай зале праводзілася каляднае мерапрыемства. Тут былі пастаўлены мальберты з алоўкамі і паперай. Кожны жадаючы мог памаляваць. Я зрабіла замалёўку сваёй унучкі Люсі. Пакідаць прастору мастацтва ніхто не спяшаўся.
Які добры атрымаўся наш праект! Я ўпэўнена, што калі б наша вандроўка была надта лёгкай і простай, то лёгка і забылася б. Мы здабывалі свае веды і збіралі эмоцыі з перашкодамі. І як узнагароду ў канцы вандроўкі атрымалі падарунак — пагружэнне ў гісторыю і цудоўныя (там жа яшчэ і класічная музыка іграла!) гадзіны з класічным мастацтвам.
Цяпер праект можна працягваць будучым летнім вялікім маршрутам “Шляхамі Напалеона Орды”.
Людміла ДАБРАВОЛЬСКАЯ,
Цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Бабруйска.