Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ) вітае значныя намаганні Беларусі па прыёме больш як 160 тысяч грамадзян Украіны ў сувязі з канфліктам на паўднёвым усходзе гэтай краіны. Аб гэтым было заяўлена на сустрэчы пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Юрыя Амбразевіча з генеральным дырэктарам МАМ Вільямам Свінгам, паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
На сустрэчы абмеркавана шырокае кола пытанняў узаемадзеяння Беларусі з МАМ. Генеральны дырэктар МАМ таксама даў высокую ацэнку ролі Беларусі ў каардынацыі міжнародных намаганняў у сферы процідзеяння гандлю людзьмі. У прыватнасці, спыніўся на пазітыўным вопыце ўзаемадзеяння МАМ з беларускім бокам на пляцоўцы Міжнароднага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у сферы міграцыі і процідзеяння гандлю людзьмі Акадэміі МУС.
Пастаянны прадстаўнік Беларусі выказаў упэўненасць, што з атрыманнем МАМ з верасня 2016 года статусу арганізацыі сістэмы ААН узаемадзеянне Беларусі з ёй будзе далей умацоўвацца. Ён запэўніў Вільяма Свінга ў паслядоўнай падтрымцы Беларуссю захадаў, накіраваных на ўмацаванне патэнцыялу і аўтарытэту МАМ, якая ў снежні гэтага года адзначыць свой 65-гадовы юбілей.
Юрый Амбразевіч падкрэсліў важнасць праектаў, якія рэалізоўваюцца па лініі МАМ, накіраваных на ўмацаванне нацыянальнага патэнцыялу ў сферы міграцыі і процідзеяння гандлю людзьмі. Дыпламат адзначыў зацікаўленасць беларускага боку ў актывізацыі работы па пытаннях распрацоўкі біяметрычных дакументаў, кіравання міграцыйнымі рызыкамі, садзейнічання ў рэінтэграцыі грамадзян, садзейнічання ў добраахвотным вяртанні на радзіму іншаземцаў.